Сваю працу выканалі якасна

Напярэдадні раённага свята “Дажынкі-2011” карэспандэнту “НП” пра цяперашнія здабыткі хлебаробаў Жыткаўшчыны расказаў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандр НАЎНЫКА.


— Аляксандр Міхайлавіч, чым парадавалі на сёлетнім жніве земляробы раёна?


— Вынік працы на хлебнай ніве Жыткаўшчыны наступны. У гэтым годзе мы сабралі 28843 тоны збожжа пры сярэдняй ураджайнасі 31,7 цэнтнера з гектара. У параўнанні з леташнім прырост па валавому намалоту склаў 1618 тон, а па ўраджайнасці — 3,3 цэнтнера з гектара.


— Каму абавязаны гэтымі вынікамі?


— Лічу, што гэта поспех усіх, хто працаваў на ўраджай. І тых, хто рыхтаваў глебу, сеяў зерне, ахоўваў палеткі ад шкоднікаў і пустазелля, і, безумоўна, тых, хто ўбіраў ураджай, дапрацоўваў яго. Нашы людзі вельмі працавітыя і старанныя, таму і атрымалі на збожжавым палетку нядрэнную аддачу. Хаця і нялёгка гэта было зрабіць. Фарміраванне ўраджаю, ды і само жніво праходзілі ў вельмі складаных умовах. Нямала пасеваў загінула ў ходзе зімоўкі, іншыя былі зрэджанымі. Спякота і дэфіцыт асадкаў таксама аказалі негатыўны ўплыў на ўраджайнасць збожжавых. Тым не менш, дзякуючы арганізаванасці, строгаму выкананню агратэхнічных прыёмаў, аграрыі раёна змаглі дабіцца станоўчага выніку.


Усе гаспадаркі, акрамя ААТ “Тураўшчына”, пераўзышлі мі-нулагодні намалот. Працаўнікі “Тураўшчыны” атрымалі самую высокую ўраджайнасць – 57,3 цэнтнера з гектара. Асобных слоў падзякі заслугоўвае праца земляробаў КСУПаў “Бялёў” і “Чырвоны Бор”. Па новай методыцы разліку эфектыўнасці гаспадарання на хлебнай ніве гэтыя сельгаспрадпрыемствы сталі лідарамі раённага працоўнага саперніцтва. Увогуле, усім аграрыям раёна вялікі дзякуй за працу, за той вынік, які мы маем цяпер.


— Што Вы пажадалі б аграрыям раёна на будучае?


— Найперш, каб у наступным годзе наш агульнараённы каравай быў яшчэ цяжэйшым. Канечне ж, жадаю ўсім працаўнікам вёскі здароўя і новых поспехаў у іх нялёгкай працы. Няхай радасцю напаўняюцца іх душы, а ў дамах назаўсёды паселяцца шчасце і дабрабыт.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.