За бацькам — сын

Стаць афіцэрам Мікалай Акунец марыў з дзяцінства. І дасягнуў пастаўленай мэты: амаль дваццаць дзевяць гадоў свайго жыцця Мікалай Барысавіч прысвяціў прафесіі абаронцы Айчыны.


Яго радзіма — вёска Бялёў. Бацькі Мікалая мелі самыя мірныя спецыяльнасці: Барыс Фёдаравіч працаваў шафёрам у мясцовай гаспадарцы, а маці Валянціна Якаўлеўна – настаўніцай.


Жаданне стаць вайскоўцам у хлопца ўзнікла, калі першы раз апынуўся ў райваенкамаце, дзе неабходна было прайсці мерапрыемствы прыпіскі.


— Пасля ўсіх спраў сабраў нас, чатырнаццацігадовых хлопцаў, маёр авіяцыі, які працаваў у ваенкамаце. Ён так цікава расказваў пра службу ў арміі, што многім з нас захацелася звязаць сваё жыццё з войскам, — гаворыць Мікалай Барысавіч. — Тады гэтая прафарыентацыйная гутарка і стала вызначальнай, якую прафесію мне набываць. Пачаў рыхтавацца да паступлення ў ваеннае вучылішча.


…Пасля апошняга школьнага званка Мікалай Акунец накіраваўся ажыццяўляць сваю мару. Паехаў у Калінінград паступаць у ваеннае авіяцыйна-тэхнічнае вучылішча. Абраў гэтую ўстанову таму, што там ужо навучаліся старэйшыя хлопцы з яго вёскі. Яны дапамаглі свайму земляку ўладкавацца ў вялікім горадзе. І зараз Мікалай Барысавіч удзячны ім за гэта. Невядома, як бы ўсё склалася, калі б не было такой моцнай зямляцкай падтрымкі. Экзамены Акунец здаў паспяхова і стаў курсантам першага курса ваеннай навучальнай установы.


— Вучыцца было вельмі цікава. Спрыяў гэтаму і сам горад: ўражанняў у вясковага хлопца ён пакінуў мноства. Балтыйскае мора, вялізныя караблі, порт – ці пабачыў бы гэта калі, — успамінае цяпер Мікалай Барысавіч. – Ды і паважалі нас, курсантаў, тады, як і ўвогуле ўсіх афіцэраў-вайскоўцаў. Прэстыж прафесіі быў надзвычай вялікім. Таму стараліся гэты гонар не запляміць нейкім непрывабным учынкам, асвойвалі старанна абраныя спецыяльнасці, каб быць сапраўднымі прафесіяналамі.


У гэтым Мікалай Акунец пастараўся. Пасля заканчэння ваеннага вучылішча яго накіравалі на службу ў Кіеўскую ваенную акругу, Чарнігаўскае ваеннае авіяцыйнае вучылішча. Там Мікалай Барысавіч служыць у тэхніка-эксплуатацыйнай часці. На маладога лейтэнанта была ўскладзена даволі адказная задача: рыхтаваць радыёэлектроннае і радыёнавігацыйнае абсталяванне на самалётах, на якіх вучыліся лятаць курсанты навучальнай установы. Тры гады Акунец служыў у Чарнігаве, пасля чаго яго перавялі ў Васількоўскае ваеннае авіяцыйнае вучылішча. Там ён — камандзір узвода курсантаў. Тут даслужыўся да камандзіра курсантскай роты. Варта адзначыць і той факт, што нялёгкую спецыяльнасць авіятара Мікалай Барысавіч дапамагаў асвойваць курсантам з Туркменістана. У той час распаўся Савецкі Саюз, і кожная рэспубліка старалася падрыхтаваць афіцэрскія кадры для ўласных войскаў. Вось і Мікалаю Барысавічу прыйшлося паўдзельнічаць у гэтым працэсе.


1999 год стаў у пэўнай ступені вызначальным для далейшай службовай кар’еры Мікалая Барысавіча. Ён перавёўся ў Жыткавічы, дзе паступіў на службу ў раённы ваенны камісарыят начальнікам аддзялення прызыву. За прайшоўшыя гады ён даслужыўся да кіраўніка гэтай ваеннай установы раёна. Многім юнакам-жыткаўчанам Мікалай Барысавіч дапамог пракласці прафесійную дарогу ў жыцці. Дзякуючы прафарыентацыйнай рабоце, праводзімай ім, яны сталі афіцэрамі. Дарэчы, па бацькавай сцяжыне пайшоў і яго сын Мікалай, які стаў курсантам ваеннай акадэміі. Цяпер ён ужо на другім курсе авіяцыйнага факультэта. Па словах бацькі, сын не расчараваўся ў выбары, а пасля практыкі, калі першы раз узняўся на планеры ў неба, жаданне быць афіцэрам у хлопца яшчэ больш акрэпла. І гэта радуе бацькоў, бо заўсёды лепш атрымліваецца ў прафесійнай кар’еры, калі справа абрана па душы. І бацька, і сын Акунцы зрабілі гэта, таму быць абаронцам Айчыны для іх — сэнс жыцця і вялікі гонар. Варта адзначыць, што Мікалай Барысавіч заўсёды акцэнтуе на гэтым увагу юнакоў, якія штогод ідуць на службу ў армію.


Сяргей Белка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.