У ЗАПЯСОЦКАЙ БАЗАВАЙ – ГРАМАДСКІ АГЛЯД ВЕДАЎ
Менавіта такое мерапрыемства праходзіла ў апошні тыдзень студзеня ў Запясоцкай базавай агульнаадукацыйнай школе. Гэта параўнаўча новая форма метадычнай работы, якая спалучае ў сабе не толькі знаёмства са станам выкладання прадметаў і пазакласнай работай, а і элементы кантролю, абмену вопытам. У нейкай ступені гэта аналіз усяго таго, што зроблена ў навучальнай установе, каб вызначыцца з накірункам далейшай педагагічнай дзейнасці настаўніцкага калектыву. Зразумела, што грамадскаму агляду папярэднічала вялікая падрыхтоўчая работа да яго правядзення, якая пачыналася практычна адразу з пачаткам бягучага навучальнага года. А ў гэтыя пяць дзён студзеня настаўнікі і вучні школы паказалі ўсё тое, што было напрацавана і падрыхтавана.
Адкрытыя ўрокі, пазакласныя і выхаваўчыя мерапрыемствы рознага накірунку правялі ўсе настаўнікі школы. Усё, што было зроблена ў невялікім допісе пералічыць немагчыма, але ж некаторыя з урокаў і творчых настаўніцкіх і вучнёўскіх спраў трэба назваць.
Урок біялогіі ў 9 класе “Будова і функцыі органаў дыхання” правяла малады спецыяліст Л.І. Рэкеш, спартакіяду “Дужыя, смелыя, лоўкія, умелыя” настаўнік фізічнага выхавання І.М.Санец, факультатыўныя заняткі ў 1-м класе “Мая Айчына” правяла Г.С. Рай, пазакласнае мерапрыемства ў 3-м класе “Беларускія гаспадынькі” настаўніца К.В. Дарошка, пазакласнае мерапрыемства “З гісторыі школы” правяла Н.С. Ласка, вусны часопіс у 8-м класе “Жыву ў Беларусі” Е.Р. Собаль, гульня-віктарына ў 7 класе “Падарожжа ў краіну здароўя” А.У. Малчанава. Урокі правялі таксама настаўнікі школы А.М. Санец, Н.В. Анішчык, Г.І. Клаўшына, Я.А. Паўлюкавец і іншыя. З педагагічнай творчасцю настаўнікаў, з узроўнем ведаў вучняў знаёміліся калегі, кіраўнікі школы, метадысты вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі.
Падвядзенне вынікаў грамадскага агляду работы школы адбылося ў час семінара кіраўнікоў устаноў адукацыі раёна, які прайшоў на базе школы і ў якім бралі ўдзел дырэктары школ, спецыялісты аддзела адукацыі, прадстаўнікі грамадскасці, жыхары вёскі Запясочча, іншых населеных пунктаў мікрараёна школы, супрацоўнікі ўстаноў культуры. У ходзе семінара адбылася прэзентацыя школы, якую зрабіў яе дырэктар Я.А. Паўлюкавец.
Госці зноў жа наведалі ўрокі і выхаваўчыя мерапрыемствы, азнаёміўшыся з выставай работ вучняў і настаўнікаў “Свет маіх захапленняў”, з экспазіцыяй музея, бралі ўдзел у агульнашкольным мерапрыемстве “Жыві, родная школа”.
А пачаўся семінар з наведвання “Горада майстроў”. Трэба адзначыць, што Тураўшчына здаўна славіцца сваімі майстрамі, якія дасягнулі дасканаласці ў вырабе нейкіх побытавых, а часамі і мастацкіх рэчаў. Вёска Запясочча ў гэтым сэнсе не з’яўляецца выключэннем.
Таму ў горадзе майстроў бралі ўдзел жыхары вёскі, якія паказвалі рэчы, вырабленыя сваімі рукамі. Вось, напрыклад, Майсей Іванавіч Паддубны паказвае кошыкі сваёй работы, драўляныя лыжкі, гаворыць, што яго вырабы экспанаваліся на выставах у Гомелі, Жлобіне, іншых гарадах нашай краіны. Майстар вышыўкі Анастасія Рыгораўна Валюшыцкая распавяла пра гэта рамяство, прадэманстравала рэчы, вышытыя яе рукамі, Валерый Міхайлавіч Ляшкевіч пазнаёміў прысутных з яшчэ дзедаўскімі прыладамі працы, з дапамогай якіх рабілі начоўкі, даўблі лодкі, іншыя патрэбныя ў гаспадарцы рэчы. Былі паказаны ўзоры мэблі, вырабленай сваімі рукамі з мясцовага матэрыялу. Дэманстраваліся снасці, з дапамогай якіх мясцовыя жыхары здаўна лавілі рыбу ў Прыпяці. І настаўнікі, і іншыя жыхары вёскі лічаць, што гэта ўмельства, усе гэтыя рамёствы нядрэнна было б захаваць, перадаць моладзі, таму побач з майстрамі дзеці – вучні школ – гэта ці сын, ці ўнук, ці проста суседскі хлопец ці дзяўчына, якія пераймаюць, вучацца гэтаму ўмельству.
