Лідар па-праву
Часам значных працоўных здабыткаў стаў 2011 год для калектыва камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Бялёў”.
Як сведчаць вытворчыя і эканамічныя паказчыкі, поспех мясцовым працаўнікам спадарожнічаў практычна ва ўсім. Так, рост аб’ёмаў вытворчасці склаў 114,4 працэнта, рэнтабельнасці прадаж – 16,1 працэнта, валавой дабаўленай вартасці – 148,5 працэнта. Паказчык па энергазберажэнню атрымалі – 30,7. Зразумела, што за ўсімі гэтымі лічбамі — старанне і працавітасць хлебаробаў, жывёлаводаў, паляводаў, спецыялістаў і кіраўніцтва гаспадаркі. І на палетках, і на фермах прыкладзена імі належнае старанне. Напрыклад, парадаваў летась калектыў сельгаспрадпрыемства збожжавы палетак. З кожнага гектара атрымана 39 цэнтнераў зерня. Агульны намалот дасягнуты ў памеры 1500 тон, што на 30 працэнтаў больш, чым пазалетась. Вынікова працавалі на жніве Мікалай Чэркас, Генадзь Галавач, Віталь Чмыхун, Уладзімір Макарэвіч, Анатоль Яцкевіч, Уладзімір Руды і іншыя. Па эфектыўнасці працы на збожжавым палетку работнікі гаспадаркі сталі лідарамі ў раёне.
Не падвялі і жывёлаводы. Ад кожнай грамадскай каровы аператары машыннага даення гаспадаркі надаілі па 5448 кілаграмаў малака. Хаця планавалі выйсці па надою на 5300 кілаграмаў. 727 грамаў атрымалі і сярэднясутачныя прывагі па вырошчванні жывёлы. Больш за сярэднегаспадарчыя паказчыкі маюць вынікі такія жывёлаводы як Ірына Рубіс, Жанна Матох, Галіна Рагалевіч, Галіна Чарнагалова, Наталля Савіч.
Нямала ў гаспадарцы зроблена і па рэканструкцыі памяшканняў ферм, што дазваляе нарошчваць пагалоўе жывёлы, а таксама вырошчваць згодна з усімі тэхналагічнымі патрабаваннямі дойных кароў.
Увогуле, малако для КСУПа «Бялёў» з’яўляецца стратэгічнай прадукцыяй. У агульным аб’ёме выручкі ад рэалізацыі малака сельгаспрадпрыемства атрымлівае 62 працэнты грашовых паступленняў. Ды і саракапрацэнтная рэнтабельнасць малака — таксама прамое сведчанне, наколькі важная малочная вытворчасць для КСУПа.
Год толькі распачаўся. Але клопатаў у працаўнікоў сельгаспрадпрыемства “Бялёў” хапае. Трэба рыхтавацца да пасяўной. На грамадскіх фермах у самым разгары перыяд стойлавага ўтрымання статка. Адным словам, расслабляцца няма часу. Не ў правілах гэта мясцовых працаўнікоў, бо за кожную справу яны бяруцца грунтоўна, з належным стараннем.