Падарункі маці
Чатыром шматдзетным маці і адной маці, чый сын загінуў на вайне ў Афганістане, з нашага раёна ўручаны падарункі ад моладзі Жыткаўшчыны. Адбылося гэта на ўрачыстасці ў горадзе Мазыры, куды былі запрошаны жанчыны адзначыць Дзень маці.
Грошы на падарункі былі сабраны падчас маладзёжнай міратворчай акцыі “Дарагое слова “маці”, якая праводзілася райкамам БРСМ у навучальных установах раёна. Прынялі ў ёй удзел калектывы 23 школ і дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага вучылішча №182. Агульнымі намаганнямі ўдалося сабраць адзін мільён сямсот тысяч рублёў, якія і былі выкарыстаны на ўшанаванне жанчын. Таксама для іх на мерапрыемстве быў дадзены цудоўны канцэрт. Такім чынам моладзь, у тым ліку і нашага раёна, выказала сваю павагу да мацярынства.