Дабрыня дзіцячых сэрцаў

Каляды – светлае і радаснае свята. Яго чакаюць с чыстымі думкамі, набліжаюць добрымі справамі.


Вось і навучэнцы Хлупінскага дзіцячага сада – базавай школы Дзіяна Бамбіза, Анастасія Глушань, Вікторыя Касцянка, Дзмітрый Мінчук і Уладзімір Ярмоленка напярэдадні Каляд наведаліся да ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Яўхіміі Іванаўны Масла, якая пражывае ў вёсцы Перароў, каб дапамагчы састарэлай жанчыне і падараваць ёй праменьчыкі дабрыні сваіх сэрцаў.


“Несці дабро” – гэта дэвіз школьнікаў. І нясуць яны дабрыню, дораць яе людзям праз свае ўчынкі, справы, паводзіны.


Шчырая дапамога ветэранам, састарэлым, адзінокім – гэта, па меркаванні вучняў, і ёсць дабро.


І таму, мабыць, у той пануры зімовы дзень ва ўтульнай і чыстай хаце ветлівай састарэлай жанчыны-ветэрана стала значна святлей і цяплей. Святло і цяпло сыходзіла ад дзіцячых галасоў, ад цёплых позіркаў і шчырых слоў.


Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем дапамаглі жанчыне: вымылі падлогу, прынеслі дроў і вады. Работа ажно гарэла ў іх хуткіх ручанятах.


А колькі радасці і ўдзячнасці было ў вачах Яўхіміі Іванаўны! Яна, хоць навучэнцы і частыя госці ў хаце, расхвалявалася і нават расчулілася ад такой увагі.


Далей была шчырая размова пра мінулае і сучаснасць. Школьнікі ўважліва слухалі добрую і гаваркую гаспадыню дома. На развітанне яны павіншавалі яе з Калядамі, пажадалі моцнага здароўя і паабяцалі наведацца ў Святы Вечар і парадаваць каляднымі песнямі.


Дадому дзяўчынкі і хлопчыкі вярталіся ўзрушаныя і радасныя: іх дапамога патрэбна людзям, а справа, якую яны чыняць, нясе дабро. А гэта ці не ёсць цуд!


Т. Ярмоленка, класны кіраўнік 8 класа.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.