Пад ручкі з вершыкамі ды прыпеўкамі…
Было гэта некалькі гадоў таму назад. У вялікай зале раённага Дома культуры сваё майстэрства дэманстравалі самадзейныя і народныя гурты Жыткаўшчыны. Іх разнастайныя нумары, сцэнкі і імправізацыі суправаджаліся дружнымі, шчырымі воплескамі шматлікай публікі. Божа мой, які россып талентаў! Але асабліва запала ў душу выступленне частушачніцы Ніны фёдараўны Лінкевіч з вёскі Новыя Мілевічы, якой акампаніраваў на баяне яе сын Вячаслаў. Якія вясёлыя, гарэзлівыя частушкі гучалі са сцэны! Тады падумалася: а хто складае гэтыя “забойныя” прыпеўкі? Няўжо сама галасістая жанчына?
І вось машына імчыць нас па роўнай, заснежанай дарозе ў бок вёскі Новыя Мілевічы. Надарылася наведацца ў гэты аддалены куточак нашага раёна, дык як не наведаць гэтую теленавітую вясковую спявачку, не паразмаўляць з ёю па душах…
Пераязджаем замёрзшую цяпер, пад лядовым панцырам рэчку Случ, пагранічную да 1939 года, па левым беразе якой некалі стаялі чырвонаармейскія, бальшавіцкія стражніцы, паабапал якой людзі жылі напружаным, рэжымным жыццём. Сядзіба Аляксандра Паўлавіча і Ніны Фёдараўны Лінкевіч адразу пры ўездзе ў вёску. На падворку нас сустракае ветлівы, ціхмяны гаспадар разам з рахманымі паляўнічымі сабакамі. Запрашае ў хату. Гасціннай, добразычлівай аказалася і сама Ніна Фёдараўна.
У другой палове дома адразу ў вочы кінуліся баян і бубен, відаць, што жывуць тут песенныя, музычныя душы.
— Крыху пра сябе, як вы і просіце, — расказвае Ніна Фёдараўна. — Я адсюль родам, нарадзілася ў 1945 годзе. У маці было пяцёра дзяцей, як потым і ў мяне. Закончыла дзесяць класаў у Старых Мілевічах, пайшла замуж. Прызнаюся шчыра: усё жыццё марыла быць загадчыцай клуба, але так і не атрымалася. Працавала даяркай у саўгасе, гадавала дзяцей, збірала малако, насіла пошту. Спяваць пачала рана, яшчэ ў школьныя гады выступала ў клубе. Гэта ў мяне ад маці, бабулі і цёткі. А вось вершыкі і частушкі, якія сама сачыняю, не помню, каб у нашым родзе хто складаў. Сцэнкі, байкі нараджаюцца з мясцовага матэрыялу. Нешта пабачу, пачую, сваё дабаўлю, падшліфую. Я ж такая — бывала, іду карову даіць і песні спяваю.
— А як муж ставіцца да вашай творчасці? —
О, ён у мяне малайчына! Ніколі не супраць, калі я разам з нашым народным гуртом “Крыніца” збіраюся ў чарговую паездку з канцэртнай праграмай. Наадварот, дужа хвалюецца, перажывае, каб я добра выступіла ды пажадана яшчэ адзін дыплом ці грамату прывезла. Чакае заўсёды мяне з нецярпеннем. А я тым часам спяваю сваю частушку:
— Ой, старэча — мой скляроз, Давядзе мяне да слёз. І не знаю, хоць звяжы, Дзе мой дзед, а дзе чужы.
У народным гурце “Крыніца” Ніна Фёдараўна працуе мастацкім кіраўніком. Іх тут дзевяць чалавек плюс загадчыца мясцовай установы культуры Наталля Басарановіч. Дзе толькі не пабывалі з канцэртнымі праграмамі тутэйшыя спявачкі, колькі людзей парадавалі задушэўнымі песнямі, частушкамі, гумарыстычнымі сцэнкамі. Гэта вёскі нашага раёна, населеныя пункты суседняга Салігорскага. А Ніна Фёдараўна да ўсяго яшчэ і добра, па-майстэрску б’е ў бубен…
— Вы знаеце, мне здаецца, што калі я спяваю, то мне дапамагае сам Бог, — лічыць гэтая спеўная, таленавітая жанчына. І сыпле чарговую ўласную частушку:
— Я не Ала Пугачова, Я не Вольга Варанец, Як узлезу я на сцэну – Усім зайздроснікам канец.
Варта толькі ўзяць у рукі заслужаныя ўзнагароды Ніны Фёдараўны Лінкевіч. Сярод іх – дыплом “Аўцюкі-2008” Міністэрства культуры ў намінацыі “Прыпеўкі”, дыплом аддзела культуры Жыткавіцкага райвыканкама за раённы фестываль сямейнай творчасці “Ад сям’і з паклонам і надзеяй”, дыплом фестывалю “З крыніц паэтычнай спадчыны” – да 125-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, дыплом “Грай, гармонік!” рэгіянальнага фестывалю гарманістаў палескага краю, дыплом аддзела культуры Любанскага райвыканкама “Грай, гармонік!” – як прыпевачніцы за зберажэнне самабытнай народнай музыкі і многія другія.
Ніна Фёдараўна і Аляксандр Паўлавіч – добрыя гаспадары, працалюбівыя людзі. Трымаюць на падворку каня, восем коз, двое свіней. Да таго ж сам гаспадар – добры пчаляр і паляўнічы, мае калодныя вуллі. А спакой і павага, душэўная раўнавага, несумненна, садзейнічаюць паспяховаму выступленню Ніны Фёдараўны Лінкевіч як на шматлікіх сцэнах і пляцоўках Жыткаўшчыны, так і за яе межамі.