Як здароўе, вясковыя людзі?
Менавіта такія пытанні ставяць у цэнтр сваёй паўсядзённай работы прадстаўнікі медыцыны, што працуюць на тэрыторыі Людзяневіцкага сельсавета. А медыцынскую дапамогу тут хворым аказвае сетка лячэбна-прафілактычных устаноў, у якую ўваходзяць Людзяневіцкая амбулаторыя ўрача агульнай практыкі і чатыры фельчарска-акушэрскія пункты.
– Работа нашага персанала накіравана на паляпшэнне стану здароўя насельніцтва, — гаворыць загадчык амбулаторыі Эдуард Кацуба, — аказанне першаснай медыка-санітарнай дапамогі, барацьбу з п’янствам і курэннем, выкананне неабходных сацыяльных стандартаў.
Людзяневіцкая амбулаторыя абслугоў-вае насельніцтва колькасцю 2188 чалавек, у тым ліку 448 дзяцей і 91 падлетак. Аказанне медыцынскай дапамогі вядзецца згодна з гадавым комплексным планам, зацверджаным галоўным урачом установы аховы здароўя “Жыткавіцкая цэнтральная раённая бальніца” і ўзгоднена са старшынёю Людзяневіцкага сельскага Савету. Як ні прыкра, але даводзіцца канстатаваць, што ў рабоце ў гэтай сферы ёсць яшчэ свае недапрацоўкі. Калі ўкамплектаванасць кадрамі лабараторыі ў вёсцы Людзяневічы стопрацэнтная, то два фельчарска-акушэрскія пункты медыцынскіх работнікаў не маюць…
Мэтанакіраваная, зацікаўленая работа людзей у белых халатах дае свой добры плён. У мінулым 2011 годзе ўстановамі аховы здароўя на тэрыторыі Савета было прынята 13799 чалавек, у тым ліку па захворваннях — 6322. На хатах, кватэрах было зроблена 2174 наведванні, у тым ліку 975 да дзяцей.
З 2008 года праводзіцца ўсеагульная дыспансерызацыя дарослага насельніцтва. Усяго аглядам ахоплена 1649 чалавек, у тым ліку 1071 працаздольнага насельніцтва. У 2011 годзе было агледзена 1676 чалавек, у тым ліку 1201 працаздольны. Па выніках дыспансерызацыі ўпершыню было выяўлена 582 захворванні, у тым ліку 3633 працаздольнага насельніцтва. На дыспансерны ўлік былі ўзяты 52 асобы і па стану на апошні дзень 2011 года на ўліку было 728 дарослых плюс 85 дзетак.
Амбулаторыя працавала і працуе з належнай аддачай. У прыватнасці, кабінет зубнога фельчара ў мінулым годзе наведаў 2361 чалавек, у тым ліку па захворванні 1298 наведвальнікаў. У фізіятэрапеўтычным кабінеце было прынята 760 чалавек, адпушчана 11048 працэдур. На анкалогію ў акушэрскім кабінеце было абследавана 520 жанчын. Летась нарадзіліся 33 дзіцяці.
Пры Людзяневіцкай амбулаторыі функцыяніруе дзённы стацыянар на 6 ложкаў, у мінулым годзе тут было пралечана 294 чалавекі. Штомесячна пад неаслабным медыцынскім аглядам знаходзяцца ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, пад пільным кантролем і адзінокія састарэлыя грамадзяне. Своечасова, згодна загадзя распрацаванага плана, робяцца прышчэпкі дарослым і дзецям. Работа мясцовых фельчарска-акушэрскіх пунктаў наладжана ў цесным кантакце з амбулаторыяй. Да таго ж штотыднёва ажыццяўляюцца планавыя выезды работнікаў амбулаторыі на прыпісныя ФАПы. А ў вёсках такім візітам людзі заўсёлы рады. Бо хто ж пацікавіцца іх здароўем у першую чаргу, як не клапатлівыя прадстаўнікі мясцовай медыцыны, прафесіяналы сваёй справы і проста чулыя, добразычлівыя людзі.