ЯНА ЖЫВЕ ГАЗЕТНЫМ РАДКОМ

Ветэраны «Новага Палесся», як ніхто іншы, хварэюць душою за родную газету. Яны ўмеюць і пахваліць, і даць кваліфікаваную параду, і тактоўна пакрытыкаваць…


Усё жыццё Вольгі Сямёнаўны Чысцяковай звязана з перыядычным друкам. У далёкім кастрычніку 1956-га яна ўпершыню пераступіла парог друкарні рэдакцыі васілевіцкай раённай газеты “Сацыялістычная праца”, каб стаць вучаніцай наборшчыка. Удумлівая, спрытная дзяўчына паспяхова асвоіла першую ў жыцці прафесію і была пераведзена як малады спецыяліст на самастойную працу – наборшчыкам. Кіраўніцтва газеты адзначыла: дужа ж граматная дзяўчына ім патрапілася, трэба думаць пра яе прафесійны рост. І калі вызвалілася пасада карэктара, Вользе Сямёнаўне прапанавалі перайсці на іншую пасаду, больш складаную і адначасова адказную.


Быць карэктарам — стылістычна вывяраць, правіць памылкі ў газеце, не маючы адпаведнай адукацыі, бо за плячыма сярэдняя школа — было страшнавата. Здавалася, у першым нумары прапусціць столькі памылак, што і на парог рэдакцыі больш не пусцяць! Але ж такі рашылася. І — справілася. Яе, удумлівую і граматную дзяўчыну, ставілі ў прыклад. Але ж раптам быў скасаваны Васілевіцкі раён, і па рашэнню абкама партыі некалькіх супрацоўнікаў “Сацыялістычнай працы”, у тым ліку і Вольгу, перавялі у Жыткавічы, у глыбінку, у мясцовую газету “Ленінскі шлях”.


У здольны, працалюбівы калектыў журналістаў і тэхнічных работнікаў патрапіла Вольга Сямёнаўна. Хутка здружылася з калегамі. Гэта быў час перамен – з красавіка 1962 года жыткавіцкая раёнка стала называцца “Новае Палессе”. У Жыткавічах яна знайшла сваё шчасце – мужам стараннай дзяўчыны стаў кадравы афіцэр Анатоль Чысцякоў.


14 гадоў жыла газетным радком працалюбівая жанчына. А потым прыйшлося развітацца. Жонка афіцэра вымушана была падначаліцца чарговаму загаду: мужа пераводзілі ў Мазыр.


Пераехалі. Анатоль прадоўжыў службу, а яна пачала шукаць працу. Праз паўгода ўладкавалася ў мазырскую аб’яднаную газету “Камуніст Палесся”. Але не губляла сувязі з жыткаўчанамі: яна іх палюбіла ўсім сэрцам!


Калі ж жыткавіцкую газету сталі рабіць у Мазыры, спатрэбіўся газеце спецыяліст-карэктар, а гэта адбылося ў 1993 годзе, Вольга Сямёнаўна без роздуму вярнулася ў свой родны калектыў. Працавала карэктарам, а апошнія гады – адказным выпускаючым. За дзесяткі год працы ў жыткавіцкай раёнцы яна працавала з сям’ю галоўнымі рэдактарамі, яшчэ столькі было выконваючых абавязкі рэдактара. Але найбольшы перыяд – пад кіраўніцтвам І.Ф. Карповіча (звыш дзесяці гадоў) і У.М. Гаўрыловіча (трынаццаць гадоў). Яна неаднаразова станавілася лепшым работнікам рэдакцыйнай установы, удзельнічала як дэлегат і пераможца ў раённых сходах перадавікоў, адзначана шматлікімі ўзнагародамі, у тым ліку і Ганаровай граматай Міністэрства інфармацыі Беларусі. І цяпер Вольга Сямёнаўна — актыўны памочнік і дарадца маладых газетчыкаў, якія высока ацэньваюць яе падтрымку і дапамогу.


— Мяне радуе, што ў “Новым Палессе” не згубіўся “ланцужок” пераемнасці, — прызнаецца В.С. Чысцякова. — Вельмі добра, калі прыходзіць моладзь, а старэйшае пакаленне вучыць, як трэба працаваць — творча, самааддана. Калі ж традыцыя парушаецца, рэдакцыйная справа застаецца на маладых нявопытных плячах. Мне радасна, што сцяг жыткавіцкай раёнкі не толькі не ўпаў, а заўсёды з гонарам развіваецца. Газета стала значна якасней, чым у мінулыя гады. У ілюстрацыйным плане яна стала ў дзесяткі разоў лепшай. Зразумела, змяніліся самі тэхналогіі. Але што могуць тэхналогіі без творцаў? “Новае Палессе”, дзякуючы апантанасці і адданасці справе яе таленавітага кіраўніцтва, працаздольнага калектыву часцей становіцца каляровай. Прыгожая вёрстка, набор зрабілі яе зусім другой. Зразумела чаму, хоць насельніцтва ў Жыткавіцкім раёне зменшылася больш чым на дваццаць тысяч у параўнанні з савецкім часам, тыраж, як і ў тую пару, часам “заскоквае” за пяцітысячны рубеж. А дасягаць такога чытацкага даверу ўсё складаней – жыццё мяняецца так шпарка… Нялёгкая справа ў газетчыкаў цяпер, нервовая. Але калі аднойчы патрапіў у гэтае кола, то наўрад пакінеш… Лічу, што “Новае Палессе”, а да газеты я прыкіпела душой і сэрцам, цяпер стала самым сапраўдным летапісцам жыцця Жыткаўшчыны. Я жадаю калектыву новых цікавых нумароў і звычайнага чалавечага шчасця!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.