Грошы на вецер. З тытунёвым дымам
Інфармацыйна-асветніцкую акцыю ў Сусветны дзень без тытуню правяла раённая арганізацыя “Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа”. Яе валанцёры на жыткавіцкіх вуліцах распавядалі прахожым пра шкоднасць цыгарэтнага дыму і ўручалі буклеты і памяткі з парадамі, як пазбавіцца гэтай небяспечнай звычкі. У цэнтры горада на транспартным прыпынку, дзе праходзіла акцыя, разгарнулася выстава метадычнай і навукова-папулярнай літарартуры на тэму здаровага ладу жыцця.
Пра тое, што курэнне стаіць у нашым грамадстве ў ліку самых галоўных медыка-сацыяльных праблем гаварылі і тыя, хто ніколі не браў у рукі цыгарэту, і заядлыя аматары тытуню, праўда апошнія згаджаліся, што пазбаўляцца шкоднай звычкі трэба – калі не з-за небяспекі, што яна нясе арганізму, то хаця б па прычыне падаражання тытуню: на вецер, у прамым сенсе выкідваецца значная частка бюджэту.
— Пра негатыўнае ўздзеянне курэння на здароўе чалавека, сёння, напэўна, ведае кожны, але такія акцыі праводзіць усё роўна трэба, — сцвярджае старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Ларыса Фралова. – Асабліва важна расказваць пра гэта молодзі, каб падлеткі не пачыналі курыць, трэба ствараць моду на здаровы лад жыцця.
Дарэчы сказаць, гэтая акцыя стала адным з мерапрыемстваў месячніка садзейнічання Чырвонаму Крыжу, які доўжыўся на працягу мая. У яго межах такасама прайшло ўручэнне падарункаў ветэранам Вялікай Айчыннай вайны да свята Перамогі, узнагароджванне валанцёраў-актывістаў Чырвонага Крыжа і іншыя падзеі.
С. ДАЙНЕКА.