Мороз і сонца — дзень цудоўны

Такім дарункам прыроды скарысталіся ў мінулую суботу прадстаўнікі кіраўнічага корпусу нашага раёна, якія дружна прынялі ўдзел у лыжных гонках.


Удзельнікаў спаборніцтваў перад пачаткам стартаў урачыста прывітаў старшыня райвыканкама Мікалай Какора, які пажадаў усім перамог, а каму не пашчасціць узысці на п’едэстал гонару, не расчароўвацца, а проста парадавацца, што ўдалося паўдзельнічаць у такім добрым і карысным свяце.


На агульным пастраенні начальнік аддзела па спорту, турызму і фізічнай культуры райвыканкама Уладзімір Саўчыц, а таксама галоўны суддзя спаборніцтваў Леанід Макарэвіч падрабязна расказалі кіраўнікам пра маршрут будучых стартаў, пра парадак іх правядзення. Пасля выканання Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь урачыста абвяшчаецца аб адкрыцці лыжных гонак. А на старт запрашаюцца першыя лыжнікі.


… Стрэлкі секундамера ў руках суддзі адлічылі першыя секунды, і спартсмены-кіраўнікі, не марудзячы, пайшлі адзін за другім па пракладзенай трасе пад прыхільныя воклічы калег, а таксама гледачоў. Дарэчы, апошніх прыйшло некалькі дзесяткаў, каб падзівіцца на спаборніцтвы. Час ляціць імгненна – і вось ужо ёсць першыя вынікі лыжнай гонкі. Адзін за другім фінішуюць яе ўдзельнікі. Вынікі, па азначэнні Уладзіміра Іванавіча, даволі шчыльныя. На старт жа выходзяць усё новыя і новыя лыжнікі. Усяго было праведзена ў розных узроставых катэгорыях сем гонак. Мужчыны і жанчыны ў залежнасці ад узросту прабягалі дыстанцыі ў адзін або два кіламетры. Кожны гоншчык выбіраў хуткасць праходжання дыстанцыі ў залежнасці ад сваіх магчымасцей, але ўсе ставілі перад сабой адну мэту: дайсці да фінішу. І колькі радасці было на тварах людзей, калі яны перасякалі гэтую запаветную лінію. Эмоцыі, так бы мовіць, білі праз край. Вось што адзначыў дырэктар камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Дзякавічы” Мікалай Кудзелька, з якім давялося пагутарыць адразу пасля гонкі:


— Мне вельмі спадабалася такая разрадка. Не так і часта кіраўніку сельгаспрадпрыемства выдаецца вольная хвіліна, як правесці ў такой нефармальнай абстаноўцы з кіраўнікамі-калегамі асабісты час, пасапернічаць у бегу на лыжах, проста паразмаўляць. Лічу, тут не столькі важны вынік, як удзел. Канечне, прыемна, што нават без папярэдніх трэніровак не сышоў з дыстанцыі. Хаця люблю пракатацца на лыжах ад сваёй вёскі да возера Чырвонае. Адным словам, на гэтых спаборніцтвах адпачыў вельмі добра.


Уладзімір Гулюта, намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва, таксама быў у захапленні ад прайшоўшага свята. Дарэчы, ён вельмі ўдала прайшоў усю дыстанцыю, хаця і стартаваў адным з апошніх у сваім заездзе, але па ходу гонкі абагнаў не аднаго саперніка, таму мог разлічваць на месца на п’едэстале.


— Магчымасці ў кожнага розныя. Я, напрыклад, напярэдадні стартаў крыху патрэніраваўся. Але важна іншае, што лыжныя гонкі сярод кіраўнікоў становяцца традыцыяй, што да іх рыхтуюцца. Многія кіраўнікі на спаборніцтвы прыходзяць з добрымі лыжамі, экіпіроўкай, трэніруюцца. А яшчэ, калі такое цудоўнае марознае сонечнае надвор’е. Усё спрыяе добраму адпачынку, таму і прыходзяць многія кіраўнікі са сваімі дзецьмі.


Не прапусціла магчымасці далучыцца да здаровага ладу жыцця і намеснік дырэктара ДПТВ -182 Таццяна Маразенка. Другі раз яна ўжо прымае ўдзел у раённых гонках на лыжах сярод кіраўнікоў. І не расчароўваецца.


— Мароз! Сонца! Скрыпучы снег! Гаючае паветра! Што яшчэ патрэбна болей для здароўя, — узрушана пасля прайшоўшай дыстанцыі кажа Таццяна.


У той дзень у кожнага ўдзельніка лыжні, а пасапернічалі ў ёй 65 чалавек, з якіх 51 кіраўнік арганізацый і ўстаноў, прадпрыемстваў і органаў улады з усяго раёна, было столькі ж станоўчых эмоцый.


Апошні старт. Яго праходзяць самыя маладыя кіраўнікі-мужчыны, якім толькі крыху за дваццаць. Бясспрэчным лідарам тут стаў Канстанцін Шалыгін, першы сакратар райкама БРСМ, які апярэдзіў сваіх сапернікаў амаль на дзве хвіліны. Збыліся надзеі на перамогу і ва Уладзіміра Гулюты, які ўзняўся на вышэйшую прыступку п’едэсталу гонару сярод мужчын ва ўзроставай групе больш пяцідзесяці гадоў. Дзяніс Гаўрылаў стаў пераможцам у самым масавым старце сярод мужчын-кіраўнікоў ва ўзросце ад трыццаці да трыццаці дзевяці гадоў. Генадзь Лесько, старшыня Марохараўскага сельскага Савета, быў мацнейшым у гонцы, якая праводзілася сярод мужчын ва ўзросце ад сарака да сарака дзевяці гадоў. Сярод жанчын-кіраўнікоў пераможцамі сталі: Алена Севярын, дырэктар Чырвоненскага дзіцячага садка, Наталля Кучынская, дырэктар Жыткавіцкага РКБА, Марына Лаўніковіч, дырэктар раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. У лік прызёраў па выніках лыжнага саперніцтва ў сваіх узроставых групах трапілі Дзмітрый Лабко, намеснік начальніка аддзела эканомікі райвыканкама, Станіслаў Магер, начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама, Святлана Рубцова, цэнтр банкаўскіх паслуг №311 філіяла №317 ААТ “ААБ Беларусбанк” у горадзе Жыткавічы, Наталля Кляцук, загадчыца Грэбянёўскім дзіцячым садам, Уладзімір Крыванос, намеснік начальніка фінансавага аддзела райвыканкама, Сяргей Саўчыц, ПГУП “Авангард”, Валянціна Белаглазава, дырэктар АСП “ПЗК” Жыткавіцкага райпа, Ірына Боган, дырэктар Пухавіцкага навучальна-педагагічнага комплексу, Леанід Цупік, дырэктар Браніслаўскага навучальна-педагагічнага комплексу, Уладзімір Павілайціс, “Белцісгандаль”, Евяліна Малькевіч, загадчыца дзіцячага садка №3 райцэнтра, Ліна Коршак, загадчыца Дуброўскага дзіцячага садка, Мікалай Дарошка, дырэктар СШ №2 г.Турава, Юрый Волчык, старшыня Людзяневіцкага сельскага Савета. Усе пераможцы і прызёры лыжні ўзнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі, якія ўручыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Рамановіч. Не засталіся ў баку і галіновыя прафсаюзы. Старшыні райкама прафсаюзаў аграпрамысловага комплексу, а таксама адукацыі і навукі Уладзімір Цімашчэня і Пётр Кальцоў адзначылі спецыяльнымі прызамі ўдзельнікаў першай лыжні бягучага года самых лепшых удзельнікаў гэтых спаборніцтваў.


Не толькі дух саперніцтва і прызы спрыялі добраму настрою ўдзельнікаў лыжных спаборніцтваў. Пастараліся для гэтага і работнікі камунальных службаў, гандлю, культуры, аддзела па надзвычайных сітуацыях і іншыя. Усё яны прынялі актыўны ўдзел у падрыхтоўцы лыжных гонак. Бо іх удзельнікі мелі не толькі добрую лыжню, але і пляцоўку для стартаў, дзе частавалі гарачым чаем, кашай, ды смачнай юшкай. Таму і напэўна не сталі першыя спаборніцтвы сярод кіраўнікоў раёна, так бы мовіць, як той блінец камяком, а ператварыліся ў сапраўднае свята. І варта спадзявацца, што яно гэтай зімой не апошняе.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.