Друкар з вялікай літары

Жыццё змалку не песціла Віктара Ярмаша – простага, зямнога хлапчука з вёскі Кажановічы.. Нарадзіўся ў 1938 годзе, таму басаногае дзяцінства прыпала на цяжкія ваенныя і пасляваенныя гады. Іх ў сям’і было трое дзяцей, бацька працаваў ездавым, маці таксама працавала ў калгасе.


У 1944 годзе група фашыстаў разам з суправаджаючым іх паліцаем непадалёк ад вёскі Ацкаванае расстраляла яго бацьку, што ехаў па сваіх справах на кані. У Віктара Фёдаравіча і цяпер перад вачыма стаіць той бацькаў світэр, звязаны з авечай воўны, і шаснаццаць дзірак у ім ад аўтаматнай чаргі… Так што спадзявацца трэба было на ўласны кавалак хлеба, бо і маці было нялёгка.


Пасля заканчэння васьмі класаў школы вучыўся на сталяра, працаваў у сталярным цэху Жыткавіцкага райпрамкамбіната, адкуль і пайшоў служыць у армію. Пасля 3 гадоў службы нейкі час таксама сталярнічаў, а затым прыйшоў працаваць у друкарню раённай газеты “Новае Палессе”, якая ў той час размяшчалася на вуліцы Фрунзе райцэнтра.


Каля трыццаці гадоў працы аддаў Віктар Фёдаравіч Ярмош друкарні, стаў тут прафесіяналам самага высокага гарту. Ён дасканала асвоіў усе тонкасці друкара, наборшчыка, рэзчыка паперы, ведаў кожны друкарскі станок, усё абсталяванне, як свае пяць пальцаў на кожнай руцэ. Надзейна рамантаваў выйшаўшую са строю тэхніку. І дзякуючы яго старанням, высокаму прафесіяналізму чытач своечасова браў у рукі чарговы нумар газеты з высокім, якасным паліграфічным афармленнем. Тыя, хто працаваў доўгія гады з ім пад адным дахам, помняць Віктара Фёдаравіча як выключна працавітага і сціплага чалавека, які аддаваў перавагу не доўгім размовам, а канкрэтным справам, зробленым на сумленне. Таму і паважалі яго ў калектыве, пераймалі вопыт, прыслухоўваліся да парад і думак гэтага адмысловага друкара, высокага майстра сваёй справы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.