Іх творчасць ад сэрца і душы
Штогадовы фестываль мастацкай самадзейнасці калектываў навучальных устаноў раёна заўсёды праходзіць урачыста, па- святочнаму. Сёлета гэтае мерапрыемства педагогаў стартавала ў пяты раз, і парадавала высокім выканальніцкім майстэрствам удзельнікаў, разнастайным рэпертуарам.
Чарговы фестываль калектываў мастацкай самадзейнасці ўстаноў адукацыі раёна прысвечаны юбілейнай даце — 90-годдзю Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. У нейкай ступені гэта, напэўна, аказала ўплыў на колькасць удзельнікаў.
У двух адборачных турах конкурсу прынялі ўдзел 32 самадзейныя калектывы са школ і дзіцячых садзікаў раёна. Таму старшыні раённага камітэта прафсаюзнай арганізацыі работнікаў адукацыі і навукі Пятру Кальцову было надзвычай прыемна вітаць педагогаў, якія вырашылі песеннай творчасцю адзначыць юбілей свайго прафсаюза.
— Наш фестываль — гэта вялікае свята, якое мае ўжо свае традыцыі, на якім пануе творчасць, што ідзе ад душы кожнага выканаўцы, — адзначалася Пятром Іванавічам. — Імпануе, што з кожным годам расце майстэрства выканаўцаў. Кожны калектыў стараецца падрыхтавацца да выступлення вельмі сур’ёзна і старанна.
Адзначыў узровень падрыхтаванасці педагогаў да такога вялікага мерапрыемства і начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Аляксандр Емяльянаў. Аляксандр Львовіч па-добраму быў уражаны, што жанчыны, якія столькі аддаюць высілкаў у такой важнай дзейнасці як выхаванне падрастаючага пакалення, яшчэ знаходзяць магчымасць, каб прадэманстраваць свае захапленні танцам і песняй, ды яшчэ на такім высокім узроўні. І робяць гэта настолькі выдатна з іскрынкай у вачах і са шчырымі сэрцамі…
Цікава прайшоў першы адборачны тур нумароў. Журы адабрала лепшыя для галоўнага канцэрта, які, па меркаванню старшыні райкама прафсаюза, запланаваны на жнівень-верасень бягучага года. Былі адзначаны сольны выканаўца Канстанцін Кашэвіч (САШ №2 г. Тураў). У намінацыі дуэтаў журы прысудзіла другое месца выканаўцам Еве Собаль і Галіне Клаўшынай з Запясоцкай базавай школы. Трыа з ясляў-сада №2 райцэнтра ў гэтай намінацыі заняло трэцяе месца. Калектыў ясляў-сада №5 г. Жыткавічы і Хільчыцкай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы сталі адпаведна пераможцам і прызёрам у намінацыі групавых спеваў. Адзначаны прызавым месцам і танец калектыва Ленінскага вучэбна-педагагічнага комплексу. Святлана Бічка з Верасніцкай САШ стала лепшай у конкурсе аўтарскай песні. А вось лепшае выкананне песні на беларускай мове прадэманстравала вакальная група з Юркевіцкага вучэбна-педагагічнага комплексу.
Другі конкурсны дзень таксама выявіў шмат талентаў. Адразу высокую планку выканання паставілі педагогі з сярэдняй агульнаадукацыйнай школы №3 райцэнтра. Песня “Дзякуй табе, настаўнік”, якую выканала вакальная група з гэтай установы, прайшла ў фінальны канцэрт у намінацыі «песня», што прысвечана настаўніцкай працы, а таксама самім педагогам. Добры пачын выступоўцаў з трэцяй гарадской школы падтрымалі на сцэне і педагогі з гімназіі. Ансамбль гэтай установы стаў прызёрам у конкурсе групавых спеваў. А настаўніца гімназіі Вольга Лунцэвіч, якая выканала песню “Жадаю”, перамагла ў намінацыі “песня-шлягер”.
Даволі моцным было выступленне калектыва з сярэдняй агульнаадукацыйнай школы №1 райцэнтра. Спачатку парадаваў сваім выканальніцкім майстэрствам дуэт гэтай установы Святлана Сачыловіч і Віктар Кудзелька. Удалы зачын сваіх калег падтрымала Анастасія Матарас. Яны і сталі лепшымі сярод дуэтаў і салістаў.
Не менш яркай на адборы была і танцавальная праграма. Асабліва грацыёзнымі і выразнымі былі кампазіцыі калектываў з сярэдняй агульнаадукацыйнай школы №2 райцэнтра і дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці г.Жыткавічы. Танцавальныя нумары педагогаў з гэтых устаноў былі не толькі пластычнымі і прыгожымі, але яшчэ і добра касцюміраванымі. І гэта не магло не кінуцца ў вочы членам журы, якія і прысудзілі прызавыя месцы калектывам гэтых устаноў за танец. Таксама парадавалі сваім выканальніцкім майстэрствам Святлана Шынкавец з Чырванаборскай САШ, трыа Чырвоненскага ясляў-сада, дуэта Ларысы Сапановіч і Кацярыны Мініч з САШ №2 райцэнтра. Ды і выступленні іншых вымушалі не аднойчы аддзячыць гарачымі апладысментамі педагогаў-артыстаў.
Безумоўна, конкурс на тое і конкурс, што ў ім перамагаюць мацнейшыя. І гэта справядліва. Думаецца, праграма галоўнага канцэрта фестывалю будзе складацца з самых прыгожых нумароў. Арганізатары фестывалю ўдзячны работнікам і кіраўніцтву дзіцячай школы мастацтваў райцэнтра імя У.Будніка, якія дапамаглі адбыцца такому цудоўнаму святу настаўнікаў.
С. БЕЛКА.