Так сталася, што прайшоўшы грамадскі агляд ведаў супаў з 100-гадовым юбілеем школы. У 1911 годзе ў вёсцы Запясочча было адчынена двухкласнае пачатковае вучылішча і з таго часу школа не перапыняла сваю дзейнасць за выключэннем ваеннага ліхалецця. За сто гадоў яна мела розны статус: спачатку гэта была пачатковая школа, потым няпоўная сярэдняя ці сямігодка, потым васьмігадовая і нарэшце, у цяперашні час, гэта Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Запясоцкая базавая агульнаадукацыйная школа”, у якой вучыцца 85 вучняў, працуюць 17 настаўнікаў з якіх вышэйшую адукацыю маюць 15, сярэднюю спецыяльную – 2, разам з педагогамі дапамагаюць арганізаваць работу школы 12 чалавек тэхнічнага персаналу.
Цяперашні будынак школы ўзведзены ў 1971 годзе на сродкі калгаса “Перамога”, калі яго старшынёй быў М.І. Сяргейчык. Увогуле, калгас “Перамога” і яго старшыня А.І. Мельнікаў, а потым КСУП “Запясочча” кіраўнік С.М. Чыкіда, як шэфы школы, шмат дапамагалі ў арганіазцыі адукацыйнага і выхаваўчага працэсу: падвозілі вучняў у школу транспартам гаспадаркі, за яе кошт ажыццяўлялася гарачае харчаванне дзяцей, выдаткоўвалі сродкі на правядзенне навагодніх святаў, іншыя мерапрыемствы.
Школа працуе над праблемай “Павышэнне якасці адукацыі і выхавання шляхам укаранення ў практыку работы перадавога педагагічнага вопыту, стварэння аптымальных умоў для арганізацыі адукацыйнага працэсу, сацыялізацыі асобы, яе маральнага, інтэлектуальнага, творчага і фізічнага развіцця. Як паказалі дні агляду, гэта праблема паспяхова вырашаецца. Настаўнікі працуюць не толькі на ўроках, для больш глыбокага знаёмства вучняў з асновамі прадмета сваёй цікавасці ў школе арганізавана 30 факультатываў і 7 гурткоў. Да паслуг вучняў камп’ютэрны клас з выхадам у інтэрнэт, спартыўная зала, майстэрня, бібліятэка, сталовая.
Як адзначыла ў сваім выступленні пры падвядзенні вынікаў агляду намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце В.У. Ляшкевіч, школа мае дасягненні ў арганізацыі адукацыйнага і выхаваўчага працэсу, неаднаразова адзначалася на рэспубліканскім, абласным і раённым узроўнях: гэта рэспубліканскі дыплом II ступені за лепшую вясковую школу Рэспублікі Беларусь, абласным дыпломам II ступені за удзел у конкурсе сацыяльных праектаў, прысвечаных сям’і, удзячнае пісьмо рэдактара газеты “Переходный возраст” за ўдзел у конкурсе сачыненняў, прысвечаных 65-годдзю Вялікай Перамогі ў межах акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, дыпломы ІІ ступені за ўдзел у абласной выставе метадычных распрацовак па грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню вучняў. Штогод вучні школы бяруць некалькі дыпломаў, удзельнічаючы ў рэспубліканскіх і абласных прадметных алімпіядах.
Гонар школы – гэта яе настаўнікі і вучні. З удзячнасцю ў час агульнашкольнага мерапрыемства гаварылі яе выпускнікі розных гадоў, пра сваіх настаўнікаў і дзеючых, і тых, хто цяпер на заслужаным адпачынку, і тых, якіх ужо, нажаль, няма разам з намі, яны пайшлі з жыцця. Сваімі ўспамінамі аб рабоце калектывы школы ў ранейшыя часы падзяліліся яе ветэраны, якія адпрацавалі ў Запясоцкай базавай школе па некалькі дзясяткаў гадоў – педагог Н.І. Марозька і прыбіральшчыца М.Т. Струк.
