Актывізаваць працу па добраўпарадкаванні
Шматлікія пытанні жыццядзейнасці раёна разгледжаны на апаратнай нарадзе, якую ў панядзелак правёў старшыня райвыканкама Мікалай Какора.
АДМІНІСТРАЦЫЙНАЯ ПРАКТЫКА. ДОБРАЎПАРАДКАВАННЕ. Ужо каторы тыдзень увага гэтым пытанням надаецца найгалоўнейшая. Не выключэннем стала і апошняя нарада. Упраўляючы справамі райвыканкама Аляксандр Палтаран агучыў вынікі работы ўсіх службаў райвыканкама і сельсаветаў па гэтым накірунку дзейнасці за мінулы тыдзень. Колькасць складзеных пратаколаў і выдадзеных прадпісанняў за гэты перыяд знізілася. Асабліва не дапрацавалі ў гэтым плане кіраўніцтва Тураўскага гарадскога, Верасніцкага, Дзякавіцкага і Азяранскага сельскіх Саветаў. З пачатку года іх кіраўнікамі тут не складзена ніводнага пратакола. Хаця парадку ў населеных пунктах у гэтых Саветах не прыбавілася.
— Прымяненне адміністрацыйнай практыкі па навядзенню парадку з’яўляецца адным з метадаў ускалыхнуць насельніцтва сур’ёзна заняцца добраўпарадкаваннем сваіх падворкаў, на сваіх вуліцах, — зазначыў Мікалай Міхайлавіч. — Не маюць жадання людзі займацца гэтай дзейнасцю, яны павінны ведаць, што ва ўлады ёсць рычагі прымусіць іх гэта рабіць. І дрэнна, што на месцах вельмі слаба скарыстоўваецца прынцып “бізуна і перніка” . Адсюль і вынікі не суцяшальныя ў плане навядзення парадку.
Агучана на нарадзе і інфармацыя аб выкананай рабоце па добраўпарадкаванні гарадскімі арганізацыямі ў сельскіх населеных пунктах. Патрэбна актывізаваць і насельніцтва на гэтую важную справу. Тым больш што 25 кастрычніка на тэрыторыі вобласці аб’яўляецца месячнік па навядзенні парадку на зямлі. Гэта азначае толькі адно, што папрацаваць усім прыйдзецца нямала.
І ў гэтым найперш павінны праяўляць зацікаўленасць старшыні сельсаветаў. Толькі пры поўным узаемапаразуменні і ўзаемадзеянні наша зямля стане прыгажэйшай і чысцейшай.
БЯСПЕКА. І на мінулым тыдні працавала мабільная група райвыканкама. Яе спецыялісты наведалі некалькі арганізацый і прадпрыемстваў. Гэта аб’ект ПМК-76, «Гомельаблпаліва», МВУ “Жыткавічыміжрайгаз”, Жыткавіцкі лясгас, ДЭУ-48 і іншыя. Праверана на ўтрыманне алкаголю 33 работнікі. У нецвярозым стане на рабочым месцы нікога не выявілі. А вось без парушэнняў правілаў бяспекі працы не абышлося. Практычна паўсюдна кіраўнікам арганізацый даваліся заўвагі. Напрыклад, будаўнікі працавалі без касак. У “Гомельаблпаліве” выяўлены трактар, які пастаўлены на калодкі замест спецыяльных металічных падставак. Пашкоджаная ізаляцыя зварачных правадоў. Усё гэта спецыялісты занатавалі падчас апошняга рэйду. Па словах начальніка ідэалагічнага аддзела Леаніда Валатоўскага, карысць ад дзейнасці мабільнай групы ёсць: работнікі і кіраўнікі ведаюць, што могуць праверыць, і гэта стрымлівае людзей ад парушэння дысцыпліны неабходна працягваць дзейнасць мабільнай групы і надалей, бо яна дапамагае своечасова выяўляць парушэнні, а значыць своечасова іх выправіць. Самае галоўнае тут пастаянны і пільны кантроль.
НАДЗВЫЧАЙНЫЯ СІТУАЦЫІ. Пажараў і буйных узгаранняў, а таксама надзвычайных сітуацый на мінулым тыдні на тэрыторыі раёна не зарэгістравана. Выратавальнікамі праведзены Адзіны дзень прафілактыкі надзвычайных сітуацый. Працавалі і назіральныя камісіі, якія абследавалі 89 домаўладанняў. У васьмі з іх выяўлены парушэнні, якія служаць пагрозай жыццю гаспадароў. Праблемай у рабоце назіральных камісій, па меркаванню старшыні райвыканкама, з’яўляецца тое, што зацягваюцца тэрміны выпраўлення выяўленых недахопаў, адсутнічае тут і аператыўнасць у супрацоўніцтве паміж арганізацыямі. Таму, ставячы рысу пад работай назіральных камісій, Мікалай Какора заявіў адназначна: “Заспакойвацца і па гэтым накірунку дзейнасці няма падстаў”.
ПРАВАПАРАДАК. 111 заяў і паведамленняў паступіла ў РАУС ад грамадзян на мінулым тыдні. Узбуджана 10 крымінальных спраў, восем з іх раскрыты. На дарогах раёна ўчынена 6 дарожна-транспартных здарэнняў, затрымана супрацоўнікамі міліцыі сем п’яных вадзіцеляў. 21 вадзіцель затрыманы за перавышэнне хуткаснага рэжыму, а за парушэнне правілаў вулічнага руху – 36 пешаходаў. Нараканняў на работу дабраахвотных дружын прадпрыемстваў не было. Праводзіліся праверкі варты на аб’ектах народнагаспадарчага комплексу. Таксама абышлося без парушэнняў.
СЕЛЬСКАЯ ГАСПАДАРКА. У чарговы раз аграрыі раёна былі раскрытыкаваны за вытворчасць малака. Пакуль ім не ўдаецца выйсці на запланаваныя паказчыкі. Таксама ў цэнтры ўвагі былі пытанні ўборкі кукурузы і закладкі агародніны і бульбы на захоўванне.
ІНШАЕ. Разгледжана на нарадзе і выкананне Дэкрэта № 18. Па словах начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталлі Макарэвіч, за апошні час справы па прыцягненню абавязаных асоб да працы значна палепшыліся. У ліку іншых пытанняў, што былі ў цэнтры ўвагі прысутных на нарадзе, работа будаўнічага комплексу, камунальнай службы, эканамічнае развіццё рэгіёна.
Падрыхтавана па матэрыялах райвыканкама.