Социальный опрос: «Што б я змяніў у сваёй вёсцы?»
У кожнага чалавека ёсць запаветныя мары, здзяйснення якіх ён жадае. Жыхарам аграгарадка ленін мы прапанавалі таксама памарыць, але з улікам грамадскіх інтарэсаў. Таму і пытанне наша было такім: “Што б я змяніў у сваім населеным пункце?”. Вось якіх пераменаў чакаюць ленінцы, дзеля паляпшэння жыцця сваіх аднавяскоўцаў:
Інеса Глушань, кіраўнік справамі Ленінскага сельсавета:
— На маю думку, у нашым аграгарадку трэба аднавіць сельгаспрадпрыемства. Нядаўна мы праводзілі апытанне жыхароў вёскі, многія з іх выказаліся за тое, каб у Леніне быў створаны цэх па перапрацоўцы драўніны, як некалі ў ранейшыя гады. Магчыма, патрэбна стварыць вытворчы цэх па перапрацоўцы лясных дароў, якімі вельмі багаты навакольныя лясы. Жыхары аграгарадка вельмі актыўна збіраюць ягады і грыбы. Найперш хацелася б пераменаў у развіцці вытворчага патэнцыялу населенага пункта.
Наталля Гусціновіч, вахцёр Ленінскага навучальна-педагагічнага комплексу:
— Я, напэўна, нічога не змяняла б. Здаецца ў нашым населеным пункце ёсць усё для жыцця людзей. Хаця, можа лепей наладзіла б вываз смецця з падворкаў грамадзян. А то ў нас пакуль праблема з гэтым.
Жанна Мархотка, загадчыца магазіна:
— Лічу, патрэбна на аўтобусным прыпынку збудаваць павільён. У непагоду людзям няма куды схавацца, калі чакаюць аўтобус. Яшчэ неабходна дабудаваць мясцовую царкву. Гэтых зменаў хацелася б найхутчэй.
Ада Рудзінская, старшыня ветэранскай арганізацыі Ленінскага сельсавета:
— Як вёска мяняла свой статус на аграгарадок шмат пераменаў адбылося ў Леніне. Якіх зменаў хацела б я? Каб у населеным пункце, нарэшце, запрацавалі грамадская лазня і пральня. Усё ж значная колькасць пажылых людзей пражываюць у дамах, дзе няма вадаправода. Гэтыя аб’екты значна палегчылі б ім жыццё. Што яшчэ? Дарогі б варта падрамантаваць. Асабіста ад жыхароў чакаю, каб яны актыўней займаліся добраўпарадкаваннем сваіх падворкаў і навядзеннем чысціні ля іх. Дарэчы, мясцовая ўлада сёлета гэтаму пытанню надае вялікую ўвагу.
Людміла Стральчэня, загадчык Ленінскага аддзялення паштовай сувязі:
— Шчыра кажучы, не ведаю. Здаецца ў нашым населеным пункце ўсё ёсць: школа, комплексна-прыёмны пункт, пошта, бальніца, клуб. Бібліятэка, гандлёвыя кропкі, якія належным чынам аказваюць нам паслугі.
С. МІКАЛАЕЎ.