Працуе прадпрымальнік – малаказборшчык

Традыцыйна ў першыя дні новага года ў Людзяневіцкім сельвыканкаме падводзяцца леташнія вынікі работы па закупу малака з прыватных гаспадарак. Па выніках гэтага мерапрыемства лепшыя тры малаказдатчыкі Савета за сваю актыўнасць атрымліваюць ад кіраўніцтва вясковай улады ганаровыя дыпломы і каштоўныя падарункі. У гэтым сельвыканкаму дзейсную дапамогу аказвае мясцовы малаказборшчык – прадпрымальнік Васіль Баліч.


Па словах старшыні сельсавета Юрыя Волчыка, нараканняў на работу Васіля Пятровіча ў мінулым годзе ў яго няма.


— За 365 дзён з боку малаказборшчыка не было ніводнага зрыву ў справе закупу малака ў насельніцтва, хаця і нялёгкая гэта справа. Штодня прадпрымальніку даводзілася пераадольваць больш сотні кіламетраў, каб паспяхова выконваць свае абавязкі, — гаворыць Юрый Аляксандравіч.


І гэта так. Закупляе Баліч малако больш чым ў ста прыватных гаспадарках, якія знаходзяцца ў дзевяці вёсках Людзяневіцкага сельсавета і адной Юркевіцкага. За мінулы год на яго рахунку 326,6 тоны закупленага на прыватных падворках малака. Гэта, калі разлічваць на адну ўласную рагулю, выходзіць па 1649,6 кілаграма малака, што на сто тры кілаграмы больш леташняга паказчыка.


Ёсць у Васіля Пятровіча свае рэкардсмены па продажу малака. Гэта Марыя Канстанцінаўна жэлдак, якая ўтрымлівае на сваім падворку некалькі каровак. За мінулы год у агульны бідон малаказдатчыка яна ўліла 27 тон 963 кілаграмы малака. Ды і сам Баліч, акрамя збору малака, з’яўляецца актыўным малаказдатчыкам. За год ад сваіх уласных каровак ён прадаў дзяржаве 21 тону 847 кілаграмаў малака. Несумненна, і для яго, і для Марыі Канстанцінаўны гэта нядрэнны прыробак да сямейнага бюджэту. Увогуле, рэкардсмены-малаказдатчыкі маюцца практычна ў кожнай вёсцы Людзяневіцкага сельсавета. Напрыклад, у аграгарадку Людзяневічы да ліку вышэйназваных малаказдатчыкаў адносіцца і Алена Уладзіміраўна Лагун, якая рэалізавала за мінулы год 10 тон 520 кілаграмаў малака, па вёсцы Сялко самая актыўная малаказдатчыца Надзея Пятроўна Быстрэнка, на рахунку якой 4 тоны 38 кілаграмаў прададзенага малака, па вёсцы Дзедаўка — Уладзімір Васільевіч Піскун — 3755 кілаграмаў малака, па вёсцы Доўгая Дуброва — Іван Іванавіч Прылуцкі — 3408 кілаграмаў малака, па вёсцы Браніслаў — Мікалай Мікалаевіч сарока — 2650 кілаграмаў малака, па вёсцы Града — Уладзімір Мікалаевіч Грынеўскі — 2462 кілаграмы прададзенага малака. Варта сказаць, што з агульнай колькасці прыватных гаспадароў, якія супрацоўнічаюць з прадпрымальнікам-малака-зборшчыкам, 55 рэалізавалі Васілю Пятровічу больш тоны малака. Гэта сведчыць аб адным, што людзі давяраюць Балічу, упэўнены ў яго сумленнасці. Ды і эканамічны фактар тут таксама адыгрывае не апошнюю ролю. Менавіта такое гарманічнае спалучэнне і прыносіць добры плён і адначасова прыватнікамі вырашаецца адна з важнейшых дзяржаўных задач па забеспячэнні харчовай бяспекі краіны.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.