Свая зямля Сачанкі

Споўнілася 75 год з дня нараджэння Барыса Сачанкі


«На Палессі, у паўднёвай яго частцы, прыкладна на рознай адлегласці ад гарадоў  (Мазыр, Рэчыца, Лоеў, Брагін) і рэк (Прыпяць і Днепр), сярод старых лясоў і неабсяжных багністых балот, на вялікай пясчанай выспе стаіць палескае сяло Вялікі Бор. Вялікі Бор — казка майго дзяцінства, першая мая радасць, першы смутак і боль…»


Тут, у гэтай вёсцы, у маі 1936 года  нарадзіўся Барыс Сачанка. Дзяцінства напачатку было, відаць, як і кожнае дзяцінства: поўнае радасці, узбуджанасці проста ад таго, што ты жывеш, поўнае адчування прыгажосці і шчымлівай таямнічасці навакольнага свету, невытлумачальнага імкнення адкрыць, спазнаць невядомае, нязведанае. Потым вайна, выгнанне з чэрвеня 1943 года і аж да мая 1945 года ў Нямеччыну. Страшэнныя, не дзіцячыя выпрабаванні, жахлівыя на ўсё жыццё ўражанні. Праз многа гадоў Сачанка напіша, што вайна прымусіла ўсіх, у тым ліку і многіх яго равеснікаў, «пасталець адразу год на дзесяць, пабачыць жудасць разбурэнняў, голад і няволю». Вяртанне на радзіму, жыццё на роднай зямлі пасля выгнання было сапраўдным шчасцем.


Пройдуць гады, жыццёвыя дарогі павядуць пісьменніка далёка ад Вялікага Бору. Будуць новыя сустрэчы са светам і людзьмі, новыя ўражанні, жыццё паўстане больш багатым і складаным. Але такім сваім, непаўторна прыгожым, прывабліва таямнічым, шчасліва хвалюючым ужо не будзе. Не будзе, безумоўна, і такім жахліва страшным, непадуладным дзіцячаму розуму і ўяўленню, якім было ў часы фашысцкай навалы, у выгнанні. Менавіта там, у тых невытлумачальна складаных у сваёй сутнасці гадах вайною абпаленага дзяціства, успрынятага ўсёй чалавечай існасцю, нават як бы біялагічна, бачыцца першасная жыццёвая крыніца творчасці Сачанкі. Пераважныя яе тэмы, ідэі, вядучыя матывы. I найгалоўнейшы сярод яго матыў свайго і чужога неба.


Раман «Чужое неба» — адзін з самых асабістых твораў Барыса Сачанкі, адкрываецца раздзелам «Вёска майго маленства». Гэта — лірычна ўсхваляванае апавяданне пра родны, бясконца дарагі герою, і аўтару куток зямлі, той куточак, з якога пачынаецца радзіма, адкуль усе дарогі вядуць у вялікі свет жыцця.


«На Палессі, на самым поўдні Беларусі ёсць куточак зямлі, асабліва мілы, дарагі майму сэрцу. Дзе б ні быў я, куды б ні закінула мяне доля, не-не дый згадаю яго. У радасці і ў журбе, з блізкіх і далёкіх дарог я вяртаюся зноў і зноў туды, дзе сярод старых, пракаветных лясоў, вялізных, неабсяжных балот на пясчанай высле раскінулася вёска, у якой я нарадзіўся, у якой жыве і сёння мая маці, жывуць браты. Там, у той вёсцы, у дзедаўскай сялянскай хаце, я ўпершыню адкрыў свае вочы, там сказаў першае сваё слова, зрабіў першыя свае крокі…» Так з апісання родных мясцін у самым пачатку кнігі ўзнікае матыў, настрой роднага неба, роднай зямлі. Ён будзе адчувацца праз увесь твор як адмаўленне матыву, настрой «чужога неба», як крыніца жыццястойкасці і жыццядзейнасці чалавека.


«Чужое неба», пад якім прайшло два гады дзяцінства пісьменніка адчуваецца ўсё жыццё. Яго цяжар, эмацыянальная вастрыня ўздзеяння з гадамі памяншаюцца, але не знікаюць і, відаць, не знікнуць ніколі. Ды ёсць у чалавека сваё, роднае неба. Неба дзяцінства, неба бацькоўскай зямлі. Яно чыстае, блакітнае і празрыстае; яно не гняце чалавека, а ўзвышае, узнімае да жыцця. Паветрам гэтага неба, роднага неба Палесся, насычаны лепшыя творы пісьменніка.


