Кулічы да святочнага стала
Не менш за 10 тон здобных кексаў да Вялікадня плануць выпусціць сёлета жыткавіцкія хлебапёкі. “Палескі”, “Пасхальны” і новы “Святочны” з багатай рэцэптурай прадстаўлены ў гэтыя дні ў гандлёвай сетцы раёна. Фармуюцца булкі рознай вагою – ад 300 грамаў да паўкіло. Святочная прадукцыя вытворча-нарыхтоўчага камбіната райспажыўтаварыства ўпрыгожана рознымі пасыпкамі, тэматычна аздоблена і ўпакаваная. Дазволіць сабе адзін з галоўных атрыбутаў Вялікадня могуць людзі з розным кашальком – самая танная булка каштуе каля двух з паловай тысяч рублёў, найдаражэйшая 4700. Першую партыю кексаў выпяклі яшчэ 19 красавіка, але да свята яна не счарствее, тэрмін яе рэалізацыі складае 7 сутак. Каб максімальна задаволіць запыт насельніцтва, вытворча-нарыхтоўчы камбінат сёлета ў паўтара раза павялічыў аб’ём выпуску святочнай здобы. Новае тэхналагічнае абсталяванне, у прыватнасці, сучасная печ, дазваляе не толькі нарошчваць колькасныя параметры, але і паляпшаць якасць вырабляемай прадукцыі.
С. ДАЙНЕКА.