Шчаслівы білет… з Афганістана

Афган, афганцы… Душманы, маджахеды, шураві… Кабул і Кандагар, Саланг і Герат… 1979 год – увод савецкіх войск у Афганістан, 1989 год – вывад абмежаванага кантынгента з Афганістана,15 лютага – Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Нашумеўшая кніга Святланы Алексіевіч “Цынкавыя хлопчыкі”, коп’і вакол якой ламаюць і зараз…


Дваццаць гадоў ужо няма Савецкага Саюза, вернымі салдатамі якога былі афганцы. Ды і сама тая неаб’яўленая вайна ўжо не ўспрымаецца так востра, як раней. Пра яе зараз часта здымаюць гульневыя фільмы па галівудскіх лякалах. І ўжо не гавораць чыноўнікі ці проста нядобразычлівыя людзі інвалідам-афганцам у вочы ці ў спіну злоснае: “Мы вас туды не пасылалі”… Ды няма ўжо ў жывых многіх з тых як чыноўнікаў, так і афганцаў… Толькі ў тых, што застаюцца жыць, памяць не адняць.


Вось так і яму калі-нікалі прысніцца ў сне яго Афганістан: і толькі адарваўшы галаву ад падушкі, зноў шчасліва вернецца з таго пекла ў мірнае жыццё і радасна ўсвядоміць усёй душой і целам: я ж дома, я жывы…


Хіба мог некалі ў дзяцінстве падумаць ці прысніць Ігар, які нарадзіўся ў маляўнічым пасёлку Азёрны, што будзе на ўласныя вочы не толькі бачыць далёкі, гарысты Афганістан, але паўтара года жыць і ваяваць у скалах і далінах гэтай краіны. Мірнае, цікавае, па-свойму захапляючае жыццё ішло ў яго сваім ходам, як і ў многіх другіх падлеткаў. Закончыў 8 класаў Юркевіцкай сярэдняй школы і стаў затым вучыцца ў Буда-Кашалёўскім саўгасе-тэхнікуме. Яго профіль вучобы – механізацыя сельскай гаспадаркі. Юнак мог здатна вадзіць як трактар, так і аўтамабіль, што вельмі прыдасца яму ў далейшым жыцці. Да таго ж тэарэтычныя веды пасля таго, як атрымаў дыплом, добра замацаваў на далейшай рабоце, працуючы механікам на радзіме, у вядомым на ўсю Беларусь доследным рыбгасе “Белае”.


На пачатку кастрычніка 1985 года Ігара Жураўлёва паклікала да сябе армейская труба — атрыманая з Жыткавіцкага ваенкамата позва нагадала яму разам з другімі равеснікамі аб тым, што ёсць у юнакоў такая прафесія – Радзіму абараняць. Альбо пачэсна выканаць свой інтэрнацыянальны абавязак у суседняй з намі міралюбівай дзяржаве. Вайна ў Афганістане тады ішла ва ўсю моц, святла ў канцы тунэля яшчэ не было відаць, з паўднёвай краіны ў Савецкі Саюз адзін за другім ляцелі магутныя самалёты са шматлікімі трунамі ў сваім ненажэрным чэраве, таму, не сакрэт: хлопцы ішлі служыць з невясёлымі думкамі…


Надзеі аб спакойнай, міралюбівай службе ў межах сваёй краіны цалкам адпалі, калі цягнік з Гомеля доўгія дні і ночы вёз іх у далёкую Фергану, што ва Узбекістане. Ігар разам са сваімі шматлікімі землякамі-беларусамі трапіў ва ўчэбны цэнтр ваенна-паветраных войск, які размяшчаўся ў 12 кіламетрах ад Ферганы. Пра тое, дзе яны будуць служыць далей, красамоўна сведчыў шырокі плакат на бачным месцы іхняй часці: “Месца службы – Афганістан”.


