З адказнасцю да справы
Апаратная нарада, якую правёў старшыня раённага выканаўчага камітэта М. Какора, пачалася з прадстаўлення назначаных кіраўнікоў. Намеснікам старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама назначана Занкевіч Наталля Леанідаўна, выконваючым абавязкі першага сакратара РК БРСМ назначаны Шалыгін Канстанцін Уладзіміравіч. Старшыня райвыканкама павіншаваў новых кіраўнікоў з прызначэннямі, пажадаў поспехаў на новай пасадзе.
Указам Прэзідэнта Беларусі №175 ад 27.04.2011 года за нараджэнне і выхаванне 5-ці дзяцей узнагароджаны ордэнам Маці дзве прадстаўніцы Жыткавіцкага раёна. Старшыня райвыканкама ўручыў дзяржаўныя знакі павагі і пашаны Ачапоўскай Галіне Антонаўне, паштальёну гарадскога аддзялення №3 Жыткавіцкага РУПС, і Пракаповіч Таццяне Міхайлаўне, работніцы Ленінскага маладзёжнага цэнтра культуры (на здымку).
Кіраўнік раёна павіншаваў жанчын з узнагародамі, пажадаў шчасця і здароўя.
Заслухана інфармацыя аб адміністрацыйнай практыцы раённых службаў па пытаннях добраўпарадкавання і навядзення належнага санітарнага парадку на тэрыторыі раёна. Так, за мінулы тыдзень складзены 21 пратакол і 293 прадпісанні. Звярталася ўвага на належную канкрэтную працу ў гэтым накірунку. Таксама акцэнтавалася ўвага на неабходнасці паляпшэння гэтай працы ў раёне, вырубцы хмызняку на прыдарожных палосах і каля палёў. На нарадзе прысутнічалі кіраўнікі розных структур, якім указана на недастатковасць прымаемых мер па навядзенню парадку.
У райцэнтры ў мінулы чацвер працавалі 4 назіральныя камісіі. Адзначалася, што пры паўторным наведванні домаўладанняў гаспадары ўхілілі ўсе парушэнні, якія ім былі дадзены прадпісанні з мэтай папярэджання надзвычайных сітуацый.
У РАУС за тыдзень зарэгістравана 164 факты парушэнняў правапарадку, узбуджана 8 крымінальных спраў, 6 з іх раскрыта. Найбольшы працэнт здарэнняў і парушэнняў – дробязныя крадзяжы.
На нарадзе акцэнтавалася ўвага на выкананні Дэкрэта №18 аб абавязаных асобах, разгледжана шырокае кола камунальных праблем, а таксама пытанні занятасці насельніцтва і аховы працы.
Як адзначыў кіраўнік раёна, недастаткова камунальная служба вядзе рамонт дахавага пакрыцця шматпавярховак у райцэнтры.
На нарадзе разгледжаны калектыўны зварот жыхароў дома №13 па вуліцы Дабравольскага Жыткавічаў, якія паскардзіліся на няякаснае правядзенне рамонту дома. Старшыня райвыканкама за фармальны разгляд пытанняў, якія ўзнімаюць жыхары, даручыў прыцягнуць да адказнасці віноўных службовых асоб, і ў вызначаны тэрмін ухіліць недахопы. Гэтаксама даручана праводзіць штомесячныя сустрэчы з насельніцтвам па мікрараёнах горада і іншых населеных пунктаў.
У цэнтры ўвагі таксама былі пытанні рэалізацыі дзяржаўных праграм. Так, як адзначалася, па праграме развіцця Прыпяцкага Палесся асвоена 43 мільярды рублёў, што адпавядае 29 працэнтам ад гадавога паказчыка. З іх 32 мільярды асвоена па мерапрыемствах ААТ “Тураўшчына” і будаўніцтву малочнага камбіната. Гэтаксама вядзецца будаўніцтва Хільчыцкай САШ, кацельні ў мікрараёне Жыткавічы-1, запланавана рэканструкцыя аб’ектаў культурна-грамадскага прызначэння.
На нарадзе разгледжаны пытанні рэгістрацыі і прыцягнення ў гаспадарчы абарот невыкарыстоўваемых аб’ектаў нерухомасці, а таксама дзейнасць галін вытворчых і сацыяльных сфер.
Па матэрыялах райвыканкама.