На экспарт і ўнутраны рынак
Быццам агромністы махавік раскручваецца штораніцы напружаны канвеер па нарыхтоўцы і перапрацоўцы драўніны ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Жыткавічлес”. Свой пачатак ён бярэ ў дзялянках, дзе ідзе валка і тралёўка лесу. Лесанарыхтоўшчыкі працуюць цягавіта, з належнай аддачай, насуперак усім цяжкасцям, што выпрабоўваюць іх на трываласць і высокі прафесіяналізм. А яны, гэтыя цяжкасці, у першую чаргу ў тым, што многія лесасекі выдзяляюцца ў цяжкадаступных, забалочаных мясцінах, з нізкатаварнай драўнінай. Вялікая і адлегласць ад лесасек да ніжняга склада, так называемае плячо перавозкі, што, несумненна, не садзейнічае зніжэнню сабекошту нарыхтоўваемай прадукцыі.
Ніжні склад – другое, важнае звяно вялікага дрэваперапрацоўчага канвеера, дзе наладжана раздзелка лясной сыравіны на сартыменты. Многае тут залежыць ад зладжанай, умелай работы стропальшчыкаў, якія грузяць сартыменты ў вагоны, а таксама выкідваюць іх з “кішэняў”-накапляльнікаў пры распілоўцы драўніны. Робіцца ўсё для таго, каб не было прастояў, бо ў апошні час значна выраслі патрабаванні з боку чыгункі да пагрузкі сартыментаў ў паўвагоны. Праблема няхваткі чыгуначных вагонаў цяпер часта выходзіць у шэраг першачарговых. Па гэтай прычыне бываюць збоі з пастаўкай прадукцыі спажыўцам. Да таго ж такія затрымкі адмоўна адбіваюцца на якасці лесапрадукцыі: яна чарнее, трэскаецца пад сонцам і дажджом, губляе свае таварныя якасці.
Вялікая і зношанасць усіх механізмаў, хаця служба механізацыі, не лічачыся з асабістым часам, робіць усё магчымае, каб аднавіць няспраўныя агрэгаты, вобразна кажучы, уліць у іхнія жылы другое жыццё. І агульныя намаганні даюць свой плён. Як гаворыць старшы майстар ніжняга склада Юрый Калоська, штомесячныя заданні калектыў стараецца выконваць на 112-115 працэнтаў. Дробнатаварная драўніна перапрацоўваецца ў палетную дошку і адпраўляецца на экспарт.
Каля 30 працэнтаў прадукцыі ідзе за мяжу. Выконваюцца і заказы мэблевых прадпрыемстваў нашай рэспублікі, задавальняюцца патрэбы ўнутранага рынка.
Са станоўчага боку Юрый Андрэевіч адзначае на раздзелцы драўніны брыгады Аляксандра Пракаповіча, Аляксандра Вішнякова, работу стропальшчыкаў Віктара Гарбуза, Сяргея Сабадаша, кранаўшчыкоў Сяргея Гаўрыловіча, Анатоля Хомчанкі, кантралёраў Тамары Баранавай, Людмілы Рыцікавай, Ніны Гром, майстраў Фёдара Сабайды і Аляксандра Шашылы. Тэхналогію перапрацоўкі драўніны на ніжнім складзе можна назваць безадходнай, бо нават тырсу закупляюць лясгасы ды сельгаспрадпрыемствы.
Варта сказаць, што не толькі на ніжнім складзе леспрамгаса ідзе перапрацоўка лесу-кругляку на прадукцыю, што як рэалізуецца ў краіны замежжа, так і пастаўляецца на ўнутраны рынак рэспублікі. Хваенскі ўчастак па лесапілцы, на першы погляд, як быццам бы знаходзіцца на перыферыі акцыянернага таварыства, наводшыбе. А калі заважыць аддачу гэтага згуртаванага, мэтанакіраванага калектыву, зірнуць на яго вытворчыя паказчыкі, то з поўным на тое правам можна канстатаваць, што гэтая вытворчая адзінка сапраўды на ўдарнай перадавой. Вельмі пашчасціла ўчастку, што ім вось ужо звыш пяці гадоў кіруе Анатоль Герман – вялікі энтузіяст сваёй справы, умелы арганізатар і нястомны працаўнік. Ён з суседняй маляўнічай вёскі Перароў, ад родных мясцін, ад сваіх каранёў так і не здолеў, не захацеў адарвацца ў вялікі свет. Пасля заканчэння Хваенскай сярэдняй школы тры гады працаваў слесарам у тагачасным Тураўскім леспрамгасе, адкуль і быў накіраваны на вучобу ў Беларускі тэхналагічны інстытут. Атрымаўшы дыплом, вярнуўся ў блізкі яму калектыў, працаваў старшым майстрам на ніжнім складзе. І вось пасля рэарганізацыі вытворчасці, якая пэўны час была ў заняпадзе, Анатоль Арсенцьевіч кіруе ўчасткам па лесапіленні.
