Ад Прыпяці да Эльбы

На долю Мікалая Васільевіча Сапановіча выпала нямала выпрабаванняў. Такі ўжо лёс іхняга пакалення. Але галоўнае, што ён прайшоў праз іх годна, не скарыўся і не зламаўся, праявіў якасці самай высокай пробы. Нават тады, калі ў адным з баёў паранены сам цягнуў на плячах наводчыка свайго артылерыйскага разліку, таксама параненага.


У шматдзетнай сям’і Сапановічаў быў ён апошнім, шостым дзіцём. Мікалаю і годзіка не споўнілася, як памёр яго бацька. Пра яго ён памятае толькі па ўспамінах маці. Рос у Перароўскім Млынку, менавіта гэта родная вёска Мікалая Васільевіча, як і ўсе вясковыя дзеці. Маці, каб пракарміць усё сямейства, шмат працавала. Хлеб нялёгка даваўся ёй. Падрос Мікалай і пайшоў вучыцца. Але якая вучоба для сіраты, калі бачыў штодня, як неабходна маці яго дапамога. Скончыў чатыры класы і пайшоў у калгас працаваць пастухом. Жывёлу па зарэчных лугах пасвілі кругласутачна. Цяжка было, але стараўся. Там за статкам мацаваўся яго дух, набіраўся сілы. І цяпер успамінае мужчына, як яму даверылі пару коней, і ён перакваліфікаваўся ў яздовага. Выконваў шмат рознай працы, якой у калгасе было беззводу. Заканчвалі работы на палетку, пасылалі масціць грэблю і гэтак далей. Але ўсё ж радаваліся, што мір вакол.


…Паведамленне з радыёпрадуктара аб пачатку вайны ўсіх вяскоўцаў проста ашаламіла. Як успамінае Сапановіч, у многіх на вачах стаялі слёзы. Для яго ж першыя дні вайны былі адзначаны некалькімі рэйсамі ў Мазыр, куды вазіў мабілізаваных у армію вяскоўцаў. Яго не ўзялі. Узрост не падышоў, толькі шаснаццаць споўнілася, таму прыйшлося вяртацца дадому. А хутка прыйшлі і фашысты насаджаць новы парадак. Пацягнуліся доўгія дні акупацыі. Як толькі з’явіліся ў лясах партызаны, Мікалай Васільевіч далучыўся да іх. Атрад стаяў пад Лельчыцамі. У той час там базіраваліся і партызанскія злучэнні Каўпака, Сабурава. Яны праводзілі мабілізацыю мясцовых мсціўцаў у свае рады. Уліцца ў іх Сапановічу перашкодзіла хвароба, таму застаўся ваяваць у мясцовым атрадзе. Дзе і прабыў да самага вызвалення Палесся.


Летам 1944 года яго прызываюць у дзеючую армію. Спачатку быў запасны полк у Мазыры, а потым восьмы знішчальны батальён у 12 гвардзейскай дывізіі. На фронце Сапановіч заўсёды быў на пярэднім рубяжы. Ен з’яўляўся знішчальнікам танкаў. Не раз яго трапныя стрэлы з супрацьтанкавага ружжа дасягалі цэлі.


— Нялёгка было ўпраўляцца з ПТРам, асабліва на маршы, калі прыходзілася цягнуць дваццацікілаграмовую зброю на плячах. А яшчэ і патроны да яго, і аўтамат, — гаворыць ветэран. – Акрамя супрацьтанкавых ружжаў у нас былі яшчэ і пушкі-саракапяткі. Іх мы жартоўна называлі “пагроза танку, смерць разліку”. Шмат загінула нашых байцоў у баях за Беларусію.


Сапраўды шмат. Пакуль наступалі да Брэста, асабовы склад яго дывізіі паменшыўся да 200 чалавек. Потым было папаўненне людзьмі і тэхнікай (на ўзбраенне паступілі сямідзесяцішасціміліметровыя гарматы), і вайсковае злучэнне накіравалі цягнікамі на Поўнач. Там, па ўспамінах Мікалая Васільевіча (ён ужо стаў артылерыстам), яны павінны былі ўступіць у бой з фінамі. Але ўсё завяршылася падпісаннем міру. Толькі да міру з Германіяй яшчэ было далёка. Перш чым капітуліравалі фашысты, Сапановічу разам з таварышамі давялося вызваляць Варшаву, браць Берлін, сустрэцца з амерыканцамі на Эльбе. Была немалая верагоднасць яшчэ паваяваць і з японцамі на Далёкім Ўсходзе. Некалькі тыдняў жылі байцы, як кажуць на колах, у любы момант чыгуначны састаў мог рушыць на новую вайну. Але абышлося.


Толькі ў 1947 годзе ён па мабілізацыі трапіў у родную вёску. Убачыўшы яе, салдат аж разгубіўся, усё было спалена навокал. Людзі жылі ў куранях і зямлянках. Нехта пачынаў адбудоўваць хату. Узводзіць дом пачаў і Сапановіч, наладжваць сямейнае жыццё. Вырашыў застацца ў роднай вёсцы назаўсёды. Таму ўсё рабіў грунтоўна. Уладкаваўся ў калгас кавалём. Больш сарака год адпрацаваў па гэтай спецыяльнасці. Калі выйшаў на заслужаны адпачынак, то да шматлікіх баявых узнагарод — ордэнаў Славы другой і трэццяй ступені, медалёў дабавіліся і працоўныя ўзнагароды. Мікалай Васільевіч адзін з нямногіх працаўнікоў сельскай гаспадаркі раёна, якому прысвоена ганаровае званне “Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі БССР”.


І цяпер ветэран вайны і працы не траціць бадзёрасці і аптымізму. Стараецца працаваць на агародзе, дзе падтрымлівае ўзорны парадак. Ды і за домам глядзіць. Усё ж ўласнымі рукамі яго паставіў у свой час. Адно турбуе адзінота Мікалая Васільевіча. Жонка памерла, пахаваў і некаторых дзяцей. Іншыя жывуць у другіх населеных пунктах. Але пажылы чалавек спадзяецца, што яго не пакінуць сам-насам са сваімі праблемамі, бо ён жа змагаўся заўсёды за лепшае і заможнейшае жыццё.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.