Будзе ў Жыткавічах спартыўная Арэна
Прыемная навіна для аматараў актыўнага ладу жыцця: у Жыткавічах сёлетняй вясной распачнецца будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Размесціцца гэты аб’ект у мікрараёне Азёрны.
Як паведаміў намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Быстрэнка, да красавіка павінна завяршыцца распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі будучага комплексу, пасля чаго непасрэдна і пачнуцца будаўнічыя работы.
Плануецца, што ў новых сценах размесціцца вялікая спартынўная зала, у другой частцы – гімнастычны і атлетычны манежы, трэці блок – крытая пляцоўка – зімой будзе служыць лядовай арэнай, а летам выкарыстоўвацца як ролерная траса.
Узвядзенне фізкультруна-аздараўленчага комплексу – толькі адзін са шматлікіх мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця і компекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся на гэты год.
У планах яшчэ рэканструкцыя і капітальны рамонт такіх аб’ектаў як раённая і стаматалагічная паліклінікі ЦРБ, яе галоўны чатырохпавярховы корпус, кінатэатр “Узыход”, Жыткавіцкая дзіцячая школа мастацтваў, плавальны басейн, праектаванне дэндралагічнага парку на базе ПТВ-182.
Значныя пераўтварэнні закрануць і Тураў. З найбуйнейшых праектаў, што распачнуцца сёлета – будаўніцтва малочнага камбіната і цэха па глыбокай замарозцы гародніны, ягад і садавіны. Першага верасня павінны справіць наваселле і хільчыцкія дзеці з уводам у строй садка на 24 месцы і агульнаадукацыйнай школы на 144 вучні.
С. ШАКАЛЯН.