Каб мова наша скрозь гучала
Сустрэчу з беларускімі пісьменнікамі для сваіх чытачоў — аматараў слова — ладзіла днямі цэнтральная раённая бібліятэка. Па яе запрашэнні ў Жыткавічы прыехалі вядомыя ў айчыннай літаратуры людзі — паэты Леанід Дранько-Майсюк і Эдуард Акулін.
На працягу амаль двух гадзін яны знаёмілі прысутных са сваёй творчасцю, чыталі ўласныя вершы, разважалі пра філасофію жыцця. Госці таксама прэзентавалі прысутным новы літаратурны часопіс “Верасень” (выйшла ў свет 6 яго нумароў). У ім друкуюцца пераважна маладыя айчынныя аўтары. Рэдагуе выданне Эдуард Акулін.
Гэты тандэм аб’ездзіў усю Беларусь. Такіх сустрэч у багажы літаратурных пілігрымаў ужо набярэцца больш за паўтысячы. Аўтары перакананыя, што ў людзях неабходна абуджаць нацыянальную свядомасць, выхоўваць любоў да сваёй культурнай спадчыны і роднай мовы.
— Гэта дае натхненне на жыццё і творчасць, — падкрэсліў Э. Акулін. — Падчас такіх вандровак мы бачым, што наша праца і намаганні не дарэмныя, мы патрэбныя людзям.
Падтрымаў калегу і Л. Дранько-Майсюк, адзначыўшы, што жыткавіцкі край – гэта сэрца Палесся. Тут жывуць працавітыя людзі, якія шануюць кнігу, беларускую кнігу, шануюць пісьменніка як сацыяльную з’яву, і гэта выдатна.
Прасякнутыя лірызмам апты-містычныя вершы Л. Дранько-Майсюка (дарэчы, ён амаль наш зямляк, ураджэнец недалёкага Давыд-Гарадка) не абыйшлі ўвагаю кампазітары. Напрыклад, “Полька беларуская” стала візітнай карткай ансамбля “Сябры”. А Э.Акулін — малая радзіма яго г. Ветка — з’яўляецца бардам. Пад уласны акампанемент гітары выдатна выконвае аўтарскія песні, якіх ужо назбіралася на асобны дыск. Самыя любімыя свае творы ён прэзентаваў і Жыткавіцкай публіцы.
На памяць аб сустрэчы нашыя паэты пакінулі не толькі свае аўтографы, бібліятэка атрымала ў падарунак і шэраг кніг беларускіх пісьменнікаў.
— Мы вельмі ўдзячныя нашым літаратарам за такую цудоўную сустрэчу, — адзначыла дырэктар ЦБС Людміла Кронда. — Спадзяемся, што яна будзе не апошняй. Мы плануем і далей, што называецца з першых вуснаў, знаёміць сваіх чытачоў з творчай дзейнасцю сучасных беларускіх пісьменнікаў. Упэўнена, што мерапрыемствы Года кнігі будуць садзейнічаць папулярызацыі айчыннай літаратуры, павысяць цікавасць чытачоў да нашых пісьменнікаў.
Варта дадаць, што перш чым прыйсці ў бібліятэку, Л. Дранько-Майсюк і Э. Акулін наведалі Жыткавіцкую сярэднюю школу №1 і гімназію, дзе сустрэліся з педагогамі і вучнямі, з задавальненнем азнаёміліся з экспазіцыяй музея нашага пісьменніка-земляка М. Гамолкі і мемарыяльнага пакоя ў гонар воінаў-інтэрнацыяналістаў. Яны запрасілі моладзь, якая мае літаратурныя здольнасці, да супрацоўніцтва ў часопісе “Верасень”.