— У нашым калектыве працуе сорак шэсць чалавек, сярод якіх станочнікі, падсобныя рабочыя, распілоўшчыкі, рамшчыкі, штабялёўшчыкі, —уводзіць нас у курс спраў гаспадар участка. — Вырабляем вагонку, дошкі для падлогі, шпалы, выпускаем дошкі як абрэзаныя, так і неабрэзаныя, распілоўваем на сартыменты піловачнік сасновы, шпальнік. Прадстаўляем паслугі для насельніцтва, якое можа купіць у нас дровы, штыкетнік, аполкі. Працуем у асноўнм з хлыстамі, сартымены для раздзелкі прывозяць да нас з Жыткавіч толькі тады, калі забіты іхні склад. Прадукцыя карыстаецца шырокім попытам як у нашым раёне, так і далёка па-за яго межамі. Ну а выкананне планавых паказчыкаў на працягу кожнага месяца ўжо стала для нашага калектыва няпісаным законам.
Працоўнае напружанне не спадае ў тарным цэху, работа ў якім наладжана ў дзве змены. Дошкі папярэдне абразаюць, сушаць і толькі пасля гэтага “праганяюць” на чатырохбаковым станку на вагонку альбо дошкі для падлогі. Прадукцыйнасць станка – тры кубічныя метры вагонкі за адну змену. На такі паказчык і імкнуцца выйсці мясцовыя дрэваперапрацоўшчыкі. Або вырабіць пяць кубічных метраў дошкі для падлогі.
Самы новы тут гэта цэх па вырабу палетнай дошкі на экспарт. Крэсляць паветра імклівыя ластаўкі, што звілі тут сабе гнёзды пад стрэхамі, не зважаючы на суседства людзей ды гулкай тэхнікі, толькі рабочым няма калі асабліва любавацца іхнімі мудрагелістымі выкрунтасамі: прадукцыя гэтага цэха карыстаецца высокім попытам, яна даволі дарагая, таму сапраўды на вагу золата кожная рабочая гадзіна.
Вось на заасфальтаванай пляцоўцы спыніўся аўтамабіль з доўгім фургонам. Як высветлілася, магутны грузавік МАN прыехаў загрузіцца палетамі, пасля чаго возьме курс на Германію. Старшы майстар Анатоль Герман правярае дакументы ў кіроўцы, і вось ужо ў работу ўключаецца аўтапагрузчык Валянціна Маркевіча. Ён увішна падае пакет за пакетам гатовай прадукцыі ў аўтафургон, а там яе адвозяць углыб рабочыя пры дапамозе гідраўлічнай цялежкі. Трэба адправіць на экспарт 25,5 кубічных метраў палетаў, а гэта значыць, што будзе загружана 20 пакетаў каштоўнай прадукцыі.
Працуе тут і цэх па завострыванні бензапіл. Анатоль Герман адзначае высокае майстэрства заточніка Івана Галайды, просіць адзначыць добрасумленную працу слесара Васіля Чыкіды, брыгадзіра па вырабу палетаў Сяргея Ільені. На жаль, як адзначае старшы майстар участка, пераважае тут старая тэхніка, што ў рабоце па 20-30 гадоў, высокая яе зношанасць. Леспрамгасу трэба браць цвёрды курс на тэхнічнае абнаўленне і пераўзбраенне. Тады і раскрыецца ва ўсю моц патэнцыял хваенскіх лесаперапрацоўшчыкаў, які пакуль што тоіць у сабе значныя рэзервы.