Жыткаўшчына чакае інвестараў
Шэсць інвестыцыйных праектаў на суму 9,5 мільёна долараў прадставіў наш раён на VIII Гомельскім эканамічным форуме.
Замежным і айчынным бізнесменам прапанавалася прыняць удзел у будаўніцтве мыйкі для аўтамабіляў, рэканструкцыі гарадскога парку імя М. Гамолкі з устаноўкаю атракцыёнаў і стварэнні чатырох прадпрыемстваў. Дзве вытворчасці звязаны са здабычай і перапрацоўкай каштоўнай прыроднай сыравіны – сапрапеляў (донных глеевых адкладанняў возера Чырвонае)і каалінаў ці белай гліны, радовішча якіх знаходзіцца каля вёсак Дзедаўка і Беразіна. Яшчэ адзін праект звязаны з будаўнічай галіною – Жыткаўшчыне патрэбна ўласная вытворчасць жалезабетонных вырабаў, такое прадпрыемства поўнасцю забяспечыла б патрэбы будаўнічага комплексу рэгіёна. Інвестара чакае і праект па стварэнню прадпрыемства па перапрацоўцы рачной і сажалкавай рыбы на тэрыторыі Прыпяцкага Палесся. Наш раён, як ніводны, мае адразу два рыбгасы, якія вырошчваюць штогод каля 2 тысяч тон жывой прадукцыі. Усе шэсць інвестпраектаў, прадстаўленых на форуме, аб’яднаныя ў адзін каталог, інфармацыя ў якім утрымліваецца як у друкаваным выглядзе, так і ў лічбавым фармаце, на дыску.
Акрамя таго, у каталогу змешчаны аб’екты нерухомасці для развіцця бізнесу, прапануюцца зямельныя ўчасткі пад стварэнне вытворчасцяў і развіцця аграэкатурызму. Адзін з падрыхтаваных праектаў па перапрацоўцы рыбы ўдзельнікам эканамічнага форуму з паказам слайдаў прэзентаваў намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Таболіч. Па яго словах, гэта прапанова зацікавіла італьянскіх бізнесменаў, пэўны інтарэс выклікалі ў патэнцыяльных інвестараў і астатнія жыткавіцкія праекты.
Але ж, як сцвярджаюць спецыялісты, хуткіх вынікаў ад такіх форумаў чакаць не варта: яны могуць з’явіцца нават праз год. Галоўнае ў пошуку інвестараў – настойлівасць і сістэмная дзейнасць.
С. ДАЙНЕКА.