БОЛЬШ ПАРАДКУ І ЗАМОЖНЕЙШАГА ЖЫЦЦЯ
Як працуе мясцовая ўлада ў Перароўскім сельсавеце па навядзенню парадку ў населеных пунктах, вырашае іншыя надзённыя патрэбы людзей? Задаволіць у гэтым сваю цікавасць у значнай ступені змаглі ўдзельнікі нядаўна прайшоўшага на тэрыторыі вышэйназванай адміністрацыйнай адзінкі раёна Дня Савета. Падчас яго гаспадары шчодра дзяліліся з гасцямі сваімі напрацоўкамі і дасягненнямі па ўсіх накірунках дзейнасці, таму кожны ўдзельнік мерапрыемства мог вынесці для сябе нямала карыснай інфармацыі.
Сустракалі ўдзельнікаў Дня Савета, які стаў у раёне ўжо традыцыйным, вельмі ўрачыста – песнямі і падарункамі. Імі цёпла і шчыра старшынь раённага выканаўчага камітэта Мікалая Какору, раённага Савета дэпутатаў Ніну Рамановіч, сельскіх Саветаў, кіраўнікоў райвыканкама і раённых службаў на ўскраіне Перарова прывіталі прадстаўнікі мясцовай улады ды самадзейныя артысты адной з вясковых устаноў культуры.
Першае, на што звярнулі ўвагу госці, асабліва тыя, якія наведалі гэтыя мясціны ўпершыню, — уяздны знак. Гэтую арыгінальную архітэктурную форму ў Савеце зрабілі і ўстанавілі ўласнымі сіламі, і цяпер яна гарманічна ўпісваецца ў мясцовы каларыт, надае яму непаўторнасці. Чым не вопыт для пераймання іншымі ў справе добраўпарадкавання? Дарэчы, праязджаючы па вуліцах населеных пунктаў Перароўскага сельсавета, удзельнікі мерапрыемства змаглі палюбавацца мноствам малых архітэктурных форм, што тут устаноўлены. Іх налічваецца больш двух дзясяткаў.
Асабліва ўсіх ўразіла дзіцячая пляцоўка, якую ў Савеце стварылі гэтым летам на месцы пакінутай сядзібы. Прычым усё зроблена сіламі сельсавета. А карысць ад гэтага: і адпачыць ёсць дзе дзецям, і парадак на тэрыторыі.
Самыя розныя тэмы жыццядзейнасці ў вёсках Савета былі ўзняты і дэталёва абмеркаваны падчас наведвання аб’ектаў сацыяльна-бытавога прызначэння. Увага прысутных засяроджвалася не толькі на станоўчых момантах, але і праблемных пытаннях. Прыкладаў гэтаму на мерапрыемстве было шмат. У гандлёвай кропцы ПГУП “Нікіта-стар”, якая знаходзіцца ў Перарове, акрамя таго, што ўдзельнікі Дня Савета пазнаёміліся з працай прыватных структур на вёсцы, зайшла размова і пра больш цеснае ўзаемадзеянне малога бізнесу і сельвыканкама ў сферы добраўпарадкавання. І хаця, па словах старшыні Перароўскага Савета Ганны Вашковай, у яе нараканняў у дачыненні вышэйназванага прыватнага прадпрыемства няма: яго работнікі падтрымліваюць парадак і ля свайго магазіна і на замацаванай за імі тэрыторыі – усё ж не магла не парадаваць кіраўніка мясцовай улады тая дамоўленасць, што прадпрымальнік дапаможа ўстанавіць скрынкі для збору смецця на вуліцы. Для мясцовага сельвыканкама гэта адчувальная дапамога – менш стане смецця на вуліцах.
Пра забеспячэнне таварамі сельскіх жыхароў гутарылі ў гандлёвай кропцы раённага спажывецкага таварыства ў Перарове і Хлупіне.
— Так, ёсць пэўныя цяжкасці, але яны часовыя, — зазначыў кіраўнік раёна Мікалай Какора. — Разам з тым варта прызнаць, што паліцы магазіна не пустуюць. Усё неабходнае для людзей маецца.
Абмеркавалі ўдзельнікі мерапрыемства і тэмы не характэрныя для гэтай сферы. У ліку іх вясковае беспрацоўе. Яно, чаго адмаўляць, існуе, але разам з тым у сельскай мясцовасці не дастае кадраў. Напрыклад, у Перарове сёлета закрылася школа, а вось тыя работнікі, якія апынуліся без працы, не вельмі спяшаюцца яе знаходзіць. Хаця прапановы па працаўладкаванню ім паступалі.
Перабіваюцца, як адзначалася, выпадковымі заробкамі. І вырашэнню гэтай праблемы мясцовай уладзе варта надаваць больш увагі.
Не абышлі ўдзельнікі Дня Савета і тут тэмы добраўпарадкавання. У магазінах і ля іх патрэбна папрацаваць у гэтым накірунку. Ды і на іншых аб’ектаў сацыяльнага прызначэння. Гэта тычыцца і аддзяленняў сувязі, устаноў культуры і іншых. Падчас іх наведвання старшыня райвыканкама ў чарговы раз нагадаў кіраўнікам, што да такіх раённых мерапрыемстваў патрэбна рыхтавацца больш грунтоўна і адказна.
