На агеньчык раённай бібліятэкі
У чытальнай зале Жыткавіцкай раённай бібліятэкі напрыканцы чарговага рабочага дня сабраліся яе актыўныя чытачы, работнікі гэтай установы культуры. Перад прысутнымі выступіла дырэктар цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы Людміла Кронда, якая падсумавала вынікі работы жыткавіцкіх бібліятэкараў за мінулы 2010 год.
Як сказала Людміла Міхайлаўна, фонд цэнтральнай бібліятэкі па стану на 1 студзеня 2011 года складае 55527 экземпляраў, у тым ліку 42271 кніга, 6851 часопіс, 181 газета. За прайшоўшы год кніжны запас прырос 478 новымі выданнямі.
Сярод 52 устаноў сістэмы цэнтральная бібліятэка па праву лічыцца своеасаблівым метадычным цэнтрам, які цесна і творча супрацоўнічае з раённай газетай і мясцовым радыёвяшчаннем, прапагандуе беларускую кнігу, беларускае слова. Плённа працуе тут і публічны цэнтр прававой інфармацыі, ладзяцца ў школах сустрэчы з работнікамі юрыдычнай кансультацыі, даюцца парады правазнаўчага характару. У снежні мінулага года адбыліся ўлазіны ў новы будынак, у новае памяшканне. На змену ручных варыянтаў работы прыходзіць камп’ютэрызацыя.
На працягу 2010 года да юбілейных і памятных дат у цэнтральнай бібліятэцы былі аформлены розныя тэматычныя выставы. Сярод якіх “Чэхаў для ўсіх” (да 150-годдзя з дня нараджэння пісьменніка), “Уладар чароўных фарбаў” (да 200-годдзя беларускага мастака Івана Хруцкага), “Жыткавічы: мінулае і сучаснасць” (да 510-годдзя горада), “Кнігі Беларусі” (выстава новых паступленняў), “Мама, маці, матуля” (да Дня маці), “Беларусь – краіна тваёй будучыні” і другія.
Да 9 мая ў гарадскім парку была праведзена алея памяці “У пераможным маі 45-га”. Наладжаны выставы “З песняй і жартам”, “Ваенная форма 1939 – 1945 гадоў”, “Перамога – ты памяці светлая нітка”. Да Дня Незалежнасці тут была праведзена алея памяці “Пакланюся сваёй Беларусі”, наладжаны літаратурны прыстанак “Квітней, родная краіна!”
Са 123 масавых мерапрыемстваў, праведзеных летась, варта адзначыць вечар сустрэчы з ганаровымі грамадзянамі горада Жыткавічы “Горад лёсаў і надзей”, літаратурна-музычны вечар “Песням тых ваенных гадоў паверце” (да 65-годдзя Перамогі), юбілейны вечар “Чалавек яркага лёсу” (да 85-годдзя Адама Піліпавіча Аліфяровіча, ганаровага грамадзяніна горада Жыткавічы, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны), літаратурную кампазіцыю “Быў! Ёсць! Буду!” (да 80-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча) і другія.
Работнікі цэнтральнай бібліятэкі абслугоўваюць 12 працоўных калектываў, прывозяць ім кнігі на рабочыя месцы. Усяго такім чынам абслугоўваецца 745 чалавек. Дырэктар ЦБС Л. Кронда падзякавала чытачам за вернасць бібліятэцы, кнігам і часопісам і сярод актыўных прыхільнікаў друкаванага слова назвала Віталія Коваля, Святлану Друк, Алену Матросаву, Валянціну Хаміцэвіч, Святлану Хільман, Алега Акаева, Мікалая Качайлу, Аляксандра Салуяна і многіх іншых.
Затым пачалася другая частка мерапрыемства – вечар “Песня стала лёсам”, прысвечаны 70-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна. Яго правялі работніцы бібліятэкі Валянціна Ахрамовіч і Марына Шышанкова.
