ПЛЁН ГАСПАДАРЧАГА СТАРАННЯ

Уласная гаспадарка дапамагла сям’ і Юранковых з аграгарадка Бялёў вывучыць у ВНУ сваю дачку.


Дбайнасць Галіны Рыгораўны і Васіля Васільевіча кідаецца ў вочы адразу, калі пад’язджаеш да іх сядзібы: чысціня вакол, новая агароджа з металапрофілю, якую ўстанавіў уласнаручна сам гаспадар, дагледжаны дом, ды розныя іншыя пабудовы, што раскінуліся на шырокім двары. У апошніх і размяшчаецца ўся немалая хатняя жыўнасць Юранковых. Гэта дзве каровы, некалькі парсюкоў, ды мноства рознага птаства.


Працоўны дзень у гэтай сям’і распачынаецца рана. Яшчэ і шасці раніцы няма, а гаспадыня ўжо працуе на падворку. Спяшаецца падаіць сваіх каровак. Яны ў Юранковых высокаўдойныя і па сённяшнім часе прыносяць немалую выручку ў сямейны бюджэт. Ужо не адзін год Галіна Рыгораўна лічыцца адной з самых актыўных малаказдатчыц у аграгарадку. Напрыклад, за мінулы год прадала больш сямі тон лішкаў малака са свайго падворка. Больш пяцідзесяці літраў за два дні таксама пастаўляюць яны малаказборшчыку і ў гэтыя зімовыя дні. Гэта сведчыць аб адным, што летам не ленаваліся гаспадары і назапасілі дастаткова сена і іншых кармоў. Таму маюць кароўкі паўнацэнны сытны рацыён і радуюць гаспадароў высокімі надоямі.


Яшчэ жонка не паспее падаіць каровак, як прымаецца за справу і сам гаспадар. У яго свой клопат – накарміць і напаіць жывёлу. Так і сустракаюць світанак.


— Канечне, папрацаваць даводзіцца нямала, але ж і аддача адпаведная маецца, — кажа Васіль Васільевіч. — Сёння малако даволі выгадна прадаваць. Ды і ўмовы яго збору ў населеным пункце палепшыліся. Каб з кармамі лягчэйшай была сітуацыя, можна і трэцюю карову заводзіць на падворку. Гаспадарка выдзяляе сенакос, нават і скосяць за пэўную плату, але якаснага корму з яго не возьмеш. Траву пераросшую косяць. Таму, каб мець вялікае малако, прыходзіцца выкашваць па канавах, калі траўка яшчэ маладая. І так на кожную рагулю па тры тоны назапашваю. На большае сіл і часу не стае.


Клопат пра кармы для жывёлы – справа ўсеагульная. Вырашаюць гэтую праблему сумесна і бацькі, і дзеці. Разам шчыруюць не толькі на сенакосе, але і на агародзе, прысядзібным участку, які налічвае некалькі дзясяткаў сотак.


Парадак пануе не толькі на падворку Юранковых. Бачна гаспадарлівасць і ў хаце. І тут нямала пашчыравалі муж і жонка.


— Практычна ўсе клопаты па дому ляжаць на плячах мужа, — адзначае Галіна Рыгораўна. — Пакуль я на працы, ён не толькі ўправіцца па гаспадарцы, але і абед згатуе. Вельмі смачныя выходзяць з яго рук галубцы і рыбная юшка. А яшчэ штодня муж частуе мяне рознай выпечкай, тарты пячэ — пальчыкі абліжаш. Гэта яго, так бы мовіць, захапленне.


Мае сваё хобі і жонка, якая працуе сацыяльным работнікам у аграгарадку. Па вечарах, калі ўсе справы закончаны, яна спяшаецца ў сельскі клуб, дзе ўдзельнічае ў мастацкай самадзейнасці.


І Галіна, і Васіль — выхадцы з вёскі. Таму змалку прывучаны да сялянскай працы. І не ўяўляюць сабе, як можна жыць у сельскай мясцовасці і купляць прадукты харчавання ў магазіне. Другая кароўка на іх падворку пасялілася менавіта зыходзячы з гэтага пераканання.


— Наша першая рагуля сур’ёзна захварэла. Думалі не выратуем, таму купілі ёй на замену іншую. Але ўсё абышлося, і ў нас стала дзве кароўкі, — расказвае гаспадыня. — Цяпер аб тым не шкадуем. Усё ж прыносяць кароўкі стабільны даход, на які і жывем.


На жаль, такіх гаспадарлівых сялян як Юранковы ўсё меншае ў нашых вёсках. Але радуе, што менавіта такія як Васіль і Галіна не дазваляюць разваліцца таму традыцыйнаму ўкладу жыцця, які панаваў у сельскай мясцовасці многія стагоддзі. І самым важным у ім ва ўсе часы былі працавітасць і гаспадарлівасць.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.