за вялікім малаком і кармамі
Чарговы раённы семінар з удзелам кіраўнікоў і спецыялістаў жывёлагадоўчай галіны гаспадарак, райсельгасхарчу, які днямі адбыўся на базе КСУПа “Бялёў”, засведчыў, што ў працаўнікоў ферм ёсць рэальныя магчымасці для павышэння вытворчасці малака і мяса. І на гэтым мерапрыемстве на практыцы было прадэманстравана, як іх скарыстаць, так бы мовіць, на сто працэнтаў і атрымаць паўнацэнную аддачу.
Выбар месца правядзення семінара – не выпадковы. Ужо які год жывёлаводы КСУП “Бялёў” лепшыя ў раёне па вытворчасці малака і мяса. Па выніках мінулага года тут ад адной каровы надоена больш чым па пяць тон малака. І сёлета справы складваюцца даволі нядрэнна. Напрыклад, тэмп росту вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі за чатыры месяцы склаў 123,7 працэнта. За гэты час мясцовыя жывёлаводы ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года змаглі павялічыць надой ад каровы на 200 кілаграмаў, сярэднясутачныя прывагі на 94 грамы.
— Павелічэнню вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі надаецца важнае значэнне, — падкрэсліў Аляксандр Наўныка, адкрываючы мерапрыемства. — На жаль, у шэрагу гаспадарак раёна пакуль працуюць не з той аддачай, якая патрабуецца. І мэта цяперашняга семінара — паказаць, як можна працаваць і мець неабходны вынік.
Далей увага прысутных была скіравана на шэрагу напрамкаў работы жывёлаводаў падчас бягучага летне-пашавага ўтрымання цёлачнага пагалоўя. Гэта адзін са шляхоў павышэння работы малочнай галіны. Якія ставяцца зараз патрабаванні да работы з цёлачным пагалоўем, агучыў начальнік райплемстанцыі Адам Аліфяровіч. У ліку іх: выпас цялушак павінен ажыццяўляцца на культурных выпасах у непасрэднай блізкасці ад ферм і толькі пад электрапастухі, гурты павінны фарміравацца з улікам узроставых і вагавых кандыцый жывёлы, асемяняцца цяліцы павінны толькі штучна.
У КСУПе “Бялёў” да гэтага ўжо прыйшлі, у чым пераканаліся ўдзельнікі семінара, хаця, як зазначалася спецыялістамі, наладжвалі гэтую работу не адзін год. І цяперашнія поспехі мясцовых жывёлаводаў па вытворчасці малака з’яўляюцца заканамерным вынікам гэтай працы, бо цялушкі маюць і дастаткова корму, своечасова асемяняюцца, уводзяцца ў асноўны статак, раздойваюцца, што дало магчымасць знізіць іх невытворчае выбыццё.
А гэта вельмі важна. Многія гаспадаркі раёна маюць дастатковую колькасць цёлак, а вось адабраць неабходнае пагалоўе для папаўнення асноўнага статка не могуць (за чатыры месяцы ўведзена толькі восем працэнтаў). Прычына: недастатковая работа з гэтай катэгорыяй жывёлы. Летам яны выпасваюцца на адгонных выпасах, дзе і асемяненне не арганізаваць належным чынам, і кантроль спецыялістаў, выкананне іншых тэхналагічных патрабаванняў.
Наступны аспект работы жывёлагадоўлі, на якім спыніліся ўдзельнікі семінара, арганізацыя ўтрымання дойнага статка. Асноўная задача, якая пастаўлена перад спецыялістамі: арганізацыя ва ўсіх гаспадарках франтальнага выпасу кароў. У сельгаспрадпрыемстве “Бялёў” паказалі, як гэта можна зрабіць. Плюсы такой пасьбы, па словах галоўнага заатэхніка райсельгасхарчу Рыгора Кронды і начальніка ўпраўлення Аляксандра Наўныкі ў тым, што яна дазваляе больш эфектыўна скарыстоўваць наяўныя выпасы. Разглядалася тут уся тэхналогія атрымання больш высокай аддачы.
Вытворчасць малака, як падкрэсліў старшыня райвыканкама Мікалай Какора, на цяперашні час павінна стаць першаступеннай задачай, бо менавіта гэтая галіна сёння ў асноўным фарміруе эканоміку гаспадарак, таму і кіраўнікам, і спецыялістам патрэбна працаваць больш актыўна ў гэтым накірунку. Практыка ж паказвае, яшчэ не ўсюды гэтая актыўнасць праяўляецца, і маючы ўсё неабходнае, належнага росту па вытворчасці малака пакуль не відаць.
Не абышлі ўдзельнікі мерапрыемства і такое важнае пытанне, як догляд за выпасамі, кіраўнікам і спецыялістам сельгаспрадпрыемстваў пастаўлена задача належна арганізаваць гэтую работу.
Утрыманне маладняку буйной рагатай жывёлы – яшчэ адно пытанне, якое было разгледжана на семінары. З гэтай мэтай яго ўдзельнікі наведалі ферму вёскі Бялёў. Прывагі па больш чым васемсот грамаў за суткі кожнага гадаванца паказваюць, што і догляд наладжаны за жывёлай належны.
На падвядзенні вынікаў мерапрыемства ўдзельнікі абмеркавалі праблемы, якія тычыліся якасці малака. Аб тым, што патрабуецца спецыялістам рабіць на месцах, каб малако летам гаспадаркамі прадавалася высокімі гатункамі распавяла дырэктар жыткавіцкага філіяла Калінкавіцкага малочнага камбіната Тамара Сівалобава.
Цяпер АПК уступае ў новы этап – нарыхтоўка кармоў. Ужо на гэтым тыдні яна пачнецца, і ў гаспадарках да касьбы павінны быць гатовы ўсебакова, канстатавалася на раённым семінары.