Заслуга корманарыхтоўшчыка

Аляксандр Макарэвіч добра ведае цану сялянскай працы. Амаль пятнаццаць гадоў працуе механізатарам на палетках і сенажацях камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Бялёў”, і, па водгуках кіраўніцтва гаспадаркі, робіць гэта старанна і даволі паспяхова.


Мінулы год для Аляксандра Адамавіча быў напружаным як ніколі. Не раз даводзілася рана ўставаць і позна лажыцца, асабліва летам, калі, як кажуць вяскоўцы, летні дзень год корміць. Справа ў механізатара ў такі гарачы час была даволі адказная, нарыхтоўваць на зімоўку грамадскаму статку травяністыя кармы.


У раёне вырашылі стварыць міжгаспадарчы кормаздабываючы механізаваны атрад. У яго склад увайшлі тэхніка і механізатары чатырох суседніх сельгаспрадпрыемстваў: КСУПаў “Бялёў”, “Марохараўскі”, “Чырвоны Бор” і “Дзякавічы”. Перад дырэкцыяй першай гаспадаркі пытанне, каго дэлегіраваць у гэтае вытворчае падраздзяленне, доўга не стаяла – зразумела, Макарэвіча:


— Комплекс замацаваны за ім амаль новы, ды і працаўнік ён старанны і адказны, такі не падвядзе.


Канечне, такі давер для Аляксандра Адамавіча з’яўляецца пацвярджэннем яго прафесійнага майстэрства, але і задумацца вымушае. Як зазначыў механізатар, напачатку, зразумела, вельмі непакоіла, як складуцца справы ў атрадзе, тым больш што з іншых гаспадарак туды таксама вылучылі не менш вопытных майстроў, а горшым быць не хацелася. Але ўсе гэтыя сумненні адпалі адразу, калі распачалі сумесную дзейнасць. Адразу заявілі кормаздабытчыкі аб сабе высокімі вытворчымі паказчыкамі. За дзень, бывала, па цэлай траншэі травяной масы закладвалі.


— Чаму б і не працаваць, калі маецца вялікі аб’ём работы, тэхніка не ламаецца, вырашаюцца станоўча і іншыя пытанні, — разважае Аляксандр Адамавіч. – Ды і калектыў склаўся, пастаянна прыходзілі адзін аднаму на дапамогу. Таму і вынік быў штодзённа.


Размераны гул кормаздабываючых комплексаў і тэхнікі на адвозцы сціхаў на сенажацях толькі тады, калі сонца поўнасцю хавалася за лесам. На цяпло нябеснае свяціла не скупілася, штодня на тэрмометры за трыццаць градусаў набягала. Але механізатары зводнага атрада ведалі добра сваю справу – заклалі чарговую траншэю ў адной гаспадарцы – хутчэй пераязджаюць на сенажаці іншай. Працавалі датуль, пакуль травы першым укосам на ўсіх плошчах не прыбралі. А яны ў гаспадарках адны з самых вялікіх у раёне. Здабыткі не падсумоўвалі, не да іх было, хаця дух саперніцтва ў працы прысутнічаў. У адзін са жнівеньскіх дней для Аляксандра Адамавіча ўвогуле неспадзяваная прыемнасць выйшла. На машынным двары суседняга КСУПа “Чырвоны Бор” яму і калезе па атраду Андрэю Сініла старшыня абкама прафсаюза работнікаў лесу Віктар Крыўко-Красько за плённую працу на сенакосных угоддзях уручыў каштоўныя падарункі. Тады і даведаўся, што на сваім кормаздабываючым комплексе здрабніў больш шасці тысяч тон травяной масы і па гэтым паказчыку займае першае месца ў раённым саперніцтве на нарыхтоўцы кармоў. Але механізатар быў упэўнены, што гэта не канчатковы здабытак і будзе яшчэ справа. Вока працаўніка цешылі густой і высокай сцяной палеткі кукурузы, якія таксама яшчэ патрэбна было ўбраць на кармы. Хаця на той жнівеньскі час зусім іншыя клопаты былі. Аляксандр Адамавіч, акрамя таго, што забяспечваў зялёнымі кармамі грамадскія фермы гаспадаркі, яшчэ працаваў і на збожжаўборачным камбайне. Вось такі рытм працы напружаны: раніцай накосіць на КЗРы травы кароўкам і цяляткам, а днём перасядае на КЗС і малоціць хлеб. Але не зламіўся. Восенню ж зноў да позняга на кукурузных палетках. Тут таксама паказаў на што здатны – яшчэ запісаў на свой вытворчы рахунак больш шасці тысяч тон масы. Агульны здабытак склаў амаль трынаццаць тысяч тон нарыхтаваных кармоў.


Цяпер пра свае летнія і восеньскія высілкі на кармавых угоддзях Аляксандр Адамавіч ніколькі не шкадуе. Зараз на кормазмешвальніку шчодра развозіць кармасумесі па фермах гаспадаркі. Жывёла паядае порцыі сіласу і сенажу вельмі ахвотна. Чым не сведчанне, што працаваў механізатар не толькі на колькасныя паказчыкі, але і праяўляў належны клопат пра якасць будучага корму. І радуюць у гэтыя зімовыя дні жывёлаводаў гаспадаркі кароўкі добрымі надоямі. Бясспрэчна, ёсць заслуга ў гэтым поспеху і Аляксандра Макарэвіча.


Нездарма па выніках корманарыхтоўчай кампаніі мінулага года ён стаў прызёрам у раённым працоўным саперніцтве.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.