Давер трымаецца на аўтарытэце
У вёсцы Дзедаўка Валянціна Шырай – чалавек аўтарытэтны. Цэняць яе жыхары не толькі за высокі прафесіяналізм (працуе Валянціна васільеўна загадчыкам мясцовага ФАПа), але за актыўную грамадзянскую пазіцыю вось ужо некалькі гадоў запар жанчына з’яўляецца ў сваім населеным пункце даверанай асобай Людзяневіцкага сельвыканкама. А яшчэ жыхары суседніх вёсак Калінаўка і Загорбашша абралі яе дэпутатам мясцовага сельсавета.
Валянціна Васільеўна заўсёды імкнулася дапамагаць людзям. Таму і абрала прафесію медыка. Пасля заканчэння медвучылішча па размеркаванню і апынулася ў Дзедаўцы. Тут больш чым за два дзясяткі гадоў і абжылася. Яшчэ маладым спецыялістам Валянціна дакладна ведала, што паважаюць на вёсцы заўсёды людзей працавітых і ветлівых. І гэтай павагі дамаглася сваёй працай і стараннем. Не раз даводзілася па першаму выкліку спяшацца да хворых вяскоўцаў, незважаючы ні на надвор’е, ні на час сутак. Па сведчанні ж народнай прымаўкі, як ты адносішся да людзей, так і яны будуць адносіцца да цябе. У хуткім часе Валянціну Васільеўну мясцовыя жыхары лічылі ўжо сваёй, хаця яе радзіма знаходзіцца за сотню кіламетраў ад Дзедаўкі.
Так сталася, што не толькі свае прафесійныя абавязкі прыходзілася выконваць фельчару, але і нейкія даручэнні сельсавета. Яго старшыня Юрый Волчык не аднойчы звяртаўся да Валянціны Васільеўны за дапамогай. Імпанавалі яму такія якасці жанчыны: яе ўменне знайсці агульную мову з людзьмі, ініцыятыўнасць, жаданне нешта зрабіць на карысць грамадскасці. Таму і прапанаваў стаць даверанай асобай сельсавета ў Дзедаўцы. Валянціна васільеўна пагадзілася. Як яна лічыць, гэтая грамадская пасада таксама дазваляе дапамагаць людзям, рабіць іх жыццё намнога лепшым. Вось з гэтым перакананнем і ўзялася за справу.
Праблем у вяскоўцаў нямала. З імі яны і пачалі кіравацца да Валянціны Васільеўны. Нехта з жанчын звярнуўся да яе, каб сельсавет дапамог паставіць на шлях праведны мужа, які вядзе асацыяльны лад жыцця. Уладальнікі кароў звярнуліся, каб наладзілі асемяненне жывёлы. І многія іншыя пытанні прыйшлося вырашаць.
Бясспрэчна, што даверанай асобе даводзіцца вырашаць немалую колькасць і задач, што ставяцца перад жыхарамі вёсак і сельскай уладай. Гэта патрабуе кансалідацыі ўсіх вясковых сіл. І Валянціна Васільеўна ў дзедаўцы паспяхова справілася з гэтай задачай. Арганізавала сярод жыхароў населенага пункта збор сродкаў на ўстаноўку новых агароджаў па вуліцах. Гэтак жа сумеснымі намаганнямі агарадзілі людзі і грамадскія могілкі. І ініцыятарам усіх спраў стала Валянціна Васільеўна. Цяпер у планах даверанай асобы Савета закончыць гэтую справу. Зразумела, што працаваць з людзьмі – не вельмі лёгка. Але недзе сваім аўтарытэтам, недзе ўгаворамі дамагалася свайго. Таму выходзілі людзі і на суботнікі, здавалі грошы, каб зрабіць свой населены пункт прыгожым.
Падкрэслім у характары Валянціны Шырай і яшчэ адну станоўчую рысу. Уздымаючы насельніцтва на агульнакарысную справу, яна найперш імкнецца зацікавіць іх уласным прыкладам. Менавіта таму заўсёды пануюць чысціня і парадак ля ўстановы, дзе працуе жанчына, а таксама ля яе дома. Вось і так званыя малыя архітэктурныя формы з’явіліся ў Дзедаўцы першымі на падворку Валянціны Васільеўны. Цяпер гэты пачын падхапілі многія вяскоўцы. Вось так і працуе давераная асоба сельсавета Валянціна Шырай. І вынік гэтай грамадскай работы з кожным годам усё становіцца важэйшым і важэйшым.