Зацікаўленыя размовы ва ўдзельнікаў мерапрыемства адбываліся ў розных калектывах, якія наведваліся.
У тым жа Перароўскім Млынку, дзе пабывалі ў сельскім клубе, гутарка тычылася аб важнасці захавання гэтай ўстановы ў дзеючым стане. Бо цяпер яна служыць вяскоўцам не толькі як ачаг культуры, але яшчэ як ФАП, цэнтр сацыяльных паслуг. Зрабіць тут патрэбна сіламі ўсіх зацікаўленых службаў невялікі рамонт, каб наведвальнікі адчувалі сябе ўтульна. Нязначнага абнаўлення патрабуе і Перароўскі Дом культуры.
— Чаму б кіраўніцтву мясцовага аддзялення “Хлупін” не дапамагчы з гэтым? — запытаўся старшыня райвыканкама. — Установа ж працуе менавіта для працаўнікоў гаспадаркі.
У гутарцы з калектывам Хлупінскага навучальна-педагагічнага комплексу таксама было выказана некалькі канструктыўных ідэй, якія будуць садзейнічаць поспеху ў справе добраўпарадкавання. Адна з іх вучням установы адукацыі варта даручыць пасадку кветак на вясковых вуліцах.
— Вунь колькі кветак на школьным двары красуе зараз, — зазначыў Мікалай Міхайлавіч, — няхай рабяты збяруць насенне і вясной высадзяць кветкі не толькі ў сваім двары, але і на вуліцах.
Гэтым не толькі ўпрыгожаць населены пункт, але і да працы далучацца, ды і адказнасць з’явіцца. Вось вам і выхаванне падрастаючага пакалення. Немалую зацікаўленасць выклікала і наведванне турыстычнага комплексу “Хлупінская Буда” НП “Прыпяцкі”. Уразіла добраўпарадкаванасць гэтага аб’екта.
Хаця Перароўскі сельскі Савет і не такі вялікі ў параўнанні з іншымі аналагічнымі адміністрацыйнымі адзінкамі нашага раёна, ды і значных прыдпрыемстваў тут не маецца, але ўсе пераканаліся, што і ў такіх умовах можна рабіць нямала для паляпшэння жыцця людзей. Аб чым падрабязна на падвядзенні вынікаў Дня Савета расказала старшыня мясцовага сельвыканкама Ганна Вашкова.
— Зроблена нямала: і агароджы ўстаноўлены, і старыя будынкі зносяцца, і назіральная камісія працуе як след, і дзейнасць вядзецца па многіх іншых накірунках, — адзначыла Ганна Рыгораўна. — Хаця і без праблем не абыходзіцца. Асабліва кіраўніка турбуе стан дарог і тое, як навесці ідэальны парадак на сядзібах, дзе знеслі старыя будынкі. Фундаменты там жа засталіся.
Выказала кіраўнік сельвыканкама і словы падзякі тым арганізацыям і прадпрыемствам райцэнтра, што дапамагаюць Савету наводзіць парадак у вёсках, на яго тэрыторыі забяспечваюць вырашэнне пытанняў жыццядзейнасці людзей. Праведзенае апытанне насельніцтва паказвае, што на гэтай тэрыторыі яны ў сваёй большасці задаволены, як складваюцца справы ва ўсіх сферах дзейнасці. Прычым у параўнанні з мінулымі гадамі колькасць такіх рэспандэнтаў расце.
Адно засмучае, што ва ўсіх гэтых працэсах роля самога насельніцтва зусім нязначная. Многіх прыходзіцца прымушаць наводзіць парадак ля сваіх сядзіб. Малаактыўныя людзі і ў грамадска-карыснай працы, накіраванай на паляпшэнне ўмоў пражывання ў сваім населеным пункце. Усведамленне таго, што ўсё зробіць дзяржава, яшчэ ў людзей не толькі ў Перароўскім Савеце, але і іншых, вельмі моцнае. Вось і задача ўлады: пераламіць гэты памылковы погляд, шырэй ва ўсіх сваіх пачынаннях абапірацца на насельніцтва. А то неяк непрыглядна выходзіць, работнікі Савета, прыезжыя з горада ім на дапамогу фарбуюць агароджы, а гаспадары ціхенька выглядаюць з-за іх у чаканні, калі ж зробяць за іх справу. Дарэчы і агароджу саму таксама ўстанавіла дзяржава.
Непрымальна цяпер так паступаць людзям. І самім патрэбна пэўную актыўнасць праяўляць. А прайшоўшы Дзень Савета ў чарговы раз паказаў не толькі моцныя бакі дзейнасці ўлады па вырашэнню праблем людзей, але і выявіў тыя пытанні, над якімі патрэбна яшчэ працаваць, каб і парадку на нашай зямлі больш было, і людзям заможней жылося.
С. БЕЛКА.