Гаспадар лясных абшараў

Рабочы гул лесасекі чуваць здалёк: звініць бензапіла, даносяцца стукі сякер і бадзёрыя перазовы людзей. Падыходзім бліжэй і знаёмімся з лесанарыхтоўшчыкамі. Гэта адна з лепшых брыгад Мілевіцкага лясніцтва, якой кіруе Фёдар Данілевіч.


— Так, з аднаго боку прафесія наша рамантычная, — усміхаецца Фёдар Паўлавіч, — птушкі спяваюць, грыбок, ягада побач, працуем на свежым паветры. А з другога – хапае цяжкасцяў нашым хлопцам. Бо нарыхтоўваем дзелавую драўніну як у холад, так і ў спёку. Ды і работу нельга назваць лёгкай у плане фізічным. Толькі да яе мы прызвычаіліся і іншага нам не трэба.


У лясной гаспадарцы гэты клапатлівы, працавіты чалавек шчыруе з 1972 года. Спачатку быў лесніком, а з 1987 года працуе майстрам лесу. На першым плане – пытанні лесаўзнаўлення, догляд за “зялёным сябрам”. Разам з тым трэба выконваць і план па нарыхтоўцы драўніны. І ўсе гэтыя працэсы адсочвае, кантралюе ён – кіраўнік брыгады з шасці чалавек Фёдар Данілевіч. Аб яго адносінах да сваіх службовых абавязкаў красамоўна сведчыць той факт, што ў мінулым годзе напярэдадні прафесійнага свята Фёдару Паўлавічу было прысвоена званне “Майстар лесу 1 класа”.


— Дай Бог, каб усе працавалі так, як ён, — дае кароткі, вычарпальны каментарый нешматслоўны ляснічы Мілевіцкага лясніцтва Юрый Талянін.


У тутэйшым лясніцтве, плошча якога каля дзевяці тысяч гектараў, растуць сасна і бяроза, дуб і елка. Усе даведзеныя заданні тут выконваюцца і перавыконваюцца. Як па лесаўзнаўленні, так і па прамысловай перапрацоўцы. Надзейная заслона пастаўлена лясным пажарам. Актыўную дапамогу лесаводам у пасадцы маладога лесу, нарыхтоўцы шышак, жалудоў, вырабу шпакоўняў і кармушак аказваюць вучні мясцовага школьнага лясніцтва. А да маляўнічага месца адпачынку “Крыніца” з задавальненнем прыязджаюць наведвальнікі не толькі з нашага раёна, а таксама з суседняга Салігорскага і нават з Мінска. Бо да лесу тут не спажывецкія адносіны, ён значыць значна больш, чым толькі крыніца драўніны, ягад і грыбоў. І добры прыклад ва ўсіх гэтых справах падае ён – майстар лесу Фёдар Паўлавіч Данілевіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.