Суседзі едуць пераняць вопыт

Нядаўна Людзяневіцкі сельскія Саветы наведала дэлегація старшынь сельвыканкамаў з суседняга Петрыкаўскага раёна, якую ўзначальвалі старшыня райсавета Валянцін Рабушок і начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы Сяргей Прыкота. Суседзяў калегі на жыткавіцкай зямлі сустракалі вельмі гасцінна, спевамі і хлебам-соллю, а яшчэ шчодра дзяліліся тым вопытам, які накоплены ў вышэйназваных сельсаветах па добраўпарадкаванню населеных пунктаў. Менавіта за апошнім і прыехалі старшыні Саветаў з Петрыкаўшчыны.


— Пра аграгарадок Людзяневічы я чуў даўно, — гаворыць старшыня Петрыкаўскага райсавета Валянцін Рабушок. — Ведаў, што тут вельмі добра пастаўлена работа па добраўпарадкаванню. Мінулым летам, выпадкова праязджаючы, пераканаўся ў тым асабіста. Хаця і ў нашых населеных пунктах у гэтым плане робіцца нямала, усё ж вырашыў, людзяневіцкі вопыт стане карысным, вось і наведаліся сюды. Яшчэ мая калега Ніна Мікалаеўна Рамановіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў, прапанавала азнаёміцца, як вырашаюць пытанні добраўпарадкавання ў Юркевіцкім сельсавеце. Не прамінем скарыстацца і гэтай магчымасцю.


Сваю працу дэлегацыя пачала з наведвання аб’ектаў сацыяльнай сферы ў Людзяневічах. Пабывалі госці ў прадуктовай краме, бібліятэцы, Доме культуры. Падрабязна кіраўнікі гэтых устаноў расказалі аб сваёй дзейнасці, прадэманстравалі, у якіх умовах яны працуюць.


Не менш гасцей зацікавіла і экспазіцыя з малых архітэктурных формаў, што размешчана ля будынка сельсавета. Дарэчы, за мінулы год і будынак значна папрыгажэў: тут праведзены капітальны рамонт, устаноўлена новая мэбля. У актавай зале старшыня сельвыканкама Юрый Волчык падрабязна расказаў пра тыя напрацоўкі, метады і формы, што прымяняюцца вясковай уладай па навядзенню прыгажосці ў населеных пунктах. Іх шмат. Найперш, у гэтай рабоце стараюцца дайсці да кожнага гаспадара: высылаюцца памяткі, прадпісанні, на некага і пратаколы за развядзенне антысанітарыі складаюцца. Шмат працуюць у гэтым накірунку ўстановы сацыяльна-бытавога прызначэння. У якасці доказу гасцям паказалі тэрыторыю Дзедаўскага сельскага клуба, на якой няма ніводнага пустога месца ад малых архітэктурных формаў. Усе зроблены з падручнага матэрыялу. Пастаянна працуюць рабочыя сельсавета па абкошванню вуліц, устаноўцы архітэктурных формаў, якія вырабляюцца ўласнаручна імі ж. Прыцягваюць да гэтай справы і людзей: высадзіў на вуліцы гаспадар кветкі, даглядае за імі, сельсавет касілкай абкосіць тэрыторыю ля двара. Зробіць гэта бясплатна. Дапамагаюць навесці парадак рабочыя сельсавета і тым, хто гэтага не можа. Але ж стаўка ўсё ж робіцца на свядомасць людзей. Конкурс на лепшы падворак, які праводзіцца мясцовай уладай, з кожным годам павялічваецца колькасць яго ўдзельнікаў. Падчас дэманстрацыі слайдаў госці ўбачылі, як можна ператварыць сваю сядзібу ў райскі куток пры належным старанні і праяўленні фантазіі. У Дзедаўцы члены дэлегацыі пабывалі на такой сядзібе. Калегі Юрыю Аляксандравічу задалі нямала пытанняў. Яны тычыліся і вулічнага асвятлення, і зносу старых будынкаў, і вывазу смецця, і нават, за што сельсавет утрымлівае каня. На ўсе запыты калегі атрымалі вычарпальныя адказы. Не менш плённа працавалі і на тэрыторыі Юркевіцкага сельсавета. Тут таксама цікавіліся добраўпарадкаваннем, але ў тым плане, як мясцовая ўлада працуе, каб прыцягнуць дадатковыя сродкі на вырашэнне гэтых пытанняў. Старшыня сельсавета Алена Шпакевіч адзначыла, што многія мерапрыемствы, якія праводзяцца ўладай, знаходзяць актыўную падтрымку ў насельніцтва. Праводзіцца гэтая праца праз грамадскія аб’яднанні сельсавета, дэпутацкі корпус, стараст населеных пунктаў. Усе гэта вельмі актыўныя людзі, якія і арганізоўваюць насельніцтва на карысныя справы. Дзякуючы мэтанакіраванай рабоце жыхары прымаюць удзел і ў навядзенні парадку на вуліцах, і многае зроблена па абгароджваннню вясковых могілак. Апошняя сумесная акцыя – узвядзенне царквы. Цяпер там запланавана разбіць парк. Зноў жа Алена Іванаўна спадзяецца, што і з гэтым акажуць дапамогу людзі. Цесны кантакт з кіраўніцтвам мясцовай рыбаводчай гаспадаркі таксама дапамагае вырашыць нямала праблем. Напрыклад, рыбгас “Белае” аказаў значную помач Юркевіцкай школе па стварэнню там дзіцячага садзіка. Моцныя сувязі ў сельвыканкама і з замежнымі дабрачыннымі фондамі, якія таксама не застаюцца ў баку ад вырашэння многіх пытанняў. Актыўна сельвыканкам скарыстаўся і магчымасцямі па прыцягненню дадатковых сродкаў на добраўпарадкаванне, прыняўшы ўдзел у праграмах ААН па развіццю тэрыторый, што пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Так, у сасновым бары ля мясцовага Дома культуры з’явілася цудоўная дзіцячая пляцоўка з горкамі, альтанкамі, арэлямі і іншымі атрыбутамі для адпачынку маленькіх дзетак.


Думаецца, убачанае нікога не пакінула з гасцей раўнадушным. Невыпадкова, што падчас развітання Валянцін Рабушок адзначыў, што паездка была надзвычай карыснай і многае з убачанага можна зрабіць і ў сельсаветах Петрыкаўскага раёна.


— Несумненна, гэтая адзнака найлепшае сведчанне таго, наколькі плённа сельвыканкамы раёна і іх актыў працуюць па добраўпарадкаванню населеных пунктаў, — заўважыла Ніна Мікалаеўна Рамановіч, старшыня Жыткавіцкага райсавета дэпутатаў. — Ужо ў хуткім часе мы будзем прымаць дэлегацыю старшынь райсаветаў усёй вобласці, якія азнаёмяцца са станам спартыўнай работы ў Чырвоненскім сельсавеце. Аналагічнае мерапрыемства, толькі па іншай тэматыцы запланавана сёлета і ў Марохараўскім сельскім Савеце. Такія стасункі карысныя і для нас, і іх варта развіваць па ўсіх напрамках нашай дзейнасці. Бо не толькі вучацца госці, але нешта новае атрымліваем ад іх і мы.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.