Ім па праву ганарыцца калектыў
Лёгкія сняжынкі як пух кружаць у паветры і мякка падаюць на зямлю. Стаіць звонкі марозны ранак. Ярка-блакітны дыск маладога месяца яшчэ добра віднеецца на небе. Дзесьці непадалёку чуваць брэх сабак і гул аўтамашыны. Маляўнічыя непаўторныя карціны, здзейсненыя самой прыродай-прыгажуняй, кожны дзень прыемна радуюць вока, душу і сэрца кожнага, хто спяшаецца на працу альбо вяртаецца дадому з прадпрыемства ААТ “Жыткавіцкі агратэхсервіс”, і клічуць зноў і зноў палюбавацца на гэтыя цудоўныя краявіды.
Прадпрыемства ў любую хвіліну гатова аказаць дапамогу сельгаспрадпрыемствам па рамонту сельгасмашын, глебаапрацоўчай тэхнікі, своечасова адрамантаваць і адрэгуляваць водаправод, малакаправод, своечасова правесці электрафізічныя замеры і шмат чаго іншага, што так патрэбна сельгаспрадпрыемствам для бесперабойнай работы.
Усім нам даўно знаёмая ісціна, якая гаворыць аб тым, што залаты фонд прадпрыемства — гэта яго працаўнікі. Кадры, дзякуючы якім, іх майстэрству і прафесіяналізму, выконваюцца ўсе даведзеныя планавыя заданні прадпрыемству, развіваецца і мацнее матэрыяльна-тэхнічная база, укараняюцца новыя тэхналогіі, абсталяванне, паляпшаюцца ўмовы працы.
— Багата наша прадпрыемства высокакваліфікаванымі кадрамі розных спецыяльнасцяў, якія сумленна працуюць, — з задавальненнем адзначае яго кіраўнік Анатоль Ляшкевіч. — Але мне хацелася б расказаць пра старэйшага працаўніка таварыства — Уладзіміра Ігнатавіча Друка.
Нарадзіўся ён у ваеннае ліхалецце 1944 года ў маляўнічай вёсачцы Загорбашша. Тут правёў сваё дзяцінства. Хадзіць прыходзілася ў Людзяневіцкую школу. У іх вёсачцы школы не было.
— У дзяцінстве прыйшлося перажыць многае, — успамінае Уладзімір Ігнатавіч. — Сям’я была вялікая, але ўсе старанна і дружна працавалі, дапамагалі бацькам па гаспадарцы.
У дзяцінстве вясковага хлапчука прыцягвала тэхніка. Ён з захапленнем наглядаў як працуюць у полі трактары, як на змену конным касілкам і агрэгатам прыходзяць новыя машыны. І ён вырашыў стаць механізатарам, рамонтнікам. Гэтай прафесіі ён прысвяціў усё сваё жыццё.
Закончыўшы Людзяневіцкую школу, паступіў вучыцца ў Нараўлянскае ПТВ механізатараў. Пасля была служба ў Савецкай Арміі. Да гэтага прыйшлося закончыць курсы вадзіцеляў у горадзе Мазыры.
Пасля службы вярнуўся дадому. Цягнула душа ў вёску, у знаёмыя да болю мясціны. Адразу ж уладкаваўся на працу шафёрам у хімлясгас, а затым, у сувязі з рэарганізацыяй прадпрыемства, перайшоў у Жыткавіцкую сельгастэхніку, дзе працуе і па сённяшні дзень.
— Жыццё ўдалося, — з аптымізмам і ўсмешкай гаворыць Уладзімір Ігнатавіч. — У 1969 годзе ажаніўся, узяў дзяўчыну з вёскі Кольна. Добрая, працавітая кабета, заботлівая гаспадыня. Пабудавалі свой дом. Пасадзілі і вырасцілі сад. Нарадзілі траіх дзяцей. Далі ўсім пуцёўку ў самастойнае жыццё. Маем 5 унукаў, — з гонарам адзначае Уладзімір Ігнатавіч.
— Да працы Уладзімір Ігнатавіч ставіцца вельмі сур’ёзна і адказна. У сваёй прафесіі ён майстар на ўсе рукі. Пасля яго работы па зборцы любога агрэгата альбо рухавіка не патрэбна дасканальнай праверкі, — гаворыць начальнік цэха І. Комар. — І гэта, безумоўна, так. Да выканання любой справы Уладзімір Ігнатавіч адносіцца вельмі скурпулёзна і выконвае яе добрасумленна і якасна. Ён кажа: “… механізатару ў полі няма часу ліквідоўваць паломкі і ўхіляць брак, яму ў полі патрэбна выконваць сваю справу. Неабходна адрамантаваць тэхніку і агрэгат так, каб ён выпрацаваў свой рэсурс спаўна, як таго патрабуе інструкцыя па эксплуатацыі машыны”.
Практычна ўсе віды работ ад слясарна-механічных да зварачных спорацца ў яго руках. І гледзячы як старанна і ўпэўнена яго працавітыя рукі выконваюць справу, па-добраму пазайздросціць кожны, хто апынецца побач.
— На жаль, малавата маладых працаўнікоў, — гаворыць Уладзімір Ігнатавіч. Ён з ахвотай і задавальненнем распавядае як у 1980 гадах прадпрыемства рамантавала па 40 рухавікоў Д-240, ГАЗ- 53, ЗІЛ-130, па 30 камбайнаў “Дон-1500” у месяц.
Ён з аптымізмам глядзіць у будучыню. Заўжды бадзёры, прыветлівы і жыццярадасны. Ганарыцца сваім прадпрыемствам, яго магутнай матэрыяльнай базай, цэхамі, станкамі, абсталяваннем.
— Такіх прадпрыемстваў у раёне няма, — з задавальненнем гаворыць Уладзімір Ігнатавіч. — Як толькі ёсць аб’ёмная работа па складанаму рамонту сельгасмашын, агрэгатаў, камбайнаў, усе звяртаюцца да нас. Вось і зараз пакуль яшчэ працуюць практычна новыя камбайны КЗС-10 “Палессе”, яны і рамонту не патрабуюць. Але пройдзе год, два, і цэх па рамонту камбайнаў зноў запоўніцца як у былыя гады. Гэта аксіёма жыцця. І з гэтым нельга не пагадзіцца.
Уладзімір Ігнатавіч неаднойчы быў прызнаны перадавіком прадпрыемства. Ім па праву ганарыцца калектыў.
— Чым бавіце вольны час? — спытаў у яго.
— Люблю з дзяцінства лес, яго непаўторныя мясціны і “ціхае паляванне”, збіраць ягады, — з усмешкай адказаў ён. — Люблю глядзець як растуць унукі, прыходзяць да нас у госці, гуляюць у садзе, радуюся за іх.
Вось такі ён, Уладзімір Ігнатавіч Друк, адзін са старэйшых работнікаў ААТ “Жыткавіцкі агратэхсервіс”, старанны і вопытны, прафесіянальны працаўнік, заботлівы і сумленны гаспадар, добры сем’янін. Ёсць на каго раўняцца і браць прыклад у жыцці, асабліва маладому пакаленню.
Спадзяемся, што свой 70-гадовы юбілей Уладзімір Ігнатавіч сустрэне і адзначыць сярод калег і паплечнікаў.
А. БАНДЗЮК, ідэолаг ААТ “Жыткавіцкі агратэхсервіс”.