Малады юбілей ветэранскай арганізацыі

У наступным месяцы Жыткавіцкай раённай ветэранскай арганізацыі споўніцца роўна 25. Які шлях прайшла яна за гэтую чвэрць стагоддзя? Што зроблена, робіцца ў нас для пажылых людзей? І дзякуючы чаму і каму ўсё гэта забяспечваецца? Пра гэта мы гутарым са старшынёй ветэранскай арганізацыі А.П. Купрацэвічам.


— Наша Жыткавіцкая раённая арганізацыя ветэранаў была створана ў лютым 1987 года і першым яе старшынёй быў абраны ветэран Вялікай Айчыннай вайны Адам Піліпавіч Аліфяровіч. З сакавіка 1989 года арганізацыяй кіраваў Данііл Яфімавіч Гонікман, а з чэрвеня 1995-га — Уладзімір Ягоравіч Белікаў. З 1997 па 2010 год кіраванне ёю зноў вярнулася да вопытнага , здольнага арганізатара ўсіх спраў Адама Піліпавіча Аліфяровіча. Для цікавасці і параўнання адзначу, што, напрыклад, на чэрвень 1987 года на Жыткаўшчыне пражывала 2104 ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. І сярод большасці першых кіраўнікоў пярвічных арганізацый былі менавіта ветэраны мінулай вайны.


— А якія асноўныя мэты стаяць зараз перад ветэранскай арганізацыяй раёна і якія задачы яна вырашае?


— Галоўная мэта — абарона канстытуцыйных правоў і свабод ветэранаў, асоб пажылога і пенсіённага ўзросту. У нашы агульныя задачы ўваходзіць сацыяльная абарона ветэранаў, паляпшэнне іх матэрыяльнага становішча, жыллёвых умоў, гандлёвага, медыцынскага, культурнага абслугоўвання, далучэнне да грамадскай і пасільнай працоўнай дзейнасці, падтрымка дзяржаўных мерапрыемстваў, накіраваных на паляпшэнне жыцця людзей, забеспячэнне стабільнасці ў краіне. Пачэснай, нават святой справай застаецца па-ранейшаму ўтрыманне ў належным стане помнікаў баявой і працоўнай славы, месцаў пахавання абаронцаў Айчыны, увекавечання іх памяці.


Рашэннем выканкама за ўсімі могілкамі абаронцаў Айчыны, ганаровых грамадзян замацаваны канкрэтныя арганізацыі, якія ў адказе за стан саміх помнікаў. А вось за іх добраўпарадкаваннем у адказнасці аддзелы райвыканкама. Акрамя таго за ўсімі могілкамі абаронцаў Радзімы, у якіх ужо не засталося родзічаў, павінны сачыць замацаваныя арганізацыі.


— Як вядома, не застаюцца ў баку ад патрэб ветэранаў многія калектывы, раённыя структуры. Узяць хаця б той жа раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.


— Безумоўна, гэты цэнтр, у якім працуе каля 120 чалавек, робіць вялікую і добрую справу. За ўсімі пажылымі людзьмі, хто мае патрэбу ў дапамозе і жадае гэтага (у першую чаргу адзінокія) замацаваны сацыяльныя работнікі. Да таго ж у цэнтры ёсць рабочыя, якія могуць парэзаць і пакалоць дровы, адрамантаваць пячное ацяпленне, пакасіць, пакапаць. Штогод работнікамі тэрытарыяльнага цэнтра, мясцовымі ветэранскімі арганізацыямі абследуюцца бытавыя ўмовы пажылых, знямоглых людзей. У першую чаргу звяртаем увагу на такія на першы погляд будзённыя, але ў той жа час вельмі небяспечныя рэчы як рамонт печак і электраправодкі. Дастаткова сказаць, што ў мінулым годзе 45 домаўладанням была выдзелена цэгла і адрамантавана пячное ацяпленне, 14 – заменена электраправодка за кошт бюджэта, бясплатна ўстаноўлена 200 пажарных апавяшчальнікаў. Адрасная дапамога на суму 27,1 мільёна рублёў аказана 90 адзінокім малазабяспечаным ветэранам, матэрыяльная дапамога ў суме 60,5 мільёна – 404 пажылым людзям. Кампенсацыя за аздараўленне на агульную суму 56,1 мільёна рублёў выплачана 157 ветэранам.


