Уладзімір Надтачаеў: “Школа — гэта інвестыцыі ў будучыню”
У завяршальную стадыю ўступіла будаўніцтва Хільчыцкага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад – сярэдняя школа. Больш за сто чалавек з 16 арганізацый з кожным днём набліжаюць наваселле. На аб’екце поўным ходам ідуць аддзелачныя работы, прыводзіцца ў парадак прышкольная тэрыторыя.
Падчас наведвання нашага раёна новабудоўлю ацаніў намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Надтачаеў:
— Да 1 верасня тут неабходна асвоіць Br5 мільярдаў. Каб без урону якасці паспець да гэтай даты, тэмпы работ варта паскорыць, а значыць, трэба прыцягнуць дадаткова і адпаведныя кадры.
Калі гаварыць пра канцэпцыю школы, то праект гэты даволі цікавы. Такая ж школа два гады таму ўведзена ў вёсцы Залессе чачэрскага раёна, цяпер з улікам дапрацовак будзе і ў Хільчыцах. Думаю, што гэтая навучальная ўстанова атрымаецца не горшай за іншыя школы раёна. Вядома, што ў апошнія гады на Жыткаўшчыне вучні і настаўнікі справілі не адно наваселле. Новабудоўлі гэта розныя, напэўна, Хільчыцкая з іх будзе самая кампактная – на 144 вучні і 24 выхаванцы. Што немалаважна, гэта дазволіць эканомна яе ўтрымліваць.
Мы перад выбарамі людзям абяцалі, што школа будзе, хаця многія сумняваліся ў гэтым. Я ўласна прыязджаў у Хільчыцы на вясковы сход, чуў гэтыя скептычныя заўвагі. Але, як бачым, слова свае стрымліваем, практычна за год, як кажуць, з нуля, пабудавалі такі прыгожы аб’ект. Я рады за мясцовых жыхароў.
Застаецца яшчэ завяршыць узвядзенне спартыўнай залы ў Верасніцкай школе, фінансаванне там узяў на сябе спонсар АТ “Гомельтранснафта”. Сёлета ў гэтую прыбудову будзе пададзена цяпло.
У цяперашні час, калі трэба лічыць кожную капейку, дзяржава знаходзіць сродкі на такія важныя аб’екты як будаўніцтва школ. На вёсцы мы штогадова ў вобласці ўзводзім 3-4 школы. Сёлета будуем на Мазыршчыне і ў Веткаўскім раёне. У аграгарадках павінны быць адпаведныя ўмовы для навучання моладзі. Трэба разумець, школа – гэта інвестыцыі ў будучыню. На вёсцы яна з’яўляецца цэнтрам прыцяжэння не толькі дзяцей і падлеткаў. Вось у гэтай навучальнай установе – выдатная спартыўная і актавая зала, дзе можна арганізаваць розныя мерапрыемствы, ладзіць сустрэчы, трэба, каб яны не пуставалі.
Я ведаю, што Хільчыцкая школа дала свету многа адукаваных людзей, яна славіцца сваімі фізікамі ды матэматыкамі. Спадзяюся, што і ў новых сценах будуць вучыцца дзеці, якія сваёй працаю прымножаць багацце нашай краіны.
Дададзім, што ў мінулым годзе Хільчыцкай школе споўнілася 100 гадоў. Урачысты юбілей навучальная ўстанова адзначыць разам з наваселлем, якое стане выдатным падарункам да значнай даты.
С. Дайнека.