Клапаціцца аб надзённым
Шматлікія пытанні жыццядзейнасці раёна разгледжаны на апаратнай нарадзе, якую ў мінулы панядзелак правёў старшыня райвыканкама Мікалай Какора.
Распачалося мерапрыемства з аналізу адміністрацыйнай практыкі за мінулы тыдзень. Складзена ўсімі службамі 49 пратаколаў, што на 11 больш чым за папярэдні перыяд. А вось па выдачы прадпісанняў спрацавалі горш – усяго толькі 185, што на дзевяць менш. Як заўсёды лепей спрацавалі супрацоўнікі РАУС і інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. А вось у адрас землеўпарадкавальнай службы, кіраўніцтва Тураўскага гарадскога, Азяранскага, Юркевіцкага сельскіх Саветаў былі выказаны сур’ёзныя заўвагі па прымяненню адміністрацыйнай практыкі.
Абмеркаваны і пытанні навядзення парадку ў населеных пунктах. Хаця месячнік па добраўпарадкаванні і распачаўся, але не ўсюды яшчэ належна вядуцца гэтыя работы. Таму кіраўніком раёна запатрабавана актывізаваць працу па навядзенні парадку на зямлі. Сельвыканкамам варта больш намаганняў прыкладваць у сваёй дзейнасці, каб максімальна прыцягваць да гэтага працэсу насельніцтва.
У цэнтры ўвагі на нарадзе была і крымінагенная сітуацыя на тэрыторыі раёна. Як паведаміў начальнік райаддзела міліцыі, за мінулы тыдзень у РАУС паступіла ад жыхароў 132 заявы і паведамленні. Узбуджана 9 крымінальных спраў, 6 з іх раскрыты. На дарогах учынена пяць дарожна-транспартных здарэнняў, затрымана 8 п’яных вадзіцеляў, 65 – за перавышэнне хуткаснага рэжыму, 24 пешаходы. Праводзілася супрацоўнікамі міліцыі і праверка работы вартаўнікоў на прадпрыемствах. Два работнікі, якія ахоўвалі машынныя двары ў КСУПе “Людзяневічы”, знаходзіліся на працы у нецвярозым стане і замест выканання сваіх абавязкаў мірна спалі. Дарэчы, на захоўванні грамадскай маёмасці акцэнт на планёрцы быў зроблены вялікі. У прыватнасці, заслуханы кіраўнік КСУПа “Бялёў” У. Ачапоўскі. За невялікі прамежак часу ў гэтай гаспадарцы ўчынена два крадзяжы маёмасці. Праяўляць больш пільнасці, такое патрабаванне было выказана старшынёй райвыканкама.
Дзве надзвычайныя сітуацыі адбылося на тэрыторыі раёна за прайшоўшы тыдзень. Пацярпела ад агню маёмасць жыхара аграгарадка Дуброва, а таксама пажар узнік у поездзе.
Працавалі па гораду чатыры назіральныя камісіі. У іх дзейнасці выяўлены шэраг недапрацовак, якія патрэбна неадкладна ўхіляць.
Абмяркоўваючы пытанні эканамічнага развіцця рэгіёна, кіраўнік раёна паставіў перад усімі канкрэтную задачу: прыкласці ўсе намаганні, каб на канец года выканаць даведзеныя прагнозныя паказчыкі. Сур’ёзна патрэбна працаваць і па падрыхтоўцы да эканамічнага форуму, які адбудзецца ў раёне ў хуткім часе.
Забяспечыць рост па вытворчасці малака і вырошчванню жывёлы – асноўнае патрабаванне, якое стаіць перад працаўнікамі аграрнай галіны. Таксама вяскоўцам варта падцягнуцца і ў плане добраўпарадкавання сваіх вытворчых аб’ектаў. Разгледжаны на нарадзе і дзейнасць будаўнічага комплексу, камунальнай гаспадаркі, мабільных груп і іншыя пытанні.
Падрыхтавана па матэрыялах райвыканкама.