“Покліч матчынай песні”
Сёлета напрыканцы студзеня адбудзецца раённы фестываль лакальнай песеннай культуры Жыткаўшчыны пад назвай “Покліч матчынай песні”. Пройдзе гэтае творчае мерапрыемства на нашай зямлі ўжо ў другі раз.
Удзел у фестывалі прымуць 12 фальклорных і фальклорна-этнаграфічных самадзейных ка-лектываў са званнем «народны» і без яго, а таксама індывідуальныя выканаўцы з розных устаноў культуры раёна. Для сямі калектываў гэтае песеннае свята стане своеасаблівай праверкай на выканальніцкае майстэрства. Яны перад спецыяльнай камісіяй будуць пацвярджаць сваё права надалей насіць ганаровае званне “народны”. Творчы іспыт чакае на фестывалі народны фальклорны ансамбль “Стрэчанне” Грабаўскага сельскага Дома народнай творчасці, народныя фальклорна-этнаграфічныя ансамблі “Крыніца” Новамілевіцкага сельскага клуба-бібліятэкі, “Міжрэчча” Пагосцкага сельскага клуба, “Запясочанка” Запясоцкага сельскага клуба, “Сцвіжанка” Сямурадскага сельскага клуба, “Веціца” Старажавецкага сельскага клуба і “Пухаўчанка” Пухавіцкага сельскага Дома культуры.
Асаблівая ўвага членаў журы будзе надавацца рэпертуару выканаўцаў. Бо лепшыя песні будуць вылучаны на прысваенне ім статуса гісторыка-культурнай спадчыны нацыянальнай песеннай творчасці. Пройдзе ж мерапрыемства ў Жыткавіцкай школе мастацтваў імя Уладзіміра Будніка.