Хачу зазначыць, што пытанні аказання матэрыяльнай дапамогі ветэранам на месцах знаходзяцца пад пастаянным і пільным кантролем прэзідыума райсавета ветэранскай арганізацыі. Практычна няма той пярвічкі, дзе б не аказвалася матэрыяльная дапамога людзям. Другая справа, што многае залежыць ад фінансава-эканамічнага патэнцыялу той ці іншай арганізацыі, дзе раней працаваў чалавек. Істотную дапамогу аказваюць сваім ветэранам РЭС, лясгас, раённыя вузлы паштовай і электрасувязі, чыгуначная станцыі Жыткавічы, райпа, ТБЗ “Жыткавіцкі”, КУП “Жыткавіцкі камунальнік”, ПМК-66 і інш.


З мэтай аказання матэрыяльнай дапамогі да юбілейных дат, дзяржаўных святаў за ўсімі ветэранамі вайны замацаваны пэўныя арганізацыі, а калі яны па той ці іншай прычыне распаліся, то прадпрымальнікі. Адчувальную дапамогу пажылым людзям у рамонтных работах аказваюць ААТ “Пратон-М”, МЧС, ПТВ, ПМК-76, за што мы ім шчыра ўдзячны.


— Адам Прохаравіч, а якая структура ветэранскай арганізацыі, як вы будуеце сваю работу?


— Згодна загадзя распрацаваных планаў пры савеце працуюць камісіі па ўвекавечванні памяці, сацыяльна-бытавых пытаннях, ідэалагічная, па медыцыне, рабоце з моладдзю, па арганізацыйна-метадычных пытаннях, па рытуальных паслугах. А ў 45 пярвічных арганізацыях раёна пражывае па стану на пачатак 2012 года 10302 ветэраны вайны, працы, Узброенных сіл і праваахоўных органаў. Дзве пярвічкі ўзначальваюць ветэраны Вялікай Айчыннай вайны – Іван Кузьміч Дзячэнка з ААТ “Жыткавічлес” і Антаніна Рыгораўна Чыжык з Хлупінскай арганізацыі. Сярод іншых актывістаў хацелася назваць таксама Іну Іванаўну Манакову з ТБЗ “Жыткавіцкі”, Лідзію Фамінічну Раковіч з лясгаса, Аду Іванаўну Рудзінскую з Ленінскага сельсавета, Веру Васільеўну Акунец з аддзела культуры, Мікалая Цімафеевіча Ярмоліча з Мілевіцкага сельсавета, Ніну Іванаўну Махнач з цэнтральнай раённай бальніцы, Валянціну Дзянісаўну Бобрык з Юркевіцкага сельсавета, Кацярыну Мікалаеўну Макарэвіч з КСУП “Бялёў” і іншых.


Ветэранская арганізацыя ў сваёй рабоце адчувае пастаянную дапамогу і падтрымку з боку старшыні райвыканкама Мікалая Міхайлавіча Какоры, старшыні раённага Савета дэпутатаў Ніны Мікалаеўны Рамановіч, літаральна ўсіх гарсельвыканкамаў.


Карыстаючыся магчымасцю, хачу павіншаваць усіх ветэранаў з новым годам і надыходзячым юбілеем і пажадаць усім здароўя, дабрабыту, аптымізму, душэўнай дабрыні і шчасця.


Інтэрв’ю правёў С. КУЛАКЕВІЧ. Фото В. КІЖНЕВА,

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.