ЖАДАННЕ ПРАЦАВАЦЬ

На малочнатаварным комплексе “Азяраны” адкрытага акцыянернага таварыства “Тураўшчына” працуе нямала спрактыкаваных жывёлаводаў, для якіх дабівацца высокіх вытворчых паказчыкаў з’яўляецца справай звычайнай. У ліку іх і Валянціна Смалянец, якая даглядае на комплексе маленькіх цялят.


У жывёлагадоўлі сельгаспрадпрыемства Валянціна Васільеўна працуе ўжо амаль два дзесяткі гадоў. І за гэты час ніколькі не расчаравалася ў абранай прафесіі. Магчыма звыклася, а магчыма нешта іншае ўтрымлівае жанчыну на ферме. Сакрэта гэтага яна не раскрыла, але расказам пра свой працоўны шлях усё ж пацвердзіла, што, каб дабіцца поспехаў у любой справе, патрэбна абавязкова прызванне. Вучылася ж у свой час Валянціна Васільеўна на повара, але не пайшла працаваць па гэтай спецыяльнасці: спачатку не было вакансій, а потым і сама не захацела. Пайшла на грамадскую ферму. Пачынала даяркай, а потым перакваліфікавалася ў свінарку, дзе рупілася да самага закрыцця калгаснай свінафермы. Апошнія некалькі гадоў яна даглядае цялятак.


Дзе б ні працавала жанчына, заўсёды цвёрда трымалася матчынага наказу: “Як ні цяжка, а старайся выконваць работу сумленна, любі яе, тады і вынікі будуць”. Яшчэ ў самым дзяцінстве пачула гэтыя словы матулі Валянціна Васільеўна. У восем гадоў яна ўжо бегала на ферму да маці, якая працавала даяркай, дапамагаць. Асабліва любіла Валянціна выпойваць малаком маленькіх цялятак. Раней гэтую работу выконвалі даяркі, кожная пэўны тэрмін даглядала цялят, якіх ацялілі каровы з замацаванай групы. Валянціна Смалянец і ўзяла гэты клопат на свае плечы. Маці толькі паспее падаіць карову, а дзяўчынка ўжо з вядзерцамі для выпайкі тут як тут, налье малачка і хутчэй бяжыць да хлеўчукоў з цялятамі. Пакуль маладнячок выпівае сваю порцыю Валянціна пільна сочыць за працэсам: некага з гадаванцаў пагладзіць, а на некага і прыкрыкне злёгку, каб у чужое вядро не лез. Кожнаму цяляці яна абавязкова прыдумляе мянушку. Гэта таксама быў яе абавязак. Менавіта гуляючы, дзяўчынка памяняе ў клетках і падсцілку, прыбярэ там, толькі пасля таго, як пераканаецца, што справа зроблена бездакорна, зноў ідзе да маці. Вось у такіх дзіцячых клопатах і набываліся першыя навыкі. Цяпер пра гэта ўспамінае жывёлавод з непрыхаванай усмешкай, бо задачы перад ёй стаяць намнога сур’ёзнейшыя: дагледзець не дзясятак цялятак, а некалькі соцень.


На цяперашні час Валянціна Васільеўна са сваёй напарніцай абслугоўваюць дзвесце дваццаць галоў маладнячку. Цэлая ферма па ранейшых мерках. Памяшканне для цялят збудавана нядаўна. Тут створаны ўсе ўмовы, каб атрымліваць высокія прывагі. Цяляткі ўтрымліваюцца на мяккай саламянай падсцілцы, маецца дастаткова кармоў, якія даглядчыкі раздаюць строга па вызначанаму распарадку. Падтрымліваюць яны і чысціню ў памяшканні. Усё гэта прыносіць належны плён. Па выніках мінулага года гадаванцы Валянціны Васільеўны прыбаўлялі ў вазе штодзённа ў сярэднім па 850 грамаў. Адзін з найлепшых паказчыкаў па раёну. У гэтым годзе, так бы мовіць, цяляты, якіх даглядае Смалянец, растуць таксама нібы на дражджах. Па 914 грамаў за суткі набіраюць у вазе. А гэта сведчанне прафесіяналізму жывёлавода, яго стараннасці і працавітасці.


— Рэжым працы ў нас даволі напружаны, практычна да позняга вечара даводзіцца быць на комплексе, — расказвае Валянціна Васільеўна, — але, калі жадаеш мець высокія прывагі, дык па іншаму і нельга адносіцца да даручанай справы.


Кіраўніцтва гаспадаркі стараецца падтрымліваць такіх увішных працаўнікоў. Найперш гэта матэрыяльныя стымулы ў выглядзе высокіх заробкаў. Дадатковая падтрымка аказваецца натуральнай аплатай, рознымі паслугамі. Для Валянціны Васільеўны яна не лішняя, бо на ўласным падворку трымае немалую гаспадарку: ёсць карова, свінні, іншая жыўнасць. Здзіўляешся, як толькі паспявае жанчына ўсё да парадку давесці і дома, і на рабоце. Па яе словах, справіцца самой з усім было б даволі складана, а вось, калі падтрымліваюць муж і дзеці, дапамагаюць у надзённых справах усё і атрымліваецца добра.


Такія работніцы як Валянціна Васільеўна Смалянец па прычыне сваёй занятасці не заўсёды заўважаюць тых станоўчых перамен, што зараз адбываюцца на вёсцы, але сваёй працай яны спрыяюць усім тым працэсам па адраджэнню сельскага быту. У іх ёсць самая галоўная якасць – жаданне працаваць і працаваць эфектыўна і вынікова.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.