Прыбавілі марохараўскія жывёлаводы
Амаль дваццаць кілаграмаў малака ад каровы надойваюць у гэтыя дні працаўнікі марохараўскай малочнатаварнай фермы, якая належыць КСУПу “Марохараўскі”.
Нядрэнны паказчык па гэтай ферме і па продажу малака перапрацоўшчыкам. Таварнасць складае на цяперашні час 89 працэнтаў. Варта адзначыць, што ўся малочная галіна гаспадаркі з пачатку бягучага года прыбавіла па многіх пазіцыях. Так, надой ад адной каровы павялічаны на 2,3 кілаграма ў параўнанні з леташнім перыядам. Цяпер сярэднясутачны надой на грамадскіх фермах складае 12,7 кілаграма ад каровы. Продаж малака павялічыўся на 129 працэнтаў. Палепшыліся справы ў КСУПе з вытворчасцю малака найперш за кошт удасканалення ўсіх тэхналагічных працэсаў.