ЯКАСЦЬ НА ПЕРШЫМ ПЛАНЕ

Прыём малака і адгрузка сыравіны на галаўное прадпрыемства, рэалізацыя гатовай прадукцыі ў шырокім асартыменце ў гандлёвай сетцы раёна і горада Жыткавічы, а таксама абслугоўванне жывёлагадоўчай галіны сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна – гэта тыя асноўныя задачы, якія цяпер выконваюцца працоўным калектывам Жыткавіцкага філіяла Калінкавіцкага малочнага камбіната.


Мяркуючы па лічбах мінулагодняй і сёлетняй дзейнасці спраўляецца невялікі калектыў (на прадпрыемстве працуе крыху больш трыццаці чалавек) нядрэнна.


— У мінулым годзе мы нарыхтавалі ў раёне 23597 тон малака, 2144 тоны закуплена малака ў насельніцтва, — расказвае дырэктар філіяла Тамара Сівалобава. — У гэтым годзе плануем закупіць і ў грамадскім, і ў прыватным сектары не менш.


Па словах Тамары Валянцінаўны, прыём малака на цяперашні час гэта не толькі колькасць, але найперш якасць прадукцыі. Таму спецыялісты лабараторыі прадпрыемства пастаянна бываюць на малочнатаварных фермах і комплексах гаспадарак, дзе кантралююць санітарыю малочных блокаў, абсталявання, саміх ферм, а таксама фізіялагічны стан жывёлін. Як зазначыла прыёмшчыца малака Людміла Макарэвіч, у лабараторыі філіяла маецца дастаткова для гэтага спецыяльнага абсталявання: прыборы-аналізатары малака, прыборы для выяўлення антыбіётыкаў, што дазваляе дэталёва ацаніць якасць сыравіны. І гэта дае плён. Адзначым, з усёй колькасці малака, якое прынята філіялам, 23,6 працэнта – гатункам “экстра”, і 69,7 працэнта вышэйшым гатункам. Масавая доля тлушчу ў прынятай сыравіне склала 3,81, бялку – 3,05, што таксама вышэйшая за базісныя паказчыкі.


Кантроль за якасцю малака з’яўляецца толькі адной з састаўных у рабоце, каб на прадпрыемства паступала высокаякасная прадукцыя. Яшчэ адзін важны крок у гэтай справе — тэхнічнае абслугоўванне жывёлагадоўчай галіны. У філіяле маецца для гэтых мэт спецыяльная брыгада. Няхай яна і малалікая, працуе ўсяго два чалавекі — Яўген Аліфяровіч (ён быў удзельнікам нядаўняга раённага злёту перадавікоў) і Анатоль Казлоў, але дапамога гэтых спецыялістаў сельгаспрадпрыемствам раёна даволі адчувальная. Яны абслугоўваюць даільнае і халадзільнае абсталяванне, займаюцца яго рамонтам, калі ўзнікне ў тым патрэба. На 40,2 мільёна рублёў аказана паслуг па рамонту халадзільнага абсталявання членамі брыгады. Для забеспячэння бездакорнай работы даільнага абсталявання за мінулы год на фермы пастаўлена розных матэрыялаў на суму 136,4 мільёна рублёў. Гэта мыючыя і дэзінфіцыруючыя сродкі, сасковая гума, яршы, вёдры, фільтры для ачысткі малака, электрычныя лічыльнікі для уліку малака, малочныя помпы і многае іншае. Работай спецыялістаў брыгады па абслугоўванню жывёлагадоўлі кіраўнік ганарыцца, і ў доказ іх стараннасці і прафесіяналізму дэманструе Грамату ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, якой тыя былі адзначаны на раённых дажынках.


І дагэтуль Жыткавіцкі філіял малочнага камбіната застаецца галоўным пастаўшчыком замяніцеляў цэльнага малака для выпайкі цялят, поліэтыленавай плёнкі, шпагату і іншых неабходных тавараў, якія патрабуюцца для паспяховай работы жывёлагадоўчай галіны сельгаспрадпрыемстваў раёна. Прычым іх колькасць вымяраецца за год некалькімі дзясяткамі тон і тысячамі штук. Усё гэта сведчыць, што філіял з’яўляецца надзейным партнёрам вяскоўцаў, хаця і страціў сваю самастойнасць. Ды і прыбытковая гэта справа ўсё ж.


Моцныя партнёрскія сувязі ў прадпрыемства і з гандлёвымі арганізацыямі раёна. Толькі ў мінулым годзе ў магазіны рознай формы ўласнасці па іх заяўкам філіялам пастаўлена 1773,4 тоны розных малочных прадуктаў. І тут якасць на першым плане, бо стараюцца, каб на гандлёвыя паліцы малочныя прадукты траплялі свежымі. Прычым усе клопаты бярэ на сябе прадпрыемства ад выпіскі таварных накладных і адгрузкі са склада, да дастаўкі ў магазіны. Каб рабіць гэта аператыўней, нават дадаткова набылі яшчэ адну спецыялізаваную машыну.


Нягледзячы на розныя чуткі, працоўны калектыў філіяла жыве і працуе, прычым не толькі над непасрэдна вытворчымі задачамі, але і іншымі пытаннямі, вырашэнне якіх таксама адбіваецца на рабоце. Напрыклад, добраўпарадкаванне вытворчай тэрыторыі. Парадак на ёй – заканамернасць. Кожным наведвальнікам, які заходзіць на тэрыторыю філіяла, адзначаецца старанне жыткавіцкіх малакаперапрацоўшчыкаў у гэтым накірунку дзейнасці і ставіцца ў прыклад іншым. Ды і ў плане энергазберажэння маюцца пэўныя напрацоўкі.


Планы на гэты год застаюцца тымі ж: падрыхтоўка вытворчасці да сезону, вялікая якасць малака і і ўсюды парадак. Канечне, працоўны калектыў спадзяецца на пашырэнне профіля сваёй вытворчасці. Магчыма, гэта ў бліжэйшым будучым так і стане, а пакуль, на жаль, канкрэтнага адказу на гэта не маецца.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.