Ахвяры дарог
З пачатку верасня бягучага года на тэрыторыі раёна ўчынена два дарожна-транспартныя здарэнні, у якіх загінулі людзі.
Грамадзянін Л., 1989 года нараджэння, рухаўся позна ўвечары на сваім аўтамабілі па аўтадарозе Любань — Кучына. Вынік паездкі несуцяшальны. Малады чалавек з’ехаў у кювет, дзе аўтамабіль перакуліўся. Пасажыр М. 1988 года нараджэння са шматлікімі траўмамі быў дастаўлены ў Жыткавіцкую ЦРБ, дзе праз два дні памёр.
Яшчэ адно жыццё маладога чалавека «забрала» дарога ля Турава. На 21-м кіламетры аўтатрасы Жыткавічы — Давыд-Гарадок адбылося сутыкненне аўтамашын МАЗ і «Фіат».
Вадзіцель грузавіка выехаў на паласу стрэчнага руху, па якой рухаўся легкавік. Яго вадзіцель В. ад атрыманых цялесных пашкоджанняў памёр на месцы ДТЗ.
На жаль, колькасць ахвяр на дарогах раёна з кожным месяцам большае. З пачатку года ў аварыях загінула 11 чалавек.
ОГАІ Жыткавіцкага РАУС нагадвае, што з заканчэннем летняга перыяду дарожныя абставіны пагаршаліся. У сувязі з гэтым вадзіцелям неабходна праяўляць павышаную пільнасць пры кіраванні транспартнымі сродкамі.