Так, 12 студзеня 2011 года споўнілася б 70 гадоў Уладзіміру Мулявіну – музыканту-легендзе, куміру некалькіх пакаленняў, народнаму артысту нашай рэспублікі і былога Савецкага Саюза, лаурэату многіх конкурсаў, фестываляў, прэмій ЛКСМБ і ВЛКСМ, кавалеру ордэна Францыска Скарыны.
Песняр пражыў жыццё яркае і нялёгкае, поўнае радасцяў і смутку, чаканняў, перамог і роспачы. Яго таленту хапіла б на цэлую краіну. Ён склаў і праспяваў незлічоную колькасць песень, што ўвайшлі ў залаты фонд нашай культуры. Напэўна, спеў бы яшчэ болей, калі б не трапіўся на яго шляху той ракавы круты паварот, які стаў апошнім у яго жыцці…
Не маючы кансерваторнай адукацыі, Уладзімір Мулявін, звярнуўшыся да беларускай народнай песні, падняў яе на нечуваную раней вышыню, адкрыў усяму свету цудоўную паэзію Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа. Ён стварыў такі непаўторны стыль для “Песняроў”, што іх пазнавалі з першых нот, ці то гэта велічная “Беларусь”, задуменная “Александрына”, сумная “Перапёлачка”, жартоўная “На што бабе агарод”. У тыя гады па сутнасці набылі другое жыццё ў апрацоўцы Мулявіна беларускія народныя песні “Касіў Ясь канюшыну”, “Рэчанька”, “Скрыпяць мае лапці”. З лёгкай рукі “Песняроў” далёка за межамі Беларусі сталі папулярнымі песні “Бярозавы сок”, “Явар і Каліна”, “Рушнікі” ,” Ты мая надзея”.
Больш 30 гадоў моцная, сапраўдная дружба звязвала Мулявіна з беларускім кампазітарам Ігарам Лучанком. Менавіта гэты творчы дуэт падарыў нам такія песні як “Алеся”, “Вераніка”, “Мой родны кут”, “Скажы мне, Ганнулька”, “Жураўлі на Палессе ляцяць”. Асабліва варта адзначыць песню “Спадчына” на словы Янкі Купалы, над якой Уладзімір Георгіевіч працаваў шмат гадоў. І песня ззяла ўсё новымі і новымі гранямі. У канцы 70-х гадоў цяпер ужо мінулага стагоддзя з-пад пяра двух волатаў беларускай музыкі выйшла рок-опера “Гусляр” на вершы Янкі Купалы. І колькі яркіх, нечаканых, нестандартных рашэнняў вынайшлі тады два сябры: музыкант Мулявін і кампазітар Лучанок.
У рэпертуары ўсімі намі любімага беларускага ансамбля шмат песень, напісаных рускімі, беларускімі і ўкраінскімі кампазітарамі. Доўгая творчая, плённая дружба звязала Уладзіміра Мулявіна з маскоўскім кампазітарам Аляксандрай Пахмутавай. У многіх кутках былога Савецкага Саюза ведаюць цудоўную песню “Белоруссия” (на вершы Мікалая Дабранравава), якая, па сутнасці, і стала візітнай карткай “Песняроў”. А як можна забыць пяшчотную, лірычную “Я не могу иначе”, бадзёрую “До третьих петухов».
Мулявін хацеў ісці ў нагу з часам і амаль заўсёды гэта яму ўдавалася. У 1984 годзе, да 40-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, ён напісаў 17 песень на вершы паэтаў-франтавікоў і сучасных беларускіх аўтараў. Яны ўвайшлі ў праграму “Праз усю вайну”, дэбют якой бліскуча прайшоў у Мінску.
Пакуль жыве на планеце музыка, пакуль жыве хоць адзін музыкант, пакуль адчыняюцца дзверы канцэртных залаў, якія напаўняюцца слухачамі, будзе жыць гэтае прозвішча – Мулявін!
С. КУЛАКЕВІЧ.