Стаўка на ініцыятыўных
У рамках адзінага дня інфармавання насельніцтва інфармацыйна- прапагандысцкая група райвыканкама, якую ўзначальвае старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Какора, сустрэлася з працаўнікамі міжраённага вытворчага ўпраўлення “Жыткавічыміжрайгаз”. Тэма праведзенага мерапрыемства тычылася сёлетняга паслання прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу.
Асноўныя палажэнні паслання прэзідэнта агучыў перад прысутнымі начальнік ідэалагічнага аддзела райвыканама Леанід Валатоўскі. Ён падрабязна распавёў аб тых пераўтварэннях, якія чакаюць нашу дзяржаву ў бліжэйшы час. Яны закрануць кожную сферу жыццядзейнасці і будуць накіраваны на рост дабрабыту людзей, а таксама садзейнічаць умацаванню нашай эканамічнай і палітычнай самастойнасці. Галоўныя ўмовы для гэтага — праяўленне прадпрымальнасці і ініцыятыўнасці, дысцыплінаванасці.
Далей у кіраўніка райвыканкама адбылася зацікаўленая размова з працаўнікамі газавай галіны раёна. Робячы акцэнт на тых пераўтварэннях, якія маюць месца ў нашым раёне, Мікалай Міхайлавіч прывёў шмат прыкладаў станоўчай работы. Найперш, ім было адзначана, як ідзе выкананне на Жыткаўшчыне Дзяржаўнай праграмы па развіццю Прыпяцкага Палесся. Яна дасць моцны штуршок развіццю раёна, бо запланавана нямала зрабіць і ў сацыяльнай сферы, і ў вытворчай. Першыя вынікі гэтай работы ўжо ёсць: здадзена гасцініца, распачата будаўніцтва прадпрыемства па перапрацоўцы малака ў Тураве, там жа заканчваецца будаўніцтва саракакватэрнага дома, жывёлагадоўчай фермы, вядзецца рамонт паліклінікі ў райцэнтры і многае іншае. Яшчэ больш закладзена ў планах. Гэта і будаўніцтва завода па перапрацоўцы рыбы ў райцэнтры, фізкультурна-аздараўленчага комплексу, рамонт бальніцы, кінатэатра і іншых аб’ектаў. Усё гэта палепшыць жыццё людзей. Але, як адзначыў старшыня райвыканкама, не варта спадзявацца толькі на дзяржаву, жыхары павінны самі праяўляць ініцыятыву і прадпрымальнасць. Умовы для гэтага створаны, галоўнае жаданне, каб адкрыць сваю справу. Асабліва будзе вітацца прыватная ініцыятыва, якая накіравана на стварэнне малых вытворчасцей, бо гэта дадатковыя рабочыя месцы. Поле ж дзейнасці тут даволі вялікае, наша краіна яшчэ нямала імпартуе розных тавараў.
Не абышлі ўвагай і тэму добраўпарадкавання райцэнтра. У значнай ступені штуршок для размовы ў гэтым накірунку далі пытанні работнікаў прадпрыемства. Яны тычыліся і рамонту дарог, водазабеспячэння, адлову бадзяжных сабак, вывазу смецця, культуры паводзін у грамадскіх месцах і іншых праблем. Як адзначалася на сустрэчы, пытанні ёсць, але гэта не значыць, што нічога не робіцца. Зыходзячы з фінансавых магчымасцей праца вядзецца. Бяда ў тым, што на ўсё іх не хапае. Разам з гэтым і самі людзі мала клапоцяцца пра навядзенне парадку ў месцах свайго пражывання, усё больш спадзяюцца на дзяржаву, што яна зробіць усё за іх. А дзе ж ініцыятыўнасць саміх жыхароў? Не цяжка ж навесці парадак ля сваёй сядзібы, высадзіць кветкі. У нас жа часам бывае так, што псуюць ужо там, дзе ўсё зроблена належным чынам. Таму старшыня райвыканкама запатрабаваў ад прадстаўнікоў праваахоўных органаў, спецыялістаў камунальнай службы, іншых структур больш актыўна працаваць у гэтым накірунку.
Вялася размова падчас сустрэчы, аб сённяшняй сітуацыі на спажывецкім рынку. Яна з’яўляецца яскравым прыкладам таго, як насельніцтва ўласнымі рукамі стварае сабе праблемы, бяздумна раскупляючы тавары ў магазінах, а пасля прад’яўляе прэтэнзіі ўладзе, што яна не можа стварыць нармальных умоў для жыццядзейнасці. Так, пэўныя недапрацоўкі ў рабоце службаў маюцца, але выпраўляць іх патрэбна разам, сумеснымі намаганнямі. Толькі такім чынам мы зможам узняць і свой дабрабыт, палепшыць сваю бяспеку і ў цэлым усёй нашай дзяржавы. У гэтым і крыецца асноўная ідэя паслання прэзідэнта, на гэта павінны быць скіраваны нашы высілкі.
Інфармацыйна-прапагандысцкія групы райвыканкама сустрэліся ў гэты дзень з працаўнікамі шматлікіх прадпрыемстваў.
С. МІКАЛАЕЎ.