У творчасці Барыса Сачанкі, які ад публіцыстычна-лірычнага захаплення родным кутком зямлі, яго мінулым і сучасным ідзе да глыбокага гістарычнага, сацыяльна-этнаграфічнага ды і філасофскага яго спасціжэння, найбольш прыкметныя і выразныя вехі на гэтым шляху: «Зямля маіх продкаў» — «Чужое неба» — «Вялікі Лес». А палеская быль «Англійская сталь» ці «Дыярыуш Мацея Белановіча»? А «Дзік-бадзяга», «Пакуль не развіднела», «Апошнія і першыя»? У аснове іх жыццёвыя падзеі, што адбываліся на Палессі. Прырода ў іх палеская, героі — людзі з адметнай паляшуцкай псіхалогіяй, сваеасаблівым складам розуму, напоўнены творы паветрам Палесся, якое ўсё насычана водарам лясоў і балот. Такая пісьменнікава «прывязанасць» да роднага кутка зямлі, яго людзей, іх звычаяў і нораваў, да прыроды і гісторыі краю, такая нязменнасць жыццёвых сімпатый надае творчасці пэўнасць, мэтанакіраванасць і ўстойлівасць, з’яўляецца найбольш важнай крыніцай яе жыццёвасці і адметнасці, яе ідэйна-мастацкай глыбіні.


Шмат давялося перажыць, выцерпець Сымону Гарапашку, яго родным, блізкім «Чужое неба». I ў вайну, і пасля вайны. Ды ў складаных жыццёвых стасунках, у няроўным сутыкненні» з жорсткаю сілай абставін надавала ім сілу, веру ў лепшае, іх любоў да роднай зямлі, упэўненасць, што толькі яна ўратуе ад любых нягод. Маці Сымона, напакутаваўшыся на чужыне, сэрцам, думкамі, усёй сваёй істотай імкнецца дадому. «Хай галодныя, хай голыя — абы дома, на зямельцы сваёй, ля свайго поплава, пад сваім небам».


Драматычныя падзеі пра помсту ваўчыцы за загубленых дзяцей, што складаюць рэальную аснову аповесці «Ваўчыца з Чортавай Ямы», набываюць шырокае, шматзначнае гучанне, па сутнасці змест і сэнс прытчы. Пафас твора скіраваны супроць жорсткіх адносін да свету жывой і нежывой прыроды; тактоўна, не назойліва, самой логікай разгортвання падзеі, усім эмацыянальным ладам сцвярджаецца думка: усялякая бяздумная жорсткасць у адносінах да жывога і нежывога навакольнага свету выклікае жорсткасць у адказ, парушае ўсталяваную ў свеце раўнавагу, пэўнасць.


Сачанка — пісьменнік актыўных творчых адносін да сучаснасці. Пра гэта красамоўна засведчылі ўжо творы з першых зборнікаў. Пазней дзейсная мастакоўская актыўнасць не змяншаецца. Яна набывае большае грамадзянскае гучанне, выяўляецца адкрыта. У гэтым сэнсе характэрныя аповесці «Не на той вуліцы» і «Запіскі Занядбайлы».


Пісьменнікам схоплены ў сучасным жыцці, паказаны цікавы тып грамадскіх і чалавечых паводзін, тып шкодны і небяспечны.


У творах Б.Сачанку найперш цікавіць чалавек, які трапляе ў самыя нечаканыя жыццёвыя сітуацыі. Творчасць пісьменніка і прываблівае чытача багаццем жывых чалавечых характараў, разнастайнасцю гісторыі, сітуацый, у прыватнасці, добра адчуваецца ў лепшых Сачанкавых мініяцюрах.


Пісьменнік жыў актыўным грамадскім і творчым жыццём; сучаснасць, зменлівая, рухомая, не пакідала ў спакоі ягонае мастаковае ўяўленне. Адсюль мастакоўская  няўрымслівасць, імкненне да новага, прага пошуку.


Там, дзе ёсць зацікаўленыя адносіны да рэчаіснасці, імкненне асабіста ўмяшацца ў жыццё, сказаць аб ім слова, там можна чакаць адкрыцця, там творчасць будзе пазначана шчырасцю і грамадскасцю. Літаратурны шлях Барыса Сачанкі, лепшыя ягоныя творы яскрава пра гэта сведчаць.


Т. Калабіна, бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі Жыткавіцкай цэнтральнай бібліятэкі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.