Поспех жыткавіцкіх хлебапёкаў

Чатыры ўзнагароды прывезлі з рэспубліканскага агляду-конкурсу якасці хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў “Ласунак-2011” хлебапёкі адасобленага структурнага падраздзялення “Вытворча-нарыхтоўчы камбінат” Жыткавіцкага раённага спажывецкага таварыства. Прычым, за булачку “Бярэсце” жыткавіцкія майстры атрымалі залаты медаль. Узнагародай такой вартасці адзначана іх праца за ўсю гісторыю выступлення на вышэйадзначаным мерапрыемстве.


Высокай ацэнкі членаў журы ўдастоіліся і вырабы жыткаўчан — батон “Нежный”, кекс “Благодатный” і рулет бісквітны “Забава”, за якія атрыманы сярэбраныя медалі. Як расказала Наталля Звяздзіліна, загадчык вытворчасці прадпрыемства, гэта ўжо чацвёрты раз, як наш калектыў удзельнічае ў такім прэстыжным конкурсе. “Узнагароды прывозілі пастаянна, — кажа Наталля Браніславаўна, — але сёлетні поспех самы буйны за ўсе гады”.


Сапраўды, працаўнікам вытворча-нарыхтоўчага камбіната можна ганарыцца такім высокім прызнаннем выпускаемай імі прадукцыі. У конкурсе ўдзельнічалі прадпрыемствы Дэпартамента хлебапрадуктаў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, якія з’яўляюцца самымі буйнымі вытворцамі хлебабулачных вырабаў у краіне і на іх долю прыходзіцца каля 57 працэнтаў ад усяго аб’ёму гэтай прадукцыі, а таксама прадпрыемствы Белкаапсаюза і прыватныя хлебапёкі. Ды і сама працэдура ацэнкі якасці вырабаў была даволі аб’ектыўнай. Кожнаму віду прадукцыі быў дадзены спецыяльны код, таму члены журы не ведаюць ні назвы, ні вытворцы. Толькі смакавыя якасці з’яўляліся крытэрыем адзнакі.


— З сямі нашых вырабаў, што былі прадстаўлены на конкурсе “Ласунак-2011”, якасць чатырох адзначана высокімі ўзнагародамі, — гаворыць Наталля Браніславаўна. — Гэта сведчыць аб высокім прафесіяналізме нашых майстроў хлебапякарскай справы.


Несумненна, гэта ў першую чаргу. Бо хлебабулачныя вырабы — прызёры “Ласунак-2011” гэта не нейкія спецыяльна падрыхтаваныя экземпляры для конкурсу, а прадукцыя, што выпускаецца вытворча-нарыхтоўчым камбінатам кожны дзень. І любы жыхар раёна можа яе набыць у крамах спажывецкага таварыства. А яшчэ прызнанне на конкурсе рэспубліканскага маштабу натхняе жыткавіцкіх хлебапёкаў працаваць лепей, выпускаць больш разнастайнай і смачнейшай прадукцыі для спажыўцоў.


— Будзем старацца, каб у наступным годзе заваяваць Гран-пры рэспубліканскага конкурсу якасці хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў “Ласунак”, — упэўнена заяўляе начальнік вытворчасці камбіната. — Я працую на гэтай пасадзе не так і даўно, але сёлетні поспех мяне акрыліў, ды і не толькі мяне, але і ўвесь калектыў на новыя працоўныя здзяйсненні.


Для нас, спажыўцоў, такая заява ад спецыяліста сведчыць толькі аб тым, што і надалей жыткавіцкія хлебапёкі будуць радаваць нас сваімі вырабамі самай высокай якасці.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.