У Беразіне – новая ўстанова
Згодна з комплекснай праграмай развіцця сацыяльных паслуг на 2011- 2015 гады ў вёсках раёна плануецца адкрыць 17 сацыяльных пунктаў. Такія ўстановы ўжо працуюць у Цімашэвічах, Навуці, Хвойцы, Пясчаніках, Яміцы, Перароўскім Млынку, Буразі, Бечах, Рыдчы, Відошыне, Тураве, Старых Залюцічах. Трынаццаты пункт адкрыўся нядаўна ў вёсцы Беразіна Людзяневіцкага сельсавета.
У мясцовай бібліятэцы-клубе, дзе і размясцілася новая ўстанова, з нагоды яе адкрыцця сабралася нямала жыхароў населенага пункта. Пра прызначэнне сацыяльнага пункта вяскоўцам падрабязна расказаў намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Уладзімір Гулюта. Як ім было адзначана, людзі тут змогуць атрымаць медыцынскую дапамогу, паслугі камбіната бытавога абслугоўвання, сацыяльнай і іншых службаў, якія будуць працаваць згодна з зацверджаным графікам.
У людзей такая ўстанова, па меркаванню дэпутата Людзяневіцкага сельсавета ад Беразіны і адначасова даверанай асобы сельвыканкама ў гэтым населеным пункце Аляксандра Касцюка, будзе запатрабавана.
— Нават мне, як дэпутату, у пункце сацыяльных паслуг можна будзе ажыццяўляць свае абавязкі, сустракацца з насельніцтвам, вырашаць праблемы, — адзначае Аляксандр Пятровіч, які разам са сваімі выбаршчыкамі прыйшоў на мерапрыемства.— На цяперашні час у Беразіне пражывае 153 чалавекі, з іх трэцяя частка людзі пажылыя. Вельмі добра, што маецца ўстанова, дзе апошнім могуць аказаць дапамогу медыкі. Для дзядуль і бабулек гэта вельмі зручна, не трэба дабірацца ў райцэнтр, або ў бальніцу, што ў Людзяневічах.
Зручнасць для мясцовых жыхароў і ў тым, што ў пункце можна праводзіць сустрэчы з прадстаўнікамі раённых службаў, сельсавета, ладзіць культурныя мерапрыемствы. Як паказала адкрыццё ўстановы, да гэтага насельніцтва Беразіны вельмі ахвочае: любяць людзі пагутарыць пра надзённае жыццё, падзяліцца сваімі думкамі, выказацца па набалелых пытаннях, паслухаць выступленні самадзейных калектываў. Дарэчы, падчас адкрыцця ўстановы вельмі прыхільна сустракалі канцэртныя нумары, якія падрыхтавалі члены аматарскага клуба сацыяльнага цэнтра абслугоўвання насельніцтва.
На тэрыторыі Людзяневіцкага сельсавета налічваецца трынаццаць вёсак. Па словах старшыні Юрыя Волчыка, патрэба ў адкрыцці пунктаў сацыяльных паслуг вельмі вялікая.
— Сустракацца ў некаторых вёсках з насельніцтвам даводзіцца ў сялянскіх дамах, бо там няма ніякіх іншых устаноў сацыяльнай сферы. Гэта і Князь-Бор, дзе цяпер пражывае толькі дзевяць чалавек. Яшчэ маланаселеныя вёскі Вязаў Лес, Загацце, — гаворыць Юрый Аляксандравіч. — Забяспечваць належны ўзровень жыццядзейнасці людзей, вырашаць іх пытанні патрэбна і ў такіх невялікіх вёсачках. Вось такія ўстановы, як адкрылася ў Беразіне, і дапамогуць наблізіць розныя паслугі да жыхароў.
Пункт сацыяльных паслуг у Беразіне — гэта першая ўстанова на тэрыторыі Людзяневіцкага сельсавета. Па меркаванню яго кіраўніцтва, іх сетка будзе пашырацца, бо гэта робіцца для зручнасці людзей. І як паказвае практыка, не толькі тут, але і ў іншых сельсаветах. Згодна з праграмай, таксама запрацуюць пункты сацыяльных паслуг у Нова-Леніне, Сукачах, Пластку, Малых Сцяблевічах.