Пра тое, што школа ў Запясоччы закладвае трывалыя веды ў сваіх выхаванцаў, сведчаць яе выпускнікі, якія пасля атрымання базавай, ці агульнай сярэдняй адукацыі паспяхова працягваюць вучобу ў вышэйшых, сярэдніх спецыяльных навучальных установах, прафесійных вучылішчах. Сярод выпускнікоў школы мінулых гадоў шмат спецыялістаў розных галін народнай гаспадаркі. Пра гэта гаварыла ў сваім выступленні на семінары выпускніца школы, метадыст аддзела адукацыі Т.В. Русая, якая прачытала вершы, прысвечаныя роднай школе і роднай вёсцы. Бралі ўдзел у аглядзе выпускнікі школы, я цяпер студэнты вышэйшых навучальных устаноў горада Гомеля Яўген Хмялеўскі, Алена Карась, Віталь Малчанаў. Яны ў свой час не толькі з адзнакай скончылі школу, але былі актыўнымі ўдзельнікамі яе грамадскага жыцця, станавіліся пераможцамі школьнага этапу конкурсу “Вучань года”.
Як заўважыў у сваім выступленні дырэктар САШ №2 г. Турава М.Д. Дарошка, куды большасць выпускнікоў Запясоцкай школы прыходзяць працягваць вучобу ў 10, 11 класах “Усе вашы вучні адзначаюцца актыўным удзелам у жыцці нашай навучальнай установы, ва ўсіх яе справах». І тут высвечваецца ці не самая важная рыса ў рабоце гэтай навучальнай установы: школа ў Запясоччы, акрамя таго, што дае веды, яшчэ і фарміруе душу сваіх выхаванцаў, выхоўвае патрыётаў, актыўных грамадзян краіны. Ці не таму яна ўжо шмат гадоў не мае сярод сваіх вучняў правапарушэнняў.
Школа гэта не толькі ўстанова, якая працуе з дзецьмі Запясочча і навакольных вёсак. Яна выконвае і вельмі важную сацыяльную задачу, самім фактам свайго існавання надае стабільнасці і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні вясковаму соцыуму, з’яўляецца апорай мясцовай улады, пра гэта гаварыў на падвядзенні вынікаў агляду старшыня Верасніцкага сельскага Савета Р.А. Русы. “Ва ўсіх грамадскіх важных справах, якія плануе і ажыццяўляе мясцовая ўлада, удзельнічаюць настаўнікі і кіраўнікі, увесь калектыў школы. У сваю чаргу сельскі Савет аказвае і будзе аказваць калектыву школы дапамогу ў паспяховым вырашэнні яе асноўнай задачы – адукацыі і выхавання дзяцей”.
Сама, з’яўляючыся асяродкам культуры, школа працуе ў цесным кантакце з установамі культуры. Яе вучні наведваюць гурткі, якія працуюць пры Запясоцкім сельскім клубе. І вучні, і настаўнікі з’яўляюцца актыўнымі чытачамі вясковай бібліятэкі. У сваю чаргу і работнікі ўстаноў культуры наведваюць школу. На апісваемай сустрэчы выступіў музычны ансамбль сям’і Абібок вёскі Запясочча.
Зразумела, што грамадскі агляд ведаў гэта такое мерапрыемства, у час якога педагогі, увесь калектыў школы імкнуліся паказаць усё станоўчае, што маецца ў яго рабоце. Але ж гэта не значыць, што няма праблем. І кіраўнікі, і настаўнікі іх не хавалі, пра гэта гаварылася. Ужо сама праца настаўніцкая патрабуе пастаяннага пошуку таму што працуеш з дзецьмі, кожны з якіх уяўляе сабою непаўторную індывідуальнасць і да кожнага трэба падабраць нешта ўласцівае толькі гэтаму дзіцяці каб атрымаць на выхадзе належную аддачу. Таму выраз: «Самаўдасканалянню няма межаў» — гэта і пра педагагічную дзейнасць і настаўнікі Запясоцкай школы гэта добра разумеюць.
У сваім выступленні пры падвядзенні вынікаў агляду дырэктар Я.А. Паўлюкавец адзначыў, што 2011 год для школы юбілейны двойчы: гэта і стогадовы юбілей школе і саракагоддзе, як яна атрымала будынак у якім месціцца і цяпер, а сорак гадоў гэта сталы ўзрост будынак патрабуе ўвагі, рамонту.
Трэба займацца і абнаўленнем, папаўненнем вучэбна-матэрыяльнай базы адукацыйнага і выхаваўчага працэсу.
Калектыў Запясоцкай базавай агульнаадукацыйнай школы скіраваны на вырашэнне ўсіх гэтых задач і ўпэўнены, што пры падтрымцы органаў кіравання адукацыяй, дзяржаўнай улады усе гэтыя пытанні будуць паспяхова вырашацца.
Напрыканцы хочацца пажадаць добрага табе шляху, школа, ў другім стагоддзі свайго існавання.
В. НІКАНОВІЧ.