КАЛІ ДУША МАЛАДАЯ

Пра Аляксандра Церабіленку спачатку даведаўся завочна, калі ён пачаў друкаваць свае вершы і байкі на старонках нашай раённай газеты “Новае Палессе”. Пазней было хуткаплыннае знаёмства на стадыёне Людзяневіцкай сярэдняй школы, дзе праходзіла адно са спартыўных мерапрыемстваў. Школы, якой ён, як дырэктар, аддаў столькі душы, розуму і сэрца. Ды хіба толькі ёй адной…


А пасля сустрэліся ў сценах рэдакцыі раёнкі, разгаварыліся. Аляксандр Купрыянавіч прынёс у газету чарговую нізку вершаў, прызнаўся: — Вось тэлефануюць сябры-таварышы да мяне дадому, пытаюцца, чаму няма ў апошні час тваіх публікацый у газеце, дык вырашыў падаць голас. Тым больш што адчуваю: ёсць яшчэ порах у парахаўніцах…


Саша Церабіленка нарадзіўся ў пасёлку торфапрадпрыемства Закрашэнскі мох Рэчыцкага раёна. У 1944 годзе пры вызваленні Беларусі загінуў яго бацька Купрыян Ціханавіч: варожы снарад трапіў у маленькі гарматны разлік. Жорстка забілі ўласаўцы дзеда Сцяпана, дапытваючыся, дзе хаваюцца партызаны. І пазней ён напіша ў адным з вершаў:


— Знайшла пахаронка ля спаленай хаты — Загінуў ад ран гераічна мой тата. Ці ж лёгка адной чатырох гадаваць ёй? Як часта ўпотайкі плакала маці… Вайна, мы ніколі табе не даруем!


Добра запомніліся першыя пасляваенныя гады: адзін бохан хлеба на сям’ю з пяці чалавек і тое-сёе з таго, што распаўсюджвалася па ленд-лізу…


У 1959 годзе ён скончыў Васілевіцкую сярэднюю школу і восенню паступіў у Магілёўскае культпрасветвучылішча. Вучыўся на харавым аддзяленні. Пісаў вершы, частушкі, песні, друкаваўся ў абласной газеце. Актыўна ўдзельнічаў у мастацкай самадзейнасці. Часта выступалі ў працоўных калектывах горада, праходзілі вытворчую практыку з выездам на вёску.


У 1961 годзе скончыў вучылішча па спецыяльнасці харавое дырыжыраванне, спецыялізацыя — баян. Па размеркаванні быў накіраваны на работу ў Віцебскую вобласць, у аддалены Шаркаўшчынскі раён. Прызначаны дырэктарам СДК у вёсцы Раманавічы. Шчыра пасябраваў з тутэйшай моладдзю, якая праніклася да яго павагай і даверам. І ў першую чаргу з той нагоды, што ўмеў іграць на баяне. За год быў створаны мастацкі калектыў, пачалі працаваць драматычны, харавы і вакальны гурткі. На аглядзе мастацкай самадзейнасці раёна іх калектыў заняў першае месца, быў узнагароджаны граматай і атрымаў музычныя інструменты: балалайкі, гітары, мандаліны.


А праз некаторы час цягнік ужо імчаў юнака ў заходнім накірунку праз станцыі Дно, Пскоў, у эстонскі горад Выру, дзе і праходзіла армейская служба ў ракетных войсках. Былі новыя знаёмствы, новыя сябры, мастацкая самадзейнасць у новым калектыве. Аляксандр Церабіленка быў членам літаратурнага аб’яднання часці, па-ранейшаму не разлучаўся з паэзіяй.


— Жди меня в родимом Приднепровье, Жди и грустью не тумань свой взгляд. Мамочка, не будет больше крови. Я клянусь тебе как сын и как солдат.


Пасля дэмабілізацыі працаваў дырэктарам Калінкавіцкага раённага Дома культуры, закончыў Мазырскі педагагічны інстытут і філасофскі факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1972 годзе прыехаў на месца жыхарства жонкі ў Драгічынскі раён Брэсцкай вобласці, дзе і нарадзілася іхняя першая дачушка. Аляксандр Купрыянавіч тут працаваў у Антопальскай дапаможнай школе-інтэрнаце выхавальнікам, выкладчыкам музыкі і спеваў, вёў гурткі ў Доме піянераў.


— Вельмі цёплыя ўспаміны засталіся ў мяне ад дырэктарства ў Хільчыцкай сярэдняй школе, — расказвае Аляксандр Купрыянавіч. — З балючым сэрцам пакідаў яе, што стала роднай і блізкай, сяброў, настаўнікаў, вучняў, жыхароў вёскі. У некаторых пры развітанні былі слёзы на вачах…


І апошні перадпенсійны перыяд яго педагагічнай дзейнасці — Людзяневіцкая сярэдняя школа. Пераважная большасць настаўнікаў адразу прыхільна паставілася да свайго новага кіраўніка. Бо пабачылі, што ён як патрабуе поўнай аддачы ад сваіх калег, так і сам цягне свой нялёгкі дырэктарскі воз напоўніцу…


Была адноўлена матэрыяльная база школы. Кабінеты набывалі прывабны выгляд, усе настаўнікі дапамагалі ў іх афармленні. Пабудаваны быў стралковы цір паўзакрытага тыпу з кабінетам грамадзянскай абароны. Шмат што было зроблена па гаспадарчай частцы.


— Асабліва важнае значэнне я надаваў рабоце з кадрамі, — успамінае Аляксандр Церабіленка. — Я лічу, што настаўніка трэба падтрымаць, стварыць умовы для яго работы, тады ён праявіць сябе. Галоўнае — паважаць у кожным чалавека.


Па многіх паказчыках школа была ў ліку лепшых у раёне. Гэта паступленне вучняў у вышэйшыя і сярэднія навучальныя ўстановы, перамогі ў прадметных алімпіядах, стварэнне бяспечных умоў працы для настаўнікаў і вучняў, правядзенне на базе школы раённых і абласных семінараў па вывучэнні асобных пытанняў — вось няпоўны пералік вынікаў дзейнасці калектыва. Харавы калектыў школы абараняў гонар раёна на абласным аглядзе самадзейнасці. Высокую папулярнасць набыў мужчынскі вакальны ансамбль школы.


Вершы, напісаныя ім у гэты час, нешматлікія. І яны ў асноўным прысвечаныя школьнаму жыццю, настаўнікам і вучням.


— Добры дзень табе, родная школа! Свеціць нам хай твой вобраз заўжды. Смех звініць у тваіх сценах вясёлы, Сілу ведаў услаўляюць гады.


А пасля выхаду на пенсію ў Аляксандра Купрыянавіча Церабіленкі з’явілася больш часу для заняткаў любімай справай. Вершы гэтага перыяду — адлюстраванне мінулага, філасофскія развагі над жыццём, сутнасцю чалавека.


С. КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.