Смех не грэх
У актавай зале гарадскога цэнтра культуры ў мінулую пятніцу не было ні аднаго вольнага месца. Аншлаг стварылі вучні школ, якія прыйшлі падтрымаць каманды сваіх устаноў у раённым конкурсе школьнай лігі КВЗ. Сёлетняе змаганне вясёлых і знаходлівых было даволі прадстаўнічым. Непасрэдны ўдзел у ім прынялі восем каманд са школ райцэнтра, Турава і раёна.
У нашым уяўленні гульня КВЗ – гэта найперш гумар, смех, радасць і весялосць, а таксама мноства музыкі, спеваў і танцаў. Недарэмна ж і тэма гульні была адпаведнай: “З усмешкай у будучыню”. Менавіта на відовішчнасць і разлічвалі гледачы, а таксама на знаходлівасць каманд-выступоўцаў. Першы ж конкурс “візітоўка” паказаў, што не ўсё выдатна ў каманд з жартамі. Здаецца, рабілі ўсё: і спявалі, і танцавалі, і мініяцюры паказвалі, але не хапала ў гэтых выступленнях нечага, што было б па-сапраўднаму завесці сваіх заўзятараў. Магчыма, большасць жартаў, перанята рабятамі з дарослых гульняў КВЗ, або перакладзена з старых анекдотаў, таму ў выкананні школьнікаў смяшыла мала. як ні стараліся каманды, але вельмі рэдка зала ўзрывалася выбухамі смеху. Часам, рэплікі гледачоў большай весялосці надавалі, чым жарты гульцоў. Не парадаваў і другі конкурс “размінка”, дзе рабяты задавалі і адказвалі на пытанні. Таму і не дзіўна, што адзнакі членаў журы былі невысокімі.
Завяршылася мерапрыемства музычным конкурсам. Спявалі каманды нядрэнна, але ж зацягнутасць выступленняў стамляла.
Нягледзячы на не надта добрае выступленне каманд, самыя стойкія заўзятары засталіся і дачакаліся цырымоніі ўзнагароджвання. Першай у сёлетнім змаганні вясёлых і знаходлівых стала каманда з сярэдняй школы № 2 горада Турава “Без тармазоў”. Яны і заваявалі галоўны прыз і кубак. Другое і трэцяе месцы заваявалі адпаведна каманды сярэдніх школ №№3 і 2 райцэнтра “Дынама” і “Нон-стоп”. Уручаны прызы і прызёрам, а таксама суцяшальныя тым камандам, якія не здолелі выйсці ў лідары. Іх прадаставіў райкам грамадскага аб’яднання БРСМ. Гульнявы сезон для школьных каманд КВЗ на гэтым закончыўся, а вось рабят з Тураўскай СШ №2 яшчэ чакае гульня ў абласным туры каманд клуба вясёлых і знаходлівых. Што ж, поспеху ім.