ІДЭАЛАГІЧНАЙ РАБОЦЕ – СУЧАСНЫ ПАДЫХОД

Менавіта на такім прынцыпе асноўвалася летась дзейнасць ідэолага ДЛГУ “Жыткавіцкі лясгас”. Сёння намеснік кіраўніка па ідэалагічнай рабоце лесагаспадарчай установы Надзея Шабаева пагадзілася расказаць пра набыткі і сваіх справах.


— У рабоце ідэолага самы важны момант — гэта праца з людзьмі, стварэнне атмасферы дыялога і ўзаемапаразумення, узаемадапамогі і ўзаемапавагі. Галоўнае — згуртаваць працоўны калектыў для вырашэння пастаўленых перад ім задач, якія звязаны з ростам вытворчасці і эфектыўнасцю выпускаемай прадукцыі. Як адзначыў у сваім дакладзе Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка на семінары кіруючых работнікаў па пытаннях удасканалення ідэалагічнай работы, калі мы хочам бачыць Беларусь моцнай і квітнеючай дзяржавай, то павінны перш за ўсё думаць аб ідэалагічным фундаменце беларускага грамадства. І гэты падмурак, моцны і надзейны, неабходна закладваць нам, ідэалагічным работнікам.


— За апошнія гады ў лясгасе нямала зроблена па паляпшэнні ўмоў працы. І тут маецца ўклад ідэолага.


— Сапраўды, у тым маглі пераканацца многія, хто наведваў нашу вытворчую базу. У сакавіку прайшоўшага года пытанні арганізацыі і правядзення ідэалагічнай работы разгледжаны на пасяджэнні Жыткавіцкага раённага выканаўчага камітэта з удзелам намесніка міністра лясной гаспадаркі А. Корбута. Дадзена станоўчая адзнака арганізацыі і правядзенню інфармацыйна-ідэалагічнай работы ў калектыве. На базе ДЛГУ “Жыткавіцкі лясгас” праведзена нямала мерапрыемстваў. Напрыклад, у маі — рэгіянальная нарада па пытаннях развіцця рэальнага сектара эканомікі з удзелам старшыні раённага выканаўчага камітэта і кіраўнікоў прадпрыемстваў раёна. У чэрвені — рэспубліканскі семінар на тэму “Арганізацыя лесанарыхтовак з прымяненнем сучасных тэхналогій і многааперацыйнай тэхнікі”. У жніўні — абласная калегія Гомельскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання і іншыя. Кіраўніцтвам лясгаса прыняты вычарпальныя меры па паляпшэнню работы ў сферы выканання заканадаўства аб працы. Распрацаваны план дадатковых мераў па рэалізацыі Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №1, распрацаваны мерапрыемствы па актывізацыі грамадскага кантролю за захаваннем заканадаўства аб ахове працы. Штомесячна на вытворчых нарадах абмяркоўваецца ход выканання палажэнняў Дырэктывы №1 па забеспячэнні бяспечных умоў і аховы працы, выкараненню фактаў незахоўвання патрабаванняў бяспекі на вытворчасці. З мэтай выканання праграмы тэхнічнага пераўзбраення і мадэрнізацыі вытворчасці па паляпшэнню ўмоў працы і зніжэнню траўматызму лясгасам у 2011 годзе набыты дзве адзінкі легкавых аўтамабіляў для лясніцтваў, аўтамабіль МАЗ-сартыментавоз, фарвардзер “Амкадор”, аўтапагрузчык “Амкадор”, трактар МПТ-461,1. Усяго на суму 11154 мільёны рублёў. Акрамя гэтага, на мерапрыемствы па ахове працы за прайшоўшы год патрачана 575,6 мільёна рублёў. На аднаго працаўніка зрасходавана 1,4 мільёна рублёў пры плане 542 тысячы. З мэтай узмацнення кантролю ў рабоце кіраўнікоў і калектываў па забеспячэнню бяспечных умоў працы і барацьбы са злоўжываннем спіртных напояў лесагаспадарчай установай набыты 13 прыбораў па праверцы на алкаголь. Заведзены журналы ўліку праверак алкатэстамі ва ўсіх падраздзяленнях для работнікаў. У 2011 годзе за парушэнне патрабаванняў Дырэктывы №1 скасаваны кантракты з 24 работнікамі. У лясгасе абрана і працуе 30 грамадскіх інспектараў па ахове працы. Для іх заахвочвання распрацавана палажэнне аб прэміраванні па выніках работы за квартал. Таксама на прадпрыемстве створана камісія па барацьбе з п’янствам. Разглядаюцца ўсе выпадкі парушэнняў вытворчай дысцыпліны і грамадскага парадку ў быту. У лясгасе для ўсіх катэгорый рабочых нямала зроблена па абсталяванню бытавых пакояў і пакояў для прыёму ежы. У адміністрацыйным будынку абсталяваны трэнажорны зал, устаноўлена душавая кабіна, завяршаецца рамонт сауны. Маецца спартыўная форма для летніх і зімніх відаў спорту. Закуплены лыжы, спартыўныя мячы. Практычна ва ўсіх лясніцтвах праведзены рамонт, устаноўлены каміны для ацяплення або абноўлены старыя сістэмы ацяплення. Усяго на правядзенне рамонту ў прайшоўшым годзе выдаткавана 300 мільёнаў рублёў, набыта мэблі для структурных падраздзяленняў на 62,2 мільёна рублёў.


— Немалую ролю адыгрывае ідэолаг лясгаса і па павышэнню прафесійнага майстэрства, аздараўленню работнікаў прадпрыемства, а таксама ў арганізацыі спартыўнага і культурнага жыцця. Наколькі паспяхова ажыццяўляецца гэтая дзейнасць?


— У ДЛГУ “Жыткавіцкі лясгас” у гэтым плане штогод робіцца нямала. Праводзяцца летнія спартакіяды сярод працоўнікоў Жыткавіцкага лясгаса. Каманда лясгаса прымае ўдзел у абласных і рэспубліканскіх летніх спартыўных мерапрыемствах. Актыўную пазіцыю спартсмены лясгаса займаюць і ў раённых спаборніцтвах. Штогод праводзіцца саперніцтва сярод вальшчыкаў лесу “Лесаруб”, а таксама многія іншыя культурна-масавыя мерапрыемствы, калектыўныя наведванні канцэртаў і кіно. Членам калектыва згодна з чаргой выдзяляюцца пуцёўкі на санаторна-курортнае лячэнне, выдзяляюцца сродкі на аздараўленне работнікаў на перыяд праходжання імі навучання РУЦ-Лес.


— Пытанне працаўладкавання і замацавання на вытворчасці маладых спецыялістаў таксама знаходзіцца пад персанальным кантролем кіраўніка прадпрыемства і ідэолага. Хацелася б пачуць, які плён дае гэтая работа.


— Работа па падбору і выхаванню рэзерва кадраў вядзецца няспынна. У красавіку-маі прайшоўшага года праведзены сустрэчы з навучэнцамі ўстаноў адукацыі, на якіх спецыялістамі лясгаса вяліся гутаркі аб значэнні лесу ў нашым жыцці і прафесіі лесавода, а таксама вучняў арыентавалі на паступленне ў профільныя навучальныя ўстановы. Летась на прадпрыемства размеркаваны два маладыя спецыялісты. Кіраўніцтва лясгаса для кожнага з іх падабрала пасаду, якая адпавядала адукацыі і кваліфікацыі маладога папаўнення. У калектыўным дагаворы прадугледжаны меры матэрыяльнага стымулявання за настаўніцтва. На працягу шасці месяцаў маладым спецыялістам павышаецца аклад на 10 працэнтаў. Усё гэта спрыяе прафесійнаму росту маладых работнікаў. Намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце заўсёды распавядае на вытворчых нарадах аб ходзе выканання мерапрыемстваў па рабоце з кадрамі і замацаванню маладых спецыялістаў на прадпрыемстве.


— Відавочна роль ідэолага ў праводзімай лясгасам рабоце па сувязях з грамадскасцю.


— Без гэтага ў нашай справе немагчыма абысціся. Для прыцягнення мясцовага насельніцтва да вырашэння агульнадзяржаўных задач па навядзенні парадку ў лясах, захаванні і павелічэнні лясных багаццяў, па ахове і абароне лясоў ад пажараў праводзяцца добраахвотныя акцыі “Тыдзень лесу”, “Наш чысты лес”, “Пасадзі сваё дрэва”, “Ачысцім лес ад смецця” і іншыя. У акцыях прымаюць удзел не толькі члены нашага калектыву, але і прадпрыемстваў раёна, маладзёжных арганізацый, навучэнцы школ. З мэтай удасканалення і пашырэння работы з грамадскасцю і зваротамі грамадзян праводзяцца прыёмы і сустрэчы ў працоўных калектывах. Па месцы жыхарства — адзіныя дні інфармавання з асабістым прыёмам грамадзян. Падчас іх правядзення — прамыя тэлефонныя лініі з кіраўніком прадпрыемства і яго намеснікамі. Усяго за прайшоўшы год праведзена 123 сустрэчы, на якіх прысутнічала 339 чалавек. Усе пытанні, якія задаваліся, аператыўна разглядаліся і вырашаліся.


Асветніцкая работа і прафарыентацыя ў асяроддзі дзяцей і моладзі таксама з’яўляецца адным з важнейшых напрамкаў інфармацыйна-ідэалагічнай работы прадпрыемства. Пры ДЛГУ “Жыткавіцкі лясгас” арганізавана і працуе 7 школьных лясніцтваў агульнай колькасцю 206 навучэнцаў. За імі замацаваны 1474 гектары агульнай плошчы дзяржлесафонда. Школьныя лясніцтвы прымаюць актыўны ўдзел у пасадцы лесу. Вырабляюць шпакоўні, ачышчаюць лясныя масівы ад смецця. Пастаяннае супрацоўніцтва спецыялістаў лясгаса са школьнымі лясніцтвамі дае добры плён. Рабяты з вялікай цікавасцю слухаюць інфармацыі аб правілах паводзін у лесе, яго значэнні. Вялікую цікавасць у дзяцей выклікала правядзенне экалагічнага конкурсу на выраб шпакоўняў. Усяго на суд журы было прадстаўлена 52 работы. Кожны птушыны домік быў выраблены з асобым густам і непаўторнасцю. Першае месца ў гэтым конкурсе было прысуджана школьнаму лясніцтву ўстановы адукацыі СШ №3 райцэнтра. Другое – установе адукацыі СШ №2 райцэнтра, трэцяе – установе адукацыі «Гімназія г. Жыткавічы». Усім ім уручаны каштоўныя падарункі.


Для асвятлення дзейнасці прадпрыемства, інфармацыйнай падтрымкі праводзімых мерапрыемстваў, акцый, рэкламных кампаній у мінулым годзе лясгас плённа супрацоўнічаў са сродкамі масавай інфармацыі. Толькі ў раённай газеце надрукавана 18 публікацый аб дзейнасці прадпрыемства.


Відавочна, што ідэалагічная работа на бягучым этапе патрабуе новых напрацовак і зместу.


Падрыхтаваў С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.