Пачалася строгая, суровая паветрана-дэсантная падрыхтоўка. Па сувораўскаму прынцыпу: цяжка ў вучэнні – лёгка ў баі. Зрэшты, ён, гэты прынцып, у далейшым вельмі апраўдваў сябе, захаваў жыцці многім афганцам, бо выжывалі ў першую чаргу самыя дужыя, лоўкія, цярплівыя і ўмелыя. Хаця далёка не так усё было ў рэальным жыццё і надзвычай часта ўсё вырашалі абставіны, выпадак, лёс…


Затым была спецпадрыхтоўка. Ігар Жураўлёў трапіў у аўтабат. Тады толькі пачалі ўваходзіць у жыццё дызельныя рухавікі, таму і перавучвалі навабранцаў-аўтамабілістаў менавіта ў гэтым накірунку.


…І вось служба ў вучэбцы завершана. У красавіку 1986 года самалёт дастаўляе іх па курсу Фергана-Кабул. Ігар трапляе служыць у 317-ы гвардзейскі ордэна Аляксандра Неўскага парашутна-дэсантны полк 103-й Віцебскай дывізіі вадзіцелем аўтамабіля “Урал” роты матэрыяльнага забеспячэння.


— Я хадзіў у 142-й калоне, — нібы гартае тыя вогненныя старонкі сваёй афганскай біяграфіі Ігар Аляксандравіч. — Дастаўлялі боепрыпасы для артпалкоў, забяспечвалі заставы прадуктамі харчавання, вуглём, дровамі, будаўнічымі матэрыяламі. За службу толькі дзесьці тры месяцы пражыў у роце, а астатні час прыпадаў на дарогі. Аднойчы 24 суткі мяне не бачылі ў вайскавой часці, а толькі ў армейскай калоне.


Дарогі, афганскія дарогі… Пакручастыя, нязведаныя, трывожныя. На іх за кожным паваротам цябе і тваіх сяброў-таварышаў магла чакаць засада. І ні адзін марш не абходзіўся без нападаў маджахедаў. Тады надзея заставалася на радыёсувязь, па якой можна было аператыўна выклікаць на дапамогу тыя ж “вяртушкі” — верталёты, бо са сваім боекамплектам іх калона магла супрацьстаяць душманам усяго на працягу гадзіны.


У адным з баёў старшы сяржант Ігар Жураўлёў выцягнуў з-пад абстрэлу, які доўжыўся паўгадзіны, свайго земляка-беларуса, родам з Ельска нашай Гомельскай вобласці, у якога была прастрэлена нага. У Маскву пайшоў узнагародны ліст і ў маі 1987 года ва ўрачыстай абстаноўцы перад сваім палком ён быў узнагароджаны медалём “За баявыя заслугі”. Дарэчы, іх самая вялікая калона перавезла больш другіх грузаў самага рознага прызначэння і панесла самыя мінімальныя страты, чым, безумоўна, не маглі не ганарыцца іх камандзіры…


Тры “Уралы” памяняў Ігар за паўтара года сваёй афганскай эпапеі. Адзін згарэў дашчэнту, пагарэлі ўсе яго дакументы, якія затым давялося ўзнаўляць. Дублікатам з’яўляецца і зараз ваенны білет.


А якія сны сніліся пра Беларусь, пра родныя мясціны і родных людзей! Так моцна хацелася дадому, такая невыносная гэта была настальгія! Добра, што спраўна працавала пошта — пісьмы былі тою адзінаю нітачкаю, што лучыла кожнага з родным краем.


А яшчэ па-свойму запала яму ў душу адметная афганская прырода. Безліч яркіх цюльпанаў і макаў у далінах. Субтрапічны клімат пад Джалалабадам у сакавіку – гэта райскі куточак аазісу. Глядзеў ён на гэтую прыгажосць і міжволі думаў: “Каму трэба гэтая вайна? Навошта мы забіваем адзін другога?”


У снежні 1987 года намеснік камандзіра ўзвода, старшы сяржант Ігар Аляксандравіч Жураўлёў вярнуўся з далёкіх краёў дадому. Жывы і здаровы. Родны дзядзька, акінуўшы поглядам зграбную, ладную постаць дэсантніка, так і сказаў: “Ты выцягнуў шчаслівы білет”.


Ажаніўся, займеў дзяцей. Спачатку працаваў на ЖМЗ, зараз ужо доўгі час шчыруе кабельшчыкам-спайшчыкам на раённым вузле электрасувязі. І шчасліва радуецца кожнаму пражытаму пад мірным небам дню.


Сяргей КУЛАКЕВІЧ. Фота Аляксандра КІЦУРЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.