Цвітуць на ФАПе кветкі
Бялёўскі фельчарска-аку-шэрскі пункт сустрэў нас мноствам святла ва ўсіх сваіх лячэбных пакоях, што быццам бы злівалася са снежным покрывам за прасторнымі вокнамі, паўсюднай утульнасцю і дагледжанасцю ды добразычлівымі ўсмешкамі жанчын у белых халатах.
— Вы да нас своечасова, — гаворыць пасля знаёмства загадчыца Наталля Гаршкалеп, — вось збіраемся сустракаць сваіх калег з Жыткавіч, з якімі разам і пойдзем наведваць людзей на дамах, правяраць іх здароўе.
Тут разам з Наталляй Фёдараўнай працуюць патранажная медсястра Наталля Папок і санітарка Тамара Чмыхун. Звычайна да абеда Наталля Фёдараўна прымае людзей на ФАПе, уважліва выслухоўвае кожнага наведвальніка, выяўляе стан яго здароўя, дае неабходныя парады, выпісвае патрэбныя рэцэпты і сама выдае, згодна іх, тыя ці іншыя таблеткі, уколы, бо яна ж і гаспадыня мясцовай аптэчкі, медыкаменты да якой прывозіць з цэнтральнай аптэкі райцэнтра. У яе маецца і сшытак заказаў медпрэпаратаў.
Безумоўна, ёсць пацыенты, лячэнне якіх выходзіць за межы кампетэнтнасці загадчыцы фельчарска-акушэрскага пункта. Тады яна раіць звярнуцца да пэўнага ўрача Жыткавіцкай паліклінікі. І ў далейшым абавязкова прасочыць за далейшым станам здароўя гэтага чалавека.
Слоў няма, прыём хворых людзей да абеда на ФАПе можа быць толькі ў ідэале, бо ніколі гэта догмай не бывае. Часта ў гэты час раздаецца трывожны званок ці то па праводнай сувязі, ці то па мабільніку трэба спяшацца на дапамогу да чалавека па гэтаму экстрэннаму і выкліку. Тады хворага на ФАПе выслухае яе калега патранажная медсястра Наталля Папок.
— А што паслужыла штуршком для абрання менавіта гэтай ганаровай, але такой нялёгкай, вельмі адказнай прафесіі? — цікавімся ў загадчыцы ФАПа. — Напэўна, у радні былі работнікі медыцыны.
— Вы ведаеце, не, — прызнаецца жанчына. – Магчыма, ад таго, што ў дзяніцстве любіла гуляць з лялькамі, лячыць іх. А можа, ад таго, што бацька часта хварэў і мне так хацелася вылечыць яго.
Яна родам з мясцовых ваколіц, са станцыі Старушкі. Закончыла сярднюю школу №1 горада Жыткавічы, жыла тады ў інтэрнаце, што размяшчаўся побач. І пасля дзесяцігодкі стала студэнткай Мазырскага медыцынскага вучылішча, займалася па спецыяльнасці “акушэрства”. Атрымала дыплом і ў 1987 годзе была, згодна размеркавання, накіравана ў родныя мясціны, стала працаваць загадчыцай Бялёўскага ФАПа. Выйшла замуж, нарадзіла траіх дзяцей.
—Я, як і сёння, помню сваіх першых пацыентаў, — успамінае Наталля Фёдараўна. – Давялося нават самастойна прымаць першыя роды ў хаце. Як хвалявалася, як перажывала! Але, дзякуй Богу, як дзіцё, так і парадзіха засталіся жывымі і здаровымі. Вы ведаеце, я ўдзячна лёсу, што на сваёй жыццёвай дарозе мне пашчасціла на многіх добрых людзей. З самымі светлымі думкамі заўсёды ўспамінаю медыцынскую работніцу Ніну Паўлаўну Жогаль, санітарку Соф’ю Міхайлаўну Матох, многіх другіх. Яны шчодра дзяліліся са мною набытым жыццёвым і прафесійным выпытам, мы па-сапраўднаму сябравалі, хаця і былі людзьмі рознага ўзросту.
У зону абслугоўвання ФАПа ўваходзяць станцыі Старушкі і Брынёва, вёска Бялёў. Медыцынскія работніцы стаяць на варце здароўя каля адной тысячы іх насельнікаў. І работа ў Наталлі Гаршкалеп не нармаваная, няма ў ёй строга акрэсленых рабочых гадзін і свабодных, святаў і будзённых дзён – выклікаць могуць у любую пару сутак. На веласіпед – і ў дарогу. Бо клятва Гіпакрата для яе – даўно не пусты гук.
…У куточку пакоя на шафе, побач са столікам, за якім сядзіць загадчыца ФАПа Наталля Фёдараўна Гаршкалеп, зацвілі хатнія кветкі, якія ў народзе здаўна называюць “дзекабрыстам”. Глядзіш на гэтыя вішнёвыя, раскошныя пялёсткі і міжволі думаеш, што не за далёкім лесам ужо і вясна. Зялёная, доўгачаканая пара, з якою кожны звязвае штогод столькі надзей і планаў. І каб увасобіць іх у жыццё, безумоўна, трэба добрае здароўе. А калі яно падвядзе, то на дапамогу заўсёды своечасова прыйдуць вось такія людзі ў белых халатах, як Наталля Гаршкалеп. Каб падоўжыць чалавеку яго здароўе і век.