Магчымасці вясковага самакіравання
Самыя розныя пытанні тэрытарыяльнага самакіравання былі разгледжаны падчас вучобы давераных асоб сельвыканкамаў тураўшчыны. Адбылося мерапрыемства ў Тураўскім гарадскім Доме культуры. Акрамя давераных асоб з населеных пунктаў Азяранскага, Руднянскага, Перароўскага, Верасніцкага, Рычоўскага сельскіх і Тураўскага гарадскога Саветаў, удзел у мерапрыемстве прынялі старшыні вышэйазначаных сельсаветаў, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Рамановіч, начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Сяргей Ахрамовіч, а таксама прадстаўнікі “Беларусбанка” і раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.
Вучобу адкрыў старшыня Тураўскага гарсавета Ігар Міцюрыч, які спыніўся на той ролі, што адыгрываюць давераныя асобы сельвыканкама на месцах у вырашэнні праблем людзей. Па словах Ігара Леанідавіча, у гарсавеце працуе тры давераныя асобы ў самім Тураве і адзін стараста ў вёсцы Крэмнае. Гэта даволі актыўныя людзі, якія заўсёды знаходзяцца ў гушчыні грамадскага жыцця і з’яўляюцца надзейнай апорай мясцовай улады ў сваіх населеных пунктах.
Актыўнасць і дзелавую ініцыятыву давераных асоб і стараст адзначыла ў сваім выступленні і старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Рамановіч. Ніна Мікалаеўна падкрэсліла, што дзякуючы людзям з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй зроблена нямала добрых і карысных спраў у населеных пунктах па іх добраўпарадкаванні. Старшыня райсавета агучыла вынікі работы па гэтым накірунку дзейнасці за мінулы год, асобна падкрэсліла ролю давераных асоб у гэтым працэсе. А гэта даволі вялікая і моцная сіла. На цяперашні час у вёсках раёна працуе 99 давераных асоб сельсаветаў. Менавіта гэтыя людзі дапамагалі вясковай уладзе дабраўпарадкоўваць грамадскія могілкі, збіралі грошы на ўстаноўку новых агароджаў, арганізоўвалі людзей на іншыя справы па навядзенні парадку ў месцах агульнага пражывання, вырашэнне іншых пытанняў. Несумненна, усё гэта рабілася ў цесным кантакце з сельвыканкамам, дэпутацкім корпусам, грамадскімі фарміраваннямі. Асаблівай актыўнасцю у мінулым годзе вызначаліся давераныя асобы Юркевіцкага, Ленінскага, Людзяневіцкага сельсаветаў. Скажам, што давераная асоба Юркевіцкага сельвыканкама Валянціна Бобрык за сваю актыўнасць была адзначана дыпломам гомельскага аблсавета дэпутатаў.
Называючы станоўчыя бакі ў рабоце органаў тэрытарыяльнага самакіравання, Ніна Мікалаеўна адзначыла, што не паўсюдна на месцах з поўнай аддачай выкарыстоўваецца іх патэнцыял кіраўнікамі сельвыканкамаў пры рабоце з насельніцтвам па вырашэнні пытанняў жыццядзейнасці. І гэта тычыцца менавіта сельсаветаў тураўшчыны. Такі недахоп патрэбна выпраўляць, бо спраў для мясцовай улады сёлета будзе не менш чым летась, а нават і болей.
Карысную інфармацыю для прысутных на мерапрыемстве давялі прастаўнікі Беларусбанка, кіраўнік аддзялення гэтай установы ў нашым раёне Тамара Катовіч і яе намеснік Святлана Рубцова. Яны засяродзілі ўвагу прысутных на тых банкаўскіх паслугах, якія варта больш актыўна ўкараняць у жыццё вяскоўцаў. Давераныя асобы могуць аказаць дзейсную дапамогу. Напрыклад, даводзіць інфармацыю да жыхароў сваіх населеных пунктаў, наколькі выгадна цяпер карыстацца пластыкавымі карткамі, пра карысць грашовых укладаў, умовы крэдытавання і іншае. Сучасныя тэхналогіі дазваляюць цяпер і вяскоўцам карыстацца гэтымі паслугамі, нават не выходзячы з дому.
Аляксандр Ерах, прадстаўнік раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, падрабязна спыніўся на правілах утрымання дамавых і прыдамавых тэрыторый, тых патрабаваннях, якія цяпер прад’яўляюцца да гаспадароў па навядзенні парадку на зямлі. Свае меркаванні па гэтым і іншых пытаннях выказалі і давераныя асобы, якія абмяняліся вопытам работы.
Канечне, маецца нямала поспехаў, але, як адзначалі прысутныя, працаваць з насельніцтвам цяпер даволі праблематычна. Асабліва, калі справа тычыцца самаабкладання на агульную справу. Не заўсёды некаторыя кіраўнікі рэагуюць на просьбы давераных асоб па ўхіленні той ці іншай праблемы людзей. На што старшынёй райсавета было адзначана, што паўнамоцтваў у давераных асоб дастаткова, каб выходзіць з такіх праблемных сітуацый. І найперш яны павінны абапірацца на сельвыканкам. Менавіта ў такім разе будзе карысць і ў рабоце сельсаветаў, і